Почему горят бани?

 У 2019 годзе ў Сенненскім раёне лазні на падворках прыватных асоб гарэлі 12 разоў. Пажары мелі месцы і сёлета. І ўсё па адной простай прычыне – парушаліся правілы эксплуатацыі цеплагенерыруючых агрэгатаў.

 — Хіба аматары папарыцца развучыліся паліць печы? — з гэтага пытання пачынаем размову з Сяргеем Паўлоўскім, першым намеснікам начальніка Сенненскага РАНС, які завітаў у рэдакцыю, занепакоены ростам пажараў.

 — Атрымліваецца — так. Аналіз, зроблены нашымі спецыялістамі, паказвае, што апошнім часам у лазнях змянілася канструкцыя печаў, павялічылася плошча, якая награваецца з выкарыстаннем агню.  Усё часцей у лазнях выкарыстоўваюцца металічныя ці электрычныя печы. У выніку кожная парылка па сутнасці ператвараецца ў аб’ект павышанай небяспекі, бо рызыка перагрэву драўлянай паверхні прыкметна павялічваецца.

 — Што можна парэкамендаваць уласнікам, якія будуць будаваць новыя лазні, рамантаваць тыя, што пацярпелі ў вынікаў пажараў?

 — Для такіх пабудоў існуюць спецыяльныя правілы пажарнай бяспекі. І іх трэба дакладна прытрымлівацца.

 Калі ў вашай лазні будзе металічная печ, купляйце толькі сертыфікаваны выраб заводскай вытворчасці. Кладку, рамонт цагляных печаў давярайце толькі кваліфікаваным спецыялістам. Паверхня падлогі, што знаходзіцца непасрэдна перад дзверцай печы, трэба пакрыць металічным лістом памерам 50х70 см, каб іскры, вугольчыкі, якія іншы раз выпадаюць з топкі, не паслужылі прычынай пажару. Усе драўляныя часткі будынка павінны знаходзіцца на бяспечнай адлегласці ад печы і дымаходаў ці іх трэба ізаляваць пры дапамозе цэглы, азбесту, іншых матэрыялаў, што не гараць.

 — Нярэдка ўзгаранне лазняў пачынаецца са столі, даху. Чаму так адбываецца?

 — Іскры з печы вылятаюць праз любую дзірку, у тым ліку калі яна ўтвараецца ў дымаходзе. А ён, як вядома , праходзіць праз сцены і дах. Да таго ж драўляныя канструкцыі дахаў нярэдка размяшчаюць паблізу ад дымаходаў. Усё гэта і прыводзіць да ўзнікнення пажараў.

 Нагадаю, драўляныя канструкцыі не павінны знаходзіцца бліжэй за 25 см ад керамічных без ізаляцыі труб, ад знешняй паверхні дымаходаў з цэглы – не бліжэй за 13 см. Пры гэтым паверхня цаглянай дымаходнай трубы павінна быць абавязкова паштукатурана гліняным растворам і пабелена. Тады на белым фоне мы зможам лёгка заўважыць узнікаючыя дэфекты.

 Яшчэ адна небяспечная асаблівасць дымаходаў – у іх збіраецца сажа, а потым загараецца. Пры гэтым полымя можа трапіць на столь, перакінуцца на дах. Так што дымаходы трэба рэгулярна чысціць ад сажы і сачыць пры гэтым, каб не было сколаў, выпадзення цэглы.

 — Пералічаныя прычыны ўзнікнення пажараў можна ахарактарызаваць як чалавечы фактар.

 — Сапраўды, гэта так. Аднак у гэтай сувязі прывяду рэальны прыклад. Жыхар нашага раёна не так даўно затапіў печ у лазні, а сам накіраваўся ў госці да суседа. Пакуль яны вялі размовы, лазня загарэлася.

 Гутарыў Аляксандр ІЎЕЎ.