На заседании Ходцевского сельисполкома отчёт держал старший участковый инспектор Сенненского РОВД Иван Баранов

За 2019 год у Ходцаўскім сельсавеце зарэгістравана 19 злачынстваў, што на 6 больш чым у 2018 годзе.

Есць сярод іх і цяжкія: захоўванне ўзрыўчатых рэчываў, службовы падлог, рабаванне, катаванне. Тым не менш, дзейнасць старшага ўчастковага інспектара Сенненскага РАУС Івана Баранава на адміністрацыйнай тэрыторыі кіраўніцтвам аддзела ацэньваецца досыць высока. Па паказчыках, якія сведчаць аб эфектыўнасці работы, у яго другі вынік.

 А як ацэньваюць работу ўчастковага інспектара мясцовыя ўлады? На днях Іван Баранаў трымаў справаздачу на пасяджэнні Ходцаўскага сельскага выканаўчага камітэта, у рабоце якога прынялі ўдзел пракурор раёна Ігар Лісоўскі, начальнік Сенненскага РАУС Віктар Пракаповіч.

 Найбольшая колькасць злачынстваў – крадзяжы. З 11 зарэгістраваных чатыры застаюцца не раскрытымі да гэтага часу. Несуцяшальнай статыстыцы спрыяе такая распаўсюджаная ў сельскай мясцовасці праблема, як недастатковая ўмацаванасць вытворчых аб’ектаў сельгасарганізацый, адсутнасць жорсткага кантролю за работай вартаўнікоў. Зразумела, у першую чаргу гэта сфера адказнасці службовых асоб суб’ектаў гаспадарання аграпрамысловага комплексу. Але ці толькі іх? Іван Баранаў і без падказкі разумее — яму таксама трэба працаваць у гэтым накірунку больш настойліва. Як і ў прафілактыцы падлеткавай злачыннасці. У 2019 годзе 3 злачынствы – 2 крадзяжы і ўгон аўтатранспарту — на рахунку непаўналетніх. Здзейснілі іх падлеткі, якія ніколі і нідзе сваімі паводзінамі не выклікалі ў дарослых (бацькоў, педагогаў) трывогі за іх будучыню. Наадварот хлопцы займаліся спортам, наведвалі секцыі і гурткі, удзельнічалі ў грамадскім жыцці школы і населенага пункта. Тым не менш яны за лета здзейснілі некалькі сур’ёзных злачынстваў. Нечаканасць? Не. Хутчэй заканамернасць, якая тлумачыцца так званым пераходным узростам.

 За мінулы год Іван Баранаў накіраваў  у лячэбна-працоўны прафілакторый 5 жыхароў сельсавета, якія злоўжываюць алкаголем. Былі падрыхтаваны дакументы на яшчэ двух асоб. Іх, праўда, вырашылі адлучыць ад зла іншым спосабам – узялі на парукі, папярэдне закадзіраваўшы. Падобная мера прафілактыкі чакана мела толькі часовы эфект. Тых, за каго ўчора паручалася адміністрацыя сельгасарганізацыі і калектыў, запрашалі на нядаўняе пасяджэння савета аховы грамадскага правапарадку. Вяскоўцы парушаюць працоўную дысцыпліну, зноў ужываюць спіртныя напоі.

 Алкаголь нішчыць, ломіць лёсы асобных людзей, сем’яў, быў і застаецца сацыяльным злом, якое ўзрастае ў арыфметычнай прагрэсіі ў асяродку людзей, не маючых жыццёвых мэт, з нізкім узроўнем адукацыі і культуры, непераборлівых, не патрабавальных да этычных і маральных каштоўнасцей. Іван Баранаў, здаецца, разумее гэта, а таму ў прыярытэце антыалкагольная дзейнасць: работа з асобамі, што злоўжываюць спіртнымі напоямі, займаюцца самагонаварэннем, прадаюць спіртаўтрымліваючыя вадкасці. Участковы інспектар не сцвярджаў, што тут дасягнуты поспехі. А вось на думку старшыні сельвыканкама Аляксандра Гардзецкага, калі б не мэтанакіраваная штодзённая работа Івана Баранава, крымінагенная сітуацыя ў сельсавеце была б куды складаней. У заслугу міліяцыянеру паставілі таксама яго ўменне наладжваць кантакты з суб’ектамі прафілактыкі, увагу да сямейна-бытавых праблем, вяскоўцаў, якія адзінока дажываюць век у аддаленах населеных пунктаў.

 Не будзем хаваць, гучалі і іншыя ацэнкі работы Івана Баранава. Прафілактычную работу можна і трэба ўзмацняць, менш фармалізму – рэкамендаваў Ігар Лісоўскі. Больш магчымасцей рэалізаваць гэты пасыл у сельскага ўчастковага інспектара з’явіцца ўжо хутка. У Віцебскай вобласці ў адным з раёнаў паспяхова праходзіць эксперымент па наданні большых паўнамоцтваў участковым інспектарам. Накшталт тых, якімі валодаў вядомы па кінафільмах савецкай пары Аніскін.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 Фота аўтара.