На Сенненщине прошло специальное комплексное мероприятие «Внимание – возраст!»

За 11 месяцаў 2019 года на тэрыторыі Сенненскага раёна зарэгістравана 35 злачынстваў, учыненых у адносіне да сталых людзей, што на тры больш, чым за такі ж перыяд 2018 года. Такую сітуацыю не пакінулі без увагі міліцыянеры. Згодна з загадам па  РАУС з 10 па 14 снежня ў раёне прайшло спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – узрост!”

Пасля яго завяршэння мы сустрэліся з начальнікам аддзела Віктарам Пракаповічам, каб пагутарыць.

 — Мэта мерапрыемства зразумелая. Як яна дасягалася?

 — Перш за ўсё мы пастараліся праінфармаваць сталых людзей аб спосабах, якімі карыстаюцца злачынцы, каб дасягнуць сваіх мэт. Нашы ўчастковыя міліцыянеры сустракаліся са сталымі людзьмі па месцы іх жыхарства, пабывалі ў калектывах, каб праз дзяцей, унукаў ветэранаў давесці неабходную інфармацыю.

 — Якія злачынствы ўчыняюцца ў адносіне да сталых людзей часцей за ўсё?

 — У большасці выпадкаў сталых людзей абкрадваюць. Пры гэтым, палова крадзяжоў адбываецца з кватэр шляхам свабоднага доступу. Падобнае здараецца таму, што пацярпелыя пакідаюць адкрытымі ўваходныя дзверы, вокны. Рабіць гэтага не варта, нават пакідаючы кватэру на непрацяглы час, скажам, каб зазірнуць на хвілінку да суседзяў. Актыўна карыстаюцца злодзеі і звычкай пакідаць ключы пад дыванком каля дзвярэй, у паштовай скрынцы, у іншых лёгка даступных месцах. А такое здараецца яшчэ даволі часта.

 Нярэдка злачынцы трапляюць у дамы, кватэры, калі чалавек трапляе ў бальніцу, едзе на працяглы час у госці. Сігналам аб гэтым служаць газеты, што збіраюцца ў паштовай скрыні. Так што прасіце, каб іх у такім выпадку забіралі вашы суседзі. Не лішнім будзе, каб яны назіралі за вашай кватэрай.

 — Нярэдка ў сродках масавай інфармацыі, Інтэрнэце можна пачытаць, як сталых людзей абкрадваюць, можна сказаць, у іх на вачах.

 — Здараецца і такое. Злачынцы з’яўляюцца пад выглядам сантэхніка, знаёмага вашых суседзяў, выпадковых людзей, якія некага шукаюць. Звычайна ў такіх выпадках просяць нешта прынесці, паказаць. Галоўнае, адцягнуць увагу, каб у гэты час выкрасці грошы, каштоўнасці.

 У тых выпадках, калі да вас спрабуюць зайсці незнаёмыя людзі, не пускайце іх на парог, размаўляйце з імі праз зачыненыя дзверы. Калі яны праяўляюць настойлівасць, прадстаўляюцца як работнікі нейкіх службаў, запатрабуйце ў іх дакументы, у крайнім выпадку патэлефануйце знаёмым, родзічам, нарэшце, у міліцыю. І яшчэ адна рэкамендацыя. Калі раптам у кватэры патухла святло, не выходзьце на лесвічную пляцоўку. Магчыма электрычнасць адключылі злачынцы, каб выманіць вас з кватэры.

 — Напярэдадні Новага года злачынцы могуць пераапрануцца і ў Дзеда Мароза, прапаноўваць нейкія тавары, падарункі…

 — Выключыць падобнае таксама нельга. Людзі з сумкамі, якія прапаноўваюць тыя ці іншыя рэчы, лекі па зніжаных цэнах, сапраўды часта ходзяць па пад’ездах, вёсках. Сустракаюцца сярод іх і махляры. Не рэкамендуецца купляць у незнаёмых людзей электрабытавыя і іншыя тавары, разменьваць ім грашовыя купюры. Я ўжо не кажу, што варта адмаўляцца ад прапаноў зняць порчу, набыць аўтамабіль, паліва па заніжаных цэнах. Як правіла, гэта заўжды махлярскія дзеянні. Не пазычайце і грошы, у тым ліку сваім блізкім, знаёмым, родзічам без належнага юрыдычнага афармлення ці хаця б сведкаў. У жыцці ўсялякае бывае.

 — Віктар Іванавіч, калі чалавек усё ж такі стаў ахвярай злачынства. Што трэба рабіць, куды звяртацца?

 — Аб учыненым злачынстве трэба адразу ж, без прамаруджвання, паведаміць у міліцыю. Для гэтага існуе нумар 102. У дзяжурную частку Сянна можна патэлефанаваць па тэлефонах 31-77-302, 59-99-533, у дзяжурную часць Багушэўска — 10-88-102, 59-99-532 (гэта мабільныя тэлефоны). Не бойцеся звяртацца ў міліцыю нават, калі вас запалохваюць, калі вам пагражаюць. Беспакаранасць толькі стымулюе злачынцаў да новых дзеянняў.

Гутарыў Аляксандр ІЎЕЎ.