В Сенно ждут в гости биатлонистов

У Сянне чакаюць у госці біятланістаў. І не толькі сваіх землякоў, алімпійскіх чэмпіёнаў Ірыну Крыўко і Пятра Івашку. Мяркуецца, што ў горад, дзе яны выраслі, сталі ўпершыню на лыжы, прыедуць кіраўнікі Беларускай федэрацыі біятлона, прадстаўнікі Міністэрства спорту.

 Прыедуць з падарункамі, якімі стануць сертыфікаты на спартыўны інвентар і абсталяванне. У праграме гасцей — наведванне спартыўнай школы, базы біятлона, парка 40-годдзя Перамогі, дзе на працягу многіх гадоў трэніруюцца выхаванцы аддзяленняў біятлона і лёгкай атлетыкі Сенненскай ДЮСШАР.

 — Самі па сабе поспехі ў спорце не прыходзяць. Яны заўжды грунтуюцца на асобах кваліфікаваных трэнераў, добрай матэрыяльнай базе. У Сянне яна стваралася не адно дзесяцігоддзе намаганнямі кіраўнікоў раёна, калектываў прадпрыемстваў, грамадскасці, — упэўнены Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

 Сустрэча пройдзе і ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. На яе запросяць трэнераў і выхаванцаў спартыўнай школы, прадстаўнікоў працоўных калектываў.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.