Специалисты метеостанции “Сенно” отмечают, что нынешняя зима характеризуется аномально тёплой погодой

На календары – канец студзеня. А метэаролагі кажуць, што зіма яшчэ і не пачыналася, бо сярэднесутачныя тэмпературы па-ранейшаму ўстойліва паказваюць “плюс”.

 — Сёлетняя зіма характарызуецца анамальна цёплым надвор’ем. Тэмпература паветра, якая пераважала ў нашым рэгіёне ў снежні і студзені, хутчэй характэрная для канца сакавіка — пачатку красавіка, — кажа Марына Вышынская, інжэнер-метэаролаг метэастанцыі “Сянно”. – Па нашых назіраннях глеба прамярзала на 15-20 см толькі ў канцы лістапада. Аднак ужо з 5 снежня яна пачала раставаць.

 Яшчэ адна анамалія сёлетняй зімы – адсутнасць снежнага покрыва. Яно калі і з’яўляецца, то вельмі на непрацяглы перыяд. Праўда, на адсутнасць ападкаў грэх скардзіцца. У 3–й дэкадзе снежня іх выпала, пераважна ў выглядзе дажджу, ажно 54,8 мм, што склала 365% ад нормы. А за ўвесь месяц — 69,3 мм ці 1,5 нормы. Студзень таксама выдаўся даволі вільготны і па ападках перавысіў шматгадовыя стандарты.

 Як такая надзвычай цёплая зіма ўздзейнічае на азімыя расліны, мы таксама пацікавіліся ў Марыны Вышынскай. Пакуль што, лічыць метэаролаг, надвор’е спрыяла азімым культурам, асабліва тым з іх, што былі пасеяны позна. Нягледзячы на гэта, яны добра ўзышлі і, нават, раскусціліся.

 — Расліны фактычна не спынялі вегетацыю, — канстатуе спецыяліст. – Але па гэтай жа прычыне яны расходуюць запасы пажыўных рэчываў. Пры наступленні актыўнай вегетацыі аслабленым пасевам спатрэбіцца ўзмоцненая доза сілкавання. Застаецца высокай верагоднасць пашкоджання раслін у выглядзе вымакання.

 Згодна з доўгатэрміновымі прагнозамі люты таксама будзе цёплы, што безумоўна прыблізіць пачатак палявых работ. Земляробам варта памятаць пра гэта і мець напагатове важкія аргументы, якія дазволяць, як мінімум не страціць ураджай.

 Аляксандр ІЎЕЎ.

Фота аўтара.