По итогам прошлого года Ходцевский сельский Дом культуры признан лучшим в Витебской области среди соответствующих сельских учреждений и удостоен премии облисполкома

Па выніках мінулага года Ходцаўскі сельскі Дом культуры прызнаны  лепшым на Віцебшчыне сярод адпаведных вясковых устаноў і ўдастоены прэміі аблвыканкама.

 

— Такая высокая ацэнка нашай дзейнасці не толькі радуе, але і натхняе на новыя творчыя пошукі, — адзначае загадчыца ўстановы Алеся Даукшас. – У мінулым го­дзе мы правялі 246 культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, многія з якіх, несумненна, запомніліся нашым гледачам.  

Асноўнымі напрамкамі дзейнасці Ходцаўскага сельскага Дома культуры з’яўляюцца зберажэнне і развіцце культурна-гістарычнай спадчыны свайго рэгіёну, мерапрыемствы па патрыятычным і духоўным выхаванні, прапаганда здаровага ладу жыцця.

 Пры Доме культуры працуюць 8 клубных аб’яднанняў.  Клуб беларускай нацыянальнай кухні, гульні і фальклору «Хадчаначка» носіць званне “народны”. Яго ўдзельнікі збіраюць, запісваюць  і прапагандуюць самабытныя стравы нашага рэгіёну. З гэтай мэтай праводзяцца экспедыцыі па вёсках, «майстар-класы» па гатаванні традыцыйных беларускіх страў, арганізуюцца святы народнага календара. “Хадчаначка” неаднаразова выстаўляла свае стравы на розных мерапрыемствах раённага ўзроўню, такіх як “Масленіца”, калядны канцэрт у г.Сянно “Льются звуки жизни, счастья и добра, озаряя мысли светом Рождества”. Выязджала з сенненскімі прысмакамі на фестывалі, у прыватнасці, удзельнічала ў “Славянскім бузары ў Віцебску”. 

Сямейны клуб «Сузор’е надзей» наведвае шэсць прыёмных сем’яў. Для іх культработнікі арганізуюць вечары адпачынку, канцэрты мастацкай творчасці, навагоднія агеньчыкі, праводзяць шашачныя турніры сярод сем’яў, мерапрыемствы па здароваму ладу жыцця. Напрыклад да Дня сям’і была падрыхтавана святочная праграма «Калі сям’я разам — і душа на месцы», да Дня абаронцаў Айчыны, Дня жанчын, Дня Маці – канцэрты мастацкай самадзейнасці.

 Шмат увагі работнікі ўстановы надаюць арганізацыі вольнага часу дзяцей, падлеткаў, моладзі. Гэта і віктарыны, і рознаўзроставыя дыскатэкі, і вусныя тэматычныя часопісы. Найбольшае распаўсюджванне атрымалі формы клубных гульнявых праграм “Секрет улётных каникул”, Весёлое настроение», «Щенячий патруль спешит на помощь», тэатралізаваных прадстаўленняў “Свинка Пеппа против пиратов», «Пиратская вечеринка», «Урок бяспекі” і інш.

 Пры Доме культуры працуюць гурткі сольных дарослых і дзіцячых спеваў, дзіцячыя гурткі вышыўкі “Чароўная нітка”, тэатральны і фальклорны. Члены фальклорнага гуртка займаюцца беларускімі танцамі рэгіёну, такімі як «Падэспань», «Нарэчанька», “Ходцаўская кадрыля”.

  Вакальнай групай “Весялуха” праводзіцца сучасны шлюбны абрад «Шчасце і каханне». Трэба адзначыць, што “Весялуха” арганізоўвае незабыўныя святы для вяскоўцаў, актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці раёна – амаль ніводнае раённае мерапрыемства не абыходзіцца без гэтага цудоўнага калектыву.

 З вялікім задавальненнем наведваюць Ходцаўскі сельскі Дом культуры людзі сталага ўзросту. Для іх арганізуюцца клубныя сустрэчы, “Вячоркі”, акцыі ў дапамогу ветэранам і інвалідам. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці з канцэртнымі праграмамі наведваюць аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў аг.Ходцы ТЦСАН Сенненскага раёна. 

 Часта ходцаўскіх артыстаў запрашаюць арганізаваць сямейныя святы “З днём нараджэння!”,  “З юбілеем!”,  шлюбныя абрады, народна-абрадавыя святы. 

Ходцаўскі  СДК  сёння ставяць у прыклад іншым за творчы падыход у арганізацыі якаснага адпачынку для вяскоўцаў. У зону яго абслугоўвання ўваходзіць 22 населеныя пункты. Дні вёсак, дзяржаўныя, прафесійныя і фальклорныя святы — да кожнай падзеі ходцаўскія рэжысёры, артысты і выканаўцы абавязкова прыдумваюць што-небудзь эксклюзіўнае. Напрыклад, свята вёскі Навасёлкі “Куточак родны”, сабрала разам прадстаўнікоў  розных пакаленняў. Вяскоўцы ўспомнілі былых землякоў, якія не вярнуліся з фронту. Даніну павагі аддавалі ветэранам сельгасвытворчасці, шмат добрых слоў прагучала і для сённяшніх сумленных працаўнікоў.

  Да дзяржаўных святаў, Дня Перамогі і Дня Незалежнасці, установай культуры былі арганізаваны святы “Помнит мир спасённый”, «Услаўляю цябе, край мой любы”.

 Словам, культработнікі Ходцаўскага сельскага Дома культуры аб’ядноўваюць людзей, вучаць іх раскрываць свае творчыя здольнасці, захоўваць здабыткі нацыянальнай культуры, перадаючы іх сучасным пакаленням.

Ларыса МУКАМОЛАВА.

Фота прадастаўлена Ходцаўскім сельскім Домам культуры.