Для жителей района Сенненский филиал по обеспечению топливом областного унитарного предприятия «Витебскоблтоп» является одним из основных поставщиков дров и торфобрикета

Ва ўсякім разе, для людзей сталага ўзросту, бо ў арганізацыі можна набыць дровы, папілаваныя на чурбакі — валькі, як кажуць на Сенненшчыне, — нават, колатыя.

Андрэй Парахонька і Андрэй Абялевіч (справа налева)

 — Бяры і накладвай у печ, — кажа Генадзь Конышаў, дырэктар прадпрыемства, з якім мы сустрэліся напярэдадні Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. – Па-ранейшаму запатрабаваны торфабрыкет, яшчэ адзін від мясцовага паліва.

 

Мовай лічбаў

 З пачатку 2019 года філіял рэалізаваў 5011 м3 дроў, што складае 103% да адпаведнага перыяду мінулага года, у тым ліку колатых – 1405 м3 ці 177% да леташняга.

 Доўгамерныя дровы, пераважна лісцёвых парод дрэў, філіялу пастаўляюць лесавозамі Багушэўскі лясгас і ААТ «Віцебскі лясгас». На вытворчай пляцоўцы яны пілуюцца на чурбакі 40-50 см ці іншых памераў, у залежнасці ад пажадання спажыўца, колюцца і транспартам арганізацыі дастаўляюцца па ўсім раёне.

 

 — Гэта якраз і з’яўляецца асноўным відам дзейнасці філіяла, тлумачыць Генадзь Конышаў. — Асноўная нагрузка па раздзелцы і колцы дроў прыпадае на Андрэя Парахоньку і Андрэя Абялевіча , Васілія Аўфяронка.

 Філіял пастаўляе паліва круглы год. Аднак пік нагрузкі прыпадае на канец трэцяга — чацвёрты кварталы. У гэты перыяд, калі зіма не за гарамі, асабліва шмат заявак і на торфабрыкет.

 — Карыстаючыся магчымасцю, хачу звярнуцца да жыхароў раёна, якія набываюць паліва ў нас, — найлепш заяўку зрабіць у пачатку года. У гэты перыяд яна будзе выканана на працягу двух-трох дзён, — запэўнівае Генадзь Конышаў, — незалежна ад таго, патрэбны вам дровы ці брыкет.

 Дарэчы, торфабрыкет зараз з талачынскага Усвіж-Бука не паступае. Прадпрыемства перапрафіліравана. Дагавор на пастаўку торфабрыкету філіял мае з двума заводамі Гродзенскай вобласці: Лідскім і «Дзітва». Іх прадукцыя пастаўляецца чыгуначным транспартам на станцыю Бурбін, адтуль – спажыўцам.

 Так што асенні перыяд у работнікаў паліўнай прамысловасці асабліва гарачы. Вытворчая напружанасць узрастае літаральна кожны дзень.

З заяўкамі ўдаецца спраўляцца толькі дзякуючы зладжанай працы ўсяго калектыву, у першую чаргу, вадзіцеляў і механізатараў. Яны, бывае, працуюць і ў выхадныя дні, каб у тэрмін выканаць заяўкі.

 Тым не менш, у Сенненскім філіяле стабільны калектыў. Сярод вадзіцеляў, якія заняты на дастаўцы дроў і торфабрыкету, самы невялікі працоўны стаж на прадпрыемстве ў Сяргея Зязюліна — 18 гадоў, у Уладзіміра Аўчыннікава — 22, Сяргея Аксёнава — 32 (на здымку — справа налева).

 

 Вельмі многае ў рабоце калектыву філіяла залежыць і ад Андрэя Стрыжкова. Ён працуе на трактары з пагрузачным механізмам. А значыць заняты на разгрузцы і пагрузцы дроў, часта працуе на Бурбіне, дзе разгружае торфабрыкет з вагонаў. Пры неабходнасці механізатар займаецца і дастаўкай паліва.

 — Яго тэхніка заўжды на хаду. Калі здараюцца нейкія няспраўнасці, яны аператыўна ўхіляюцца, — характарызуе работу механізатара Генадзь Конышаў.

 Мовай лічбаў

 За восем месяцаў бягучага года Сенненскі філіял паставіў дровы ў 927 домаўладанняў, торфабрыкет – 320, у тым ліку, 116 асобам, якія маюць льготы.

  Прадпрыемства працуе рытмічна яшчэ і дзякуючы сваім партнёрам. У прыватнасці, Генадзь Конышаў выказаў па­дзяку за зладжаную працу калектывам Багушэўскага лясгаса і ААТ «Віцебсклес», а таксама гродзенскім партнёрам.

 — Мы робім агульную і такую неабходную людзям справу, — падсумаваў ён.

Аляксандр ІЎЕЎ.

 Фота аўтара.