В Ходцах прошёл фестиваль фольклорных коллективов учреждений культуры района

У фальклорным фестывалі, які на днях з поспехам прайшоў  у Ходцаўскім СДК, прынялі ўдзел 8 калектываў з усяго Сенненскага раёна.

 Але найбольш цёпла шматлікія мясцовыя гледачы сустрэлі ўдзельнікаў клуба аматараў народнай творчасці з Сянна “Крывія”, якія выканалі Ходцаўскую кадрылю.

 Кадрыля — слова мае французскае паходжанне. А вось танец пад  гэтай назвай у 18-19 стагоддях быў шырока распаўсюджаны ў многіх еўрапейскіх краінах. І паўсюль яго лічылі народным. Праўда і варыятыўнасць танца ўражвае. У Беларусі, напрыклад, у кожнай акрузе пад уплывам мясцовых харэографаў і танцавальных традыцый танец трансфармаваўся, набываў адметнасць і арыгінальнасць. Беларуская Савецкая энцыклапедыя, выдадзеная ў 1971 годдзе, галоўным рэдактарам якой быў Пятрусь Броўка, адзначала, што “на Беларусі зафіксаваны кадрылі ”Ланская”, “Турэйская”, “Смаргонская” , “Воранаўская”, “ З пятага” і іншыя”.

 Існаваў і ходцаўскі варыянт кадрылі. Яго сенненскія патрыёты зараз спрабуюць унесці ў Беларускі спіс нематэрыяльнай культуры. За непрацяглы час удалося аднавіць танец, абудзіць цікавасці да яго ў моладзі. На ходцаўскай сцэне “Крывія” выканала 8 каленаў танца. У 50-60-ыя гады 20 ст. на вечарынках, якія ла­дзіліся ў вёсцы па хатах, маг­лі станцаваць і 12. І не толькі заўзятыя танцоры, а фактычна кожны вясковец. Кадрыля была самым распаўсюджаным, самым модным, як бы зараз сказалі, тацам. На вечарынках здаралася танцавалі кадрылю некалькі разоў. У залежнасці ад колькасці пар танец мог доўжыцца да 1,5 гадзіны.

 — Тым не менш у канцы 60-х Ходцаўская кадрыля, як масавая з’ява, перастала існаваць. З’яўленне радыёлы, тэлебачання, змены ў сацыяльным асяроддзі моцна паўплывалі на псіхалогію вясковага насельніцтва, — лічыць Дзмітрый Зайко, кіраўнік “Крывіі”. — На шчасце кадрыля арганічна ўпісалася ў іншае асяроддзе. Яе носьбітамі сталі ўдзельнікі фальклорнага танцавальнага калектыву Ходцаўскага СДК, створанага колішнім мастацкім кіраўніком установы культуры Марынай Латышавай.

 Зараз яна жыве ў Магілёўскай вобласці. Напярэдадні фальклорнага фестывалю Марыну Латышаву запрасілі ў Ходцы. І яна пагадзілася прыехаць на Сенненшчыну. Аднак у апошні момант нейкія сямейныя абставіны не дазволілі адбыцца чаканай сустрэчы. Затое ў Дом культуры прыйшлі былыя ўдзельнікі гурта, створанага ёй. Івану Дадзеркіну, Тамары Піпкінай ужо за 70. На сцэну яны ўзнімаліся з дапамогай. Але колькі ў іх вачах былога агню, калі яны ўспаміналі Ходцаўскую кад­рылю, сваіх сяброў, з якімі выходзілі таньчыць.

На сцэне Іван Дадзеркін

 — Мы тады аб’ездзілі ўвесь раён, усю вобласць, выступалі на розных фестывалях за межамі Беларусі. І ўсюды нас прымалі на біс.

 А вось у шырокім побыце кадрылю ўжо не танцавалі. Хіба што на вясковых вяселлях людзі старэйшага пакалення маглі тупнуць нагой, каб паказаць моладзі, што такое сапраўдныя танцы, якія аб’ядноўваюць і ў той жа час дазваляюць паказаць сябе, сваю індывідуаль­насць. У пачатку 90-ых Марына Латышава з’ехала з Ходцаў. Але традыцыя, закладзеная ёй, дапамагла захаваць арыгінальны варыянт кадрылі.

 — Ходцаўскую кадрылю тады зноў выратавалі культработнікі. Навыкі таньчыць ад старэйшага пакалення да моладзі перадаваліся праз фальклорныя гурткі, што працавалі ў СДК. А вось з жывога асяродка танец знік канчаткова, — лічыць Дзмітрый Зайко.

 Весці гурток узялася Алеся Даўкшас. Зараз яна ўзначальвае  Ходцаўскі Дом культуры і кіруе фальклорным гуртком. Менавіта ён доўгі час заставаўся адзіным сродам перадачы народнай танцавальнай традыцыі маладому пакаленню. Некалькі год таму за адраджэнне Ходцаўскай кадрылі ўзяўся клуб аматараў фальклору “Крывія”, які працуе пры Сенненскім РЦКіНТ. Ходцаўскую кадрылю на раённым фальклорным фестывалі ў выкананні яго членаў як раз і ўбачылі гледачы.

 — Мэта клуба ў тым, каб не толькі захаваць народныя танцы, іншую народную творчасць, яле і папулярызаваць яе. Мы імкнёмся далучыць да нацыянальнай традыцыі як мага больш людзей, мо­ладзь, — дэкларуе Дзмітрый Зайко. — Тым самым мы выхоўваем пат­рыётаў Беларусі.

 Праца ў гэтым накірунку прыносіць плён. Танцавальны гурт “Крывія” з Ходцаўскай кадрыляй паспяхова выступае на розных сцэнах, яго запрашаюць на фальклорныя фестывалі. Некалькі гадоў запар ён з поспехам выступаў на адной з пляцовак “Славянскага базару”.

 Так сталася, што за непрацяглы час аўтару гэтых радкоў давялося пабываць на некалькіх вяселлях у Мінску. Акрамя традыцыйнага зараз тамады з даволі банальным сцэнарыем гасцей забаўляюць клоуны, музыканты, спевакі ніжэй сярэдняй рукі. Зразумела, якасць абслугоўвання залежыць ад таўшчыні кашалька арганізатараў мерапрыемства і гасцей. Аднак, думаецца, што “Крывія” з Ходцаўскай кад­рыляй успрымаліся больш арганічна на беларускіх вяселлях. А галоўнае, гэта адзін са шляхоў пранікнення народных традыцый і абрадаў  у шырокія масы. Ды і напрацоўкі ў гэтым плане ва ўстанове культуры ёсць.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 Фота аўтара.