В Сенно приём граждан провёл депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Александр Дубов

 — Сенненскае і Багданаўскае азёры гінуць, забруджваюцца сцёкамі з ачысных збудаванняў,- пенсіянер з Сянна Валерый Макарэвіч прыйшоў на прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Дубава, каб знайсці паразуменне і дапамогу ў вырашэнні глабальнай для рэгіёна экалагічнай праблемы.

 Узнікла яна не сёння і не ўчора. А таму яе наступствы ўсе больш адчувальныя, заўважныя не толькі пры правядзенні даследаванняў. Менш стала рыбных запасаў, знізілася іх разнастайнасць, вада не такая празрыстая, як была. Азёры дэградзіруюць: летам зарастаюць травой, «цвітуць».

 Аб існаванні праблемы вядома мясцовым органам улады, экалагічным службам,ведамству,якое займаецца ўтылізацыяй сцёкаў. Былі і спробы паўплываць на сітуацыю, бо разуменне, як гэта можна зрабіць, ёсць.

 — Умоўна ачышчаныя сцёкі трэба скідваць не ў вадаём, а ў сетку меліярацыйных каналаў, — лічыць Валерый Макарэвіч.

 Але для гэтага яе трэба падоўжыць. Тады сцёкі па каналах, праходзячы дадатковую ачыстку, будуць трапляць у рэчку Крывінка, далей – у Дзвіну. Справа за дробяззю – трэба знайсці грошы на стварэнне праекта, які б абгрунтаваў вышэй прыведзеныя разважанні, і на яго рэалізацыю. За падтрымкай у гэтых клопатах і прыходзіў да прадстаўніка сенненцаў у заканадаўчым органе Валерый Макарэвіч. І не адзін. Для абмеркавання праблемы былі запрошаны Марына Наваковіч, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прадстаўнік Сенненскага ўчастка ААТ «Лепельводаканал» Аляксандр Шыдлоўскі.

 Як далей будзе развівацца сітуацыя, не будзем загадваць. Адно з упэўненасцю можна канстатаваць – Аляксандр Дубаў гатовы падставіць плячо, каб вырашыць лакальную праблему забруджвання азёр. Яна куды шырэй, а яе ігнараванне можа паставіць крыж на Сенненшчыне, якая нароўні з Браслаўшчынай асацыіруецца ў жыхароў нашай краіны, і не толькі, з азёрным краем, дзе можна наталіцца багатай и чыстай прыродай, адпачыць на яе ўлонні. А для раёна гэта яшчэ і эканоміка, бо прывабная прырода спрыяе развіццю турызма, павелічэнню колькасці аграэкасядзіб. Аляксандр Дубаў папрасіў падрыхтаваць і накіраваць аргументаванае пісьмо на адрас камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобальскай катастрофы, аб неабходнасці будаўніцтва меліярацыйнага канала з прадастаўленнем заключэння аб пагаршэнні экалагічнага стану азёр.

 Дарэчы, у дэпутатскай скарбонцы Аляксандра Дубава ўжо ёсць прыклад станоўчага вырашэння праблем сваіх выбаршчыкаў. У час перадвыбарчых сустрэч кандыдату ў дэпутаты Дубаву паступіў наказ ад жыхароў Багушэўска, якія звярнулі ўвагу на расклад руху па чыгуначнай станцыі, у якім тады не значылася хуткага цягніка Віцебск-Мінск. З пачатку новага года па хадайніцтве дэпутата поезд робіць прыпынак у пасёлку, кіруючыся ў сталіцу, і на зваротным шляху.

 Аляксандр Дубаў правёў прыём выбаршчыкаў у Сянне і Нямойце. Да яго звярнулася 5 жыхароў раёна, большасць – па прыватных пытаннях. Звароты узяты на кантроль і будуць вывучацца кампетэнтнымі службамі з улікам заканадаўства і ўсіх абставін. Некаторыя сенненцы звяртаюцца па сваіх праблемах не першы раз у розныя органы ўлады. У чарговы раз яны прыйшлі менавіта да Аляксандра Дубава, памятаючы яго кампетэнтнасць і прынцыповасць па працы ў якасці пракурора Сенненскага раёна.

 Аляксандр ЛАЗЮК.

 Фота аўтара.