Председатель Витебского облисполкома Николай Шерстнёв провёл пресс-конференцию по итогам уборочной кампании

Зямля на Віцебшчыне не горшая чым у Германіі, у ёй працяглы час утрымліваецца вільгаць. Ва ўмова’х змяншэння колькасці ападкаў гэтай асаблівасцю трэба карыстацца. Але пад надвор’е важна падладзіцца, выказаўся старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў на прэс-канферэнцыі, якая прайшла напярэдадні абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2019” у Браславе.

 

Аднак размова выйшла далёка за рамкі тэмы, датычылася вытворчасці, перспектыў развіцця АПК , эканомікі, сацыяльнай сферы.

 Хлеб, які мы заслужылі

 Кіраўнік вобласці нагадаў, што валавы збор зерневых і зернебабовых культур сёлета склаў 980 тыс. тон, што на 30% больш мінулагодняга. Вырасла і ўраджайнасць, выкананы дзяржаўны заказ. Ёсць поспехі на фоне іншых рэгіёнаў. У разліку на 1 бала-гектар сабрана па 106 кг зерня. Гэты паказчык вышэй толькі ў хлебаробаў Брэсцкай вобласці, дзе сабралі па 112 кг.

 — Але было зроблена ўсё, каб атрымаць іншы, больш багаты  ўраджай, — са шкадаваннем  сказаў Мікалай Шарснёў.

 На палетках было не менш як 1150000 т збожжа. Карэктывы ўнесла надвор’е, таму частку пасеваў давялося скасіць на корм.

 Ідэальнага надвор’я не бывае

 Надвор’е ўплывае на дзейнасць чалавека, адбіваецца на выніках працы. Так было не толькі ў перыяд уборачных работ. Веснавыя палявыя работы сёлета пачаліся, як ніколі рана, арганізавана, нагадаў Мікалай Шарснёў. Аднак потым наступіў перыяд засухі. У некаторых заходніх раёнах дажджоў не было два месяцы. Яны ж перапынялі неаднаразова жніўныя работы.

 — Мы недабралі збожжа, затое вырасла цудоўная кукуруза, бульба, другі ўкос канюшыны, люцэрны, што дазволіла нарасціць вытворчасць малака, -нагадаў Мікалай Шарснёў.

 Дыктатура тэхналогіі

 У кіраўніцтва вобласці ёсць рэцэпты, якія дапамогуць зменшыць залежнасць сельскай гаспадаркі ад надвор’я. На думку старшыні аблвыканкама, сельскагаспадарчыя арганізацыі павінны мець іншую, больш эфектыўную тэхніку. На пасяўных, доглядных работах, на ўборцы павінен працаваць магутны тэхнічны парк, шыроказахопны прычапны інвентар. Менавіта іх наяўнасць дазваляе СГП “Мазалавагаз”, СВК “Ларынаўка” праводзіць асноўныя земляробчыя кампаніі за два тыдні, змяншаць залежнасць ад неспрыяльных умоў надвор’я. А так званыя “палі агранома”, “палі старшыні райвыканкама” павінны пашырацца да памераў сельгасарганізацый, раёнаў.

 Зрухі ў гэтым напрамку маюцца. Сведчанне таму — рост ураджайнасці (на асобных участках яна дасягала да 120 цэнтнераў, па асобных культурах — 80 ), валавага збору зерня. Больш чым па 100 тыс. Т  збожжа намалочана сёлета ў Віцебскім і Аршанскім раёнах. Але, калі для першага з названых рэгіёнаў, па меркаванні Мікалая Шарснёва, гэта пік вытворчасці, то аршанцы і далей могуць нарошчваць валавы збор зерня. Шэраг раёнаў паказаў прырост па зборы зерня ў 140 і больш працэнтаў. У Пастаўскім раёне павялічылі вытворчасць зерня на 169,7 %.

 Матэрыяльная база павінна абнаўляцца і ў жывёлагадоўлі.

 — Працаваць абсалютна тэхналагічна, — вось задача, што пастаўлена перад кадрамі сельскай гаспадаркі ў найбліжэйшы перыяд, — падкрэсліў губернатар.

 Кадравая ідэалогія

 У час размовы некалькі пытанняў датычыліся кадравай палітыкі. Мікалай Шарснёў не хаваў — новыя тэхналогіі лепш, хутчэй засвойваюцца маладымі спецыялістамі. На іх трэба апірацца, незважаючы на магчымыя памылкі.

 — Галоўнае, іх можна навучыць,- падкрэсліў Мікалай Шарснёў.

 Падобныя падыходы распаўсюджваюцца на работу з кіраўнікамі АПК.  Плён дае эксперымент, распачаты ў вобласці летась у жывёлагадоўлі, мэта якога – матэрыяльнае стымуляванне спецыялістаў гаспадарак, дзе дасягнуты рост вытворчасці малака і мяса. На Віцебшчыну сталі пераязджаць заатэхнікі, ветэрынары з іншых абласцей, больш ахвотна згаджаюцца на размеркаванне маладыя спецыялісты.

 — Наша ідэалогія засвойваецца цяжка. Але вынік ёсць, — лічыць Мікалай Шарснёў.

 Зямля не здрадзіць

 Некалі плошча ворыўных зямель на Віцебшчыне складала 1 млн 100 тыс. га. Зараз у севазварот уключана 800 тыс. га. Частка зямель зарасла хмызняком ці забалочана.  За апошнія гады ў вобласці праведзена значная работа па ўключэнні такіх зямель у севазварот. Яшчэ адзін напрамак —  разворванне зямель, што прылягаюць да населеных пунктаў і некалі выкарыстоўваліся вяскоўцамі для вядзення прысядзібнай гаспадаркі, у аддаленых мясцовасцях, паблізу вытворчых аб’ектаў. Каб праграма працавала больш эфектыўна, уводзіцца новая сістэма фінансавання ворыўных зямель, што дазволіць уключаць новыя плошчы ў севазварот з меншымі затратамі.

 Пра фермерства

 — Фермерства на Віцебшчыне развіваецца крайне нездавальняюча, — лічыць Мікалай Шарснёў. У агульным аб’ёме вытворчасці яно займае 0,8%.

 У той жа час на думку старшыні аблвыканкама ў фермерскіх гаспадарак ёсць перспектыва для развіцця. Ужо зараз у іх утрымліваецца 2800 галоў буйной рагатай жывёлы, 1100 кароў. Фермеры намалацілі 12 тыс. тон зерня. Затое ім належыць ільвіная доля ў вытворчасці агародніны: капусты, морквы, бульбы. З дапамогай фермераў можна было б напоўніць гандлёвыя сеткі бараніны, загрузіць работай мехавы камбінат, развіваць “зялёныя” тэхналогіі.

 Вёска будучага

 На Віцебшчыне дбаюць не толькі пра нарошчванне вытворчасці сельгаспрадукцыі. Рэалізуецца 21 сацыяльны праект, у тым ліку фестываль-кірмаш “Дажынкі”.

 Мы павінны стварыць такую інфраструктуру ў вёсцы, якая не будзе саступаць гораду. Тады ў вёсцы будуць жыць і працаваць, лічыць Мікалай Шарснёў. І калі праект “Вёска будучыні” для Віцебшчыны гэта яшчэ нешта аддаленае, то будаваць мэтавае жыллё на вёсцы будуць і далей. У той жа час практыка, калі жыллё для шматдзетных сямей будуецца пераважна ў райцэнтрах, старшыня аблвыканкама ацэньвае са знакам “мінус”. Такім чынам з вёскі вымываецца працоўная сіла.

 “Дажынкі”

 Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі праходзіць пераважна ў раённых цэнтрах. Дзякуючы гэтаму праекту населеныя пункты набываюць не толькі прывабны знешні выгляд. Паляпшаецца якасць жылля мясцовых жыхароў, уводзяцца ў строй многія сацыяльныя аб’екты, якія будуць служыць людзям не адзін год. Сёлета “Дажынкі” пройдуць у Браславе, а вось у наступным годзе – у Віцебску. Дзякуючы ім, у абласным цэнтры мяркуецца завершыць будаўніцтва полацкага пуцеправода, здаць у эксплуатацыю школу ў мікрараёне “Білева” на 1 тысячу месцаў, пабудаваць падземны пераход на скрыжаванні вуліц Броўкі і Будаўнікоў, смеццесартавальны завод, правесці добраўпарадкаванне цэнтра горада. Усё гэта павінна быць зроблена не замінаючы “Славянскаму базару”.

 Прэс-канферэнцыя Мікалая Шарснёва доўжылася больш за дзве гадзіны. Свае пытанні старшыні аблвыканкама змаглі задаць 15 журналістаў, якія прадстаўлялі абласныя і раённыя выданні, рэспубліканскія сродкі інфармацыі.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.