На Сенненщине проверили, как соблюдаются требования законодательства по охране труда

Мабільная група, якая кантралюе выкананне правілаў тэхнікі бяспекі і аховы працы на прадпрыемствах раёна, у складзе галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Сяргея Дзернушкова, старшыні Сенненскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Анатолія Ананенкі, інспектара інспекцыі нагляду і прафілактыкі Сенненскага РАНС Аляксандра Конышава, карэспандэнта “ГС” правяла маніторынг захавання бяспечных умоў працы, электра- і пажарнай бяспекі ў рамонтных майстэрнях і зернескладах сельгасарганізацый.

 Члены групы пабывалі ў трох гаспадарках – СУП “Саўгас імя Машэрава”, ААТ “Белая Ліпа” і “Сінягорскае”. Падчас рэйду былі выяўлены тыповыя парушэнні.

Напрыклад, на мехдвары ў саўгасе імя Машэрава рамонт тэхнікі адбываўся на драўляных калодках, што з’яўляецца адным з фактараў, які можа прывесці да вытворчага траўматызму. Такое парушэнне характэрна для ўсіх наведаных гаспадарак.

 У работніка зернесклада ў в.Навасёлкі, занятага на пратручванні насення, не было сродкаў індывідуальнай аховы.

 

На зернесушыльным комплексе ў в.Масоры на пажарным шчыце адсутнічалі першасныя сродкі пажаратушэння, а доступ да скрыні з пяском быў абмежаваны.

 На АЗС у ААТ “Сінягорскае” не ўкамплектаваны пажарны шчыт. Зварачны апарат эксплуатаваўся з парушэннямі: зварачныя кабелі не мелі ізаляцыі, а трымальнік электрода быў самаробны.

 Кіраўнікам арганізацый накіраваны адпаведныя рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

 Анатолій МОСІН.

Фота аўтара.