В учреждениях образования Сенненщины работают три музея и четыре музейные комнаты

Гэтай публікацыяй мы пачынаем новую рубрыку, у якой будзем расказваць пра музеі, створаныя ва ўстановах адукацыі раёна, пра іх ролю у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.

 Ва ўстановах адукацыі раёна працуюць 3 музеі і 4 музейныя пакоі. Яны афіцыйна зарэгістраваны і адносяцца да музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Іх дзейнасць мае розныя накірункі. Гісторыка-краязнаўчай работай займаюцца музей баявой і працоўнай славы Машканскай ДССШ, музей Багушэўскай СШ, музейныя пакоі Багушэўскай санаторнай і Студзёнкаўскай школ. Экалагічны профіль мае музейны пакой прыроды Студзёнкаўскай ДССШ, мастацкі – сярэдняй школы №1 г. Сянно. 

 Акрамя таго, ва ўсіх установах адукацыі створаны краязнаўчыя куткі, віртуальныя і міні-музеі. Напрыклад, ва ўстановах дашкольнай адукацыі дзейнічаюць міні-музеі “Церамок казак”, “Куток беларускага побыту”, “Ад зярнятка – да хлеба”, “Чароўны свет тэатра”. У Беліцкай, Яноўскай, Багушэўскай санаторнай школах і Сенненскай школе-інтэрнаце функцыянуюць этнаграфічныя куткі, на базе Багданаўскай ДСПШ – куток баявой славы.

 Многім вядома выказванне – без мінулага няма будучыні. Аднак нямала людзей адносяцца да жыцця так, быццам да сённяшняга дня нічога не было. Аднак з цягам часу кожны ўсведамляе, што ён з’яўляецца працягам людзей, якія жылі да яго, што існуюць нейкія ніці сувязі з продкамі, і іх трэба захоўваць.

 Калі чалавек жыве толькі сённяшнім днём, яму вельмі цяжка ўсвядоміць не толькі катэгорыю вечнасці, але і нават катэгорыю будучыні. А той, хто ўсведамляе, што ён з’яўляецца часткай шматгадовай гісторыі, можа ставіць перад сабой глабальныя задачы, вырашэнне якіх працягнуць яго нашчадкі. 

 Гісторыя – гэта частка нашай культуры. Мінулае – не цяжар, а багацце. Нам трэба ведаць і памятаць, як жылі нашы продкі, якія памылкі рабілі, каб самім заставацца людзьмі і патрыётамі сваёй радзімы.

 Дзе ж як не ў школьных музеях пачынаць знаёмства з гісторыяй сваіх каранёў маладому пакаленню.

Думка спецыяліста

 Пытанні арганізацыі і дзейнасці школьных музеяў, якія з’яўляюцца важным сродкам выхавання патрыятызму і грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў, набываюць усё большае значэнне, падкрэслівае галоўны захавальнік фондаў Сенненскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Браніслава Жалтабрухава.

 Школьны музей – гэта, перш за ўсё, вынік краязнаўчай работы педагогаў і навучэнцаў. Фонды такіх музеяў унікальныя, таму што ўтрымліваюць інфармацыю па гісторыі асобнага рэгіёна, расказваюць  пра мірнае жыццё і гераічныя подзвігі землякоў.

 Музеямі ўстаноў адукацыі раёна назапашаны важны гістарычны і краязнаўчы матэрыял. Арыгінальныя помнікі гісторыі, культуры і прыроды, якія захоўваюцца ў іх фондах, уваходзяць у склад Музейнага фонда Рэспублікі Беларусь, а таму падлягаюць дзяржаўнаму ўліку. У сувязі з гэтым Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей аказвае школьным музеям метадычную дапамогу ў арганізацыі работы. Яго супрацоўнікі прымаюць удзел у абучаючых семінарах, якія праходзяць на базе раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, школ раёна. З кіраўнікамі школьных музеяў праводзяцца заняткі па такіх накірунках, як навуковае камплектаванне, арганізацыя уліку і захоўвання музейных калекцый; навуковыя даследаванні на аснове музейных калекцый; стварэнне экспазіцый і выстаў; распрацоўка і правядзенне тэматычных экскурсій.

 На базе раённага музея распрацаваны семінар-вучоба “Асновы экскурсазнаўства”, дзе слухачы атрымліваюць практычныя рэкамендацыі па падрыхтоўцы і правядзенні экскурсій, афармленні неабходнай дакументацыі. Акрамя таго, такія семінары даюць магчымасць выявіць найбольш здольных юных краязнаўцаў-экскурсаводаў, зацікавіць іх захапляючай прафесіяй экскурсавода.

 — Хацелася б, каб краязнаўчая дзейнасць навучэнцаў, пошукавая работа з мэтай камплектавання фондаў школьных музеяў актывізаваліся. Для захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Сенненшчыны музейныя фонды ўстаноў адукацыі павінны пастаянна папаўняцца. А наш музей заўсёды гатовы аказаць метадычную дапамогу сваім калегам, — выказала пажаданне Браніслава Жалтабрухава.

 Таццяна БУРАКОВА.