С первых дней Великой Отечественной войны помогали приближать победу наши землячки

З першых дзён вайны дапамагалі набліжаць перамогу нашы зямлячкі. Яны лячылі і ратавалі з палону параненых, былі партызанскімі сувязнымі, змагаліся ў атрадах народных мсціўцаў.

Сёння мы хочам расказаць пра некаторых з іх, карыстаючыся звесткамі кнігі “Памяць. Сенненскі раён”.

Рызызыкуючы жыццём

 Трагічным летам 1941 года пасля жорсткіх баёў за Сянно многія параненыя савецкія воіны аказаліся пад пагрозай палону і смерці. Больш трохсот байцоў і камандзіраў падабралі тады на палях баёў і прывезлі ў сенненскую бальніцу мясцовыя сяляне.

 У медустанове ва ўмовах фашысцкай акупацыі, рызыкуючы ўласнымі жыццямі, ратавалі ад смерці чырвонаармейцаў урач Антаніна Яўстафаўна Ушацкая, медсёстры Ганна і Вольга Хадыка, а таксама сенненскія дзяўчаты, якія добраахвотна ўзяліся дапамагаць медыкам, Валянціна Бярозка, Зоя Касабуцкая і іншыя. Акрамя таго, яны рабілі ўсё магчымае, каб перашкодзіць немцам вывозіць параненых у лагеры для ваеннапалонных. Пад выглядам простых чырвонаармейцаў хавалі ад катаў камандзіраў, камуністаў. З дапамогай жыхароў Сянно, якія часта прыходзілі ў бальніцу, уладкоўвалі савецкіх салдат у сем’і. 

 Многія вяскоўцы прыносілі ў бальніцу хлеб, малако, гародніну, сала, яйкі. Сярод іх была і настаўніца з вёскі Трубаносы Марыя Генрыхаўна Пракаповіч. Але дастаўляла яна не толькі прадукты, а і зводкі Саўінфармбюро з заклікамі ўзнімацца на ўсенародную барацьбу супраць фашыстаў. Калі акупанты ўзмацнілі кантроль за бальніцай, Марыя Пракаповіч праз Антаніну Ушацкую, Аню Хадыка, Валю Бярозка працягвала перадаваць лістоўкі.

 Падлячыўшыся, многія параненыя ішлі ў лес, дзе потым стварылі партызанскі атрад.

 Фашысты заўважылі, што бальніца хутка пусцее. Але ўрач спаслалася на высокую смяротнасць з-за адсутнасці лекаў, прад’явіла немцам карткі ўліку, у якіх усе, хто пакінуў бальніцу, лічыліся памёршымі.

На нейкі час гітлераўцы спынілі праверкі.

 У канцы зімы бальніцу пакінула яшчэ адна група параненых. Фашысты кінулі Антаніну Ушацкую ў лагер смерці. Арышт пагражаў і медыцынскім сёстрам. Ганне Хадыка ўдалося выратавацца ад расправы. Да вызвалення раёна яна ваявала ў партызанскім атрадзе.

Пякучыя лічбы  

 Марыі Еўдакімаўне Латышавай, ураджэнцы в.Савінічы, у першы дзень вайны ў Сенненскай сярэдняй школе ўручылі атэстат. Потым камсамолка, разам з іншымі калгаснікамі, пагнала кароў, каб не дасталіся ворагу, які наступаў. Вяртацца дадому прыйшлося ледзь не з-пад самага Ленінграда, пасля таго, як здалі жывёлу нейкай вайсковай часці.

 У роднай вёсцы, як і ва ўсім раёне, ужо былі немцы. Марыя пачала дапамагаць партызанам. Быў выпадак, калі аднаго з лясных мсціўцаў хавала ў сваёй хаце двое сутак, пакуль ён не змог прабрацца ў атрад.

 14 кастрычніка 1943 года Марыя Латышава па заданні партызан пайшла ў Сянно. Калі ўжо вярталася назад, дагналі немцы, арыштавалі. На допыце прысутнічаў мясцовы паліцай, які даказваў сувязь дзяўчыны з партызанамі. Яе моцна білі, нават не памятала, як апынулася ў камеры. На машыне ў суправаджэнні паліцаяў адправілі ў Віцебск. А праз некалькі дзён пасадзілі на цягнік. Так трапіла ў лагер смерці Асвенцым.

 Былая вязніца пасля ўспамінала: “Адразу ж адабралі дзяцей, у каго яны былі. Нас адправілі ў лазню, абстрыглі і вытатуіравалі нумары. Мой нумар – 69144. Лічбы гэтыя ўсё жыццё са мной, пякуць і сэрца, і памяць. Выдалі яшчэ паласатыя сукенкі, драўляны абутак і накіравалі ў каранцінны барак.

 Кожны дзень ранкам і вечарам – пастраенне і праверка. Немцы на кожнай праверцы збівалі вязняў.

 У лагеры было два крэматорыі, трубы якіх дымілі кругласутачна. Меўся барак смерці, адгароджаны каменнай сцяной, дзе знаходзіліся донары, скалечаныя нямецкімі ўрачамі. Адтуль чуліся галасы, якія на розных мовах выказвалі толькі адну просьбу: піць, піць…

 Вязням давалі па сто грамаў хлеба і адзін раз на дзень баланду. Вечарам баракі зачыняліся, ніхто не мог выходзіць за дзверы.

 Са мной разам знаходзілася Марыя Лісецкая з вёскі Горкі. Яе спалілі ў крэматорыі. Засталіся сіротамі трое яе дзяцей.

 Усё, што давялося там перажыць, гэта страшэнны жах. Кожны дзень чакалі смерці… Успамінаць аб усім перажытым сіл не хапае…

 Аднойчы ўсіх тых, хто яшчэ заставаўся ў жывых, спешна вывезлі з лагера і пагналі невядома куды. Але 2 красавіка 1945 года нас вызвалілі савецкія войскі.

 Два месяцы я працавала ў воінскай часці. Затым знаходзілася ў Брэсце, у размеркавальніку, пакуль не прыйшоў адказ на запыт з месца жыхарства. 15 чэрвеня я была ўжо дома”.

Загінула, але не выдала таварышаў

 У партызанскім злучэнні Аршанскай зоны, што ў ліпені 1942 года аб’яднала Багушэўскую партызанскую брыгаду і брыгаду Заслонава, мужна змагалася камсамолка Шура Грышанава, якая ў 1941-м закончыла сярэднюю школу, — была спачатку сувязной, а потым партызанкай атрада Гарнака.

 Аднойчы ёй было даручана даведацца, што здарылася з партызанскай разведкай у Багушэўску, а таксама перадаць пісьмо кіраўніку падпольшчыкаў. Шура даставіла пісьмо і атрымала шыфроўку, у якой паведамлялася, што немцы рыхтуюць буйныя сілы супраць партызан у раёне паміж Оршай, Віцебскам і Смаленскам. Калі вярталася ў атрад, яе схапілі немцы і знайшлі шыфроўку.

 Фашысты жорстка катавалі дзяўчыну. Яна загінула, але не выдала нікога з падпольшчыкаў і месцазнаходжанне партызан.

 Таццяна БУРАКОВА.