Специалисты районного Центра гигиены и эпидемиологии провели мониторинг ряда объектов торговли

Напярэдадні галоўных свят года спецыялісты раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правялі маніторынг шэрагу аб’ектаў гандлю. З яго вынікамі мы вырашылі пазнаёміць і нашых чытачоў.

 — У першую чаргу мы звярталі ўвагу на харчовую прадукцыю, — расказала Сняжана Мяцеліца, галоўны санітарны ўрач раёна. — Яна напярэдадні Новага года карыстаецца павышаным попытам у пакупнікоў. Каб карціна была аб’ектаўнай, пабывалі ў магазінах райспажыўтаварыства (Універсаме г. Сянно, магазіне №69 г.п. Багушэўск, №107 у Какоўчыне, №110 у Янове, №17 у Нямойце), а таксама ў “Капеечцы”, што адносіцца да сеткавага гандлю, “Прадукты” ТАА “Вымнарэсурс”, што ў Нямойце. Вымушана канстатаваць — ва ўсіх гандлёвых кропках устаноўлены парушэнні патрабаванняў санітарнага заканадаўства.

 У ліку самых распаўсюджаных – рэалізацыя тавараў без маркіроўкі, з няпоўнай інфармацыяй на ярлыках. Зафіксавана тры факты рэалізацыі прадукцыі, тэрмін рэалізацыі якой скончыўся. У адным з магазінаў прадавалі прадукты харчавання з яўнымі прыкметамі псавання, яшчэ ў адным выяўлены парушэнні пры рэалізацыі гатовай прадукцыі. Усе гэтыя факты не засталіся без увагі кантралёраў. З тавараабароту выведзена 15 кг прадукцыі, вынесена тры прадпісанні аб канфіскацыі. Складзены два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях у адносіне да юрыдычных асоб. Панеслі пакаранне і вінаватыя. Яны прыцягнуты як да дысцыплінарнай, так і адміністрацыйнай адказнасці.

 Маніторынг аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання працягнецца, запэўніла Сняжана Мяцеліца. Аднак пакупнікам, лічыць спецыяліст, трэба і самім больш уважліва ставіцца да выбару прадуктаў харчавання. Нават пры абмежаваных фінансах у наш час можна знайсці якасныя і недарагія прадукты.

 Для гэтага трэба карыстацца некаторымі правіламі.

 Звяртайце ўвагу на назву прадукта. Стандартная назва – гэта сінонім якасці. “Тваражок”, “Смятанка”, іншыя падобныя назвы сведчаць аб ненатуральнасці прадукта.

 Аддавайце перавагу тым прадуктам, на якіх указана адпаведнасць ДАСТу, а не тэхнічным умовам (ТУ). Дзяржаўны стандарт гарантуе якасць прадукта і бяспечнасць яго ўжывання.

 Уважліва агледзьце ўпакоўку. Падцёкі на ёй, дэфармаванасць, а тым больш непрыемны пах сведчаць, як мінімум, пра парушэнні ўмоў захавання, правілаў перавозкі.

 Якасны прадукт не можа быць танным. У той жа час наўрад ці трэба гнацца за прадукцыяй сусветных фірм. За брэнд таксама давядзецца плаціць.

 Не захапляйцеся празмерна акцыямі і распрадажамі. Перш чым набыць прадукцыю ўважліва вывучайце яе этыкетку.

 Набывайце прадукты толькі ў спецыяльна ўстаноўленых месцах. Мяса, малочныя прадукты, купленыя на вуліцы, у двары дома, могуць прынесці непрыемнасці не толькі вам, але і вашым гасцям.

«ГС».