Праз сайт “раёнкі” на блог юнага краязнаўцы

Аляксандр Бараноўскі  вучыцца ў 11 «А» класе ДАСШ  №1 г.Сянно, марыць паступіць у Ві­цебскі дзяржаўны ўніверсітэт на гістарычны факультэт. І ўжо робіць многае, каб мара стала явай. Займаецца на дадатковых занятках са школьнымі настаўнікамі і рэпетытарамі, самастойна вывучае мінулае Сенненшчыны. Новыя звесткі ён шукае ў  кнігах, сродках масавай інфармацыі, звяртаецца ў архівы і музеі. А нядаўна ў інтэрнэце, на сайце раённай газеты «Голас Сеннешчыны», дзе электронны варыянт кожнага нумара нашага перыядычнага выдання можна прачытаць  раней, як мінімум, на адзін дзень, з’явілася спасылка на  яго блог «Гісторыя Сенненскага раёна».

 — Аляксандр, з’яўленне твайго блога  гэта што — даніна модзе, магчымасць заявіць пра сябе?..

 — І не першае, і не другое. Блог, як я спадзяюся, дапаможа пашырыць мае веды пра мінулае Сенненшчыны. І не толькі мае. Справа ў тым, што нават у кнізе «Памяць», якая прысвечана Сенненскаму раёну, шмат недакладнасцей. Многія важныя падзеі, імёны засталіся  забытымі. Працуючы разам, дапаўняючы вядомую інфармацыю новымі знаходкамі, мы зможам выправіць упушчэнні.

— Якія раздзелы мае блог Аляксандра Бараноўскага?

 — Я тут не арыгінальны. Асабіста мяне на гэтым этапе майго жыцця найбольш цікавяць лёсы землякоў, якія праславілі Сенненшчыну. Таму спадзяюся на папаўненне інфармацыяй у раздзелах  «Архі­тэктурнае мінулае Сенненшчыны», «Героі Сенненшчыны», «Партызаны Сенненшчыны», «Яны выконвалі свой абавязак».

 Возьмем для прыкладу апошні раздзел. У «Памяці» дадзены толькі спісы лю­дзей, якія  прымалі ўдзел у войнах, што вяліся з удзелам  сенненцаў, у Афганістане, іншых краінах свету. Нейкая іншая, больш падрабязная інфармацыя пададзена толькі аб асобных інтэрнацыяналістах. А я спадзяюся, што  блогам зацікавяцца самі ўдзельнікі баявых дзеянняў і нешта паведамяць пра той перыяд свайго жыцця. Не яны самі, дык іх сябры, родныя. У рэшце рэшт, перад намі з’явяцца жывыя лю­дзі.

 Я  вельмі разлічваю на папаўненне рубрыкі «Сенненцы — героі вайны». На ёй змешчаны прозвішчы ўра­джэн­цаў сенненскай зямлі, якія маюць хоць якія дзяржаўныя ўзнагароды за ратныя подзвігі. Але, я ведаю, не ўсіх. Так што давайце дапоўнім і гэты прабел разам.

 Мне падаецца, што многіх сенненцаў, у тым ліку тых, якія сёння жывуць за межамі  раёна і нават Беларусі, зацікавіць раздзел майго блога, які мае назву «Летапіс ДАСШ № 1 г.Сянно»…

 — На якую інфармацыю ты разлічваеш: тэкставую — у форме дакументаў, успамінаў, ілюстрацыйную — фотаздымкаў, відэазапісаў?..

 — Буду ўдзячны за любую. Вялікай розніцы тут няма. Нават афіцыйны дакумент не заўжды стварае аб’ектыўную карціну той ці іншай падзеі, бо яго рыхтуюць людзі  са сваімі сімпатыямі і антыпатыямі. Успаміны сведкаў таксама носяць суб’ектыўны характар. Толькі разам з іншымі сведчаннямі яны даюць поўнае, шматбаковае ўяўленне пра мінулае.

 — Дзякуй, Аляксандр, за размову. Поспехаў табе ў тваіх пачынаннях.

 Гутарыў Л.Іўеў.

  P.S.  http:// senno 1442. blog.tut.by/

 Заходзьце, чытайце, пакідайце каментарыі.