В Студёнковской школе появился уютный дворик

 “Зямля пад белымі крыламі” — такую назву носіць праект, рэалізаваны ў Студзёнкаўскай школе ў рамках раённага конкурсу “Утульны дворык”. 

 — Калі выбіралі тэму праекта, рашылі парадаваць вынікамі сваёй працы не толькі сябе, але і жыхароў і гасцей аграгарадка Студзёнка, а таксама паспрабаваць сілы ў афарміцельскай справе, — расказала педагог-арганізатар установы адукацыі Юлія Шэнцава.

 У новым праекце ўдалося захаваць усё станоўчае, што рабілася раней пры афармленні тэрыторыі школы, дапоўніць яго чымсьці новым, крэатыўным. Новае афармленне зрабілі з выкарыстаннем каменя.

 Цяпер школьны двор упрыгожвае цудоўная кампазіцыя, якая адлюстроўвае непаўторны каларыт сімвалаў і прыроды нашай краіны. Тут можна ўбачыць клумбу, глобус, лаўку і жураўля з калодзежам.

 Клумба мае форму выявы Рэспублікі Беларусь на геаграфічнай карце.

 — Раней для яе афармлення выкарыстоўваліся кветкавыя расліны. Было прыгожа ў летні перыяд. А хацелася, каб клумба радавала вока круглы год. Таму вырашылі выкарыстаць яшчэ камень і шчэбень. Галоўная скульптура клумбы – бусел. Гэта птушка з даўніх часоў лічылася птушкай лёсу, прадвеснікам шчасця, дабрабыту, удачы. У нашай краіне яна ўвасабляе міралюбнасць, мудрую сілу.

 З дапамогай раслін пэўнага колеру, адлюстраваны ў праекце рэкі,  азёры і балоты. Хвойныя расліны і хосты, размешчаныя на клумбе, сімвалізуюць дрэвы і кусты, што растуць у нашых лясах. Журавель з калодзежам увасабляюць жыццё.

 Прыцягвае ўвагу глобус з васількамі і рамонкамі, які з’яўляецца сімвалам ведаў, поспеху і ўдачы. Таксама ён сімвалізуем дружбу Студзёнкаўскай ДССШ з Жукоўскай школай Пясчанакопскага раёна Растоўскай вобласці: васількі – сімвал Беларусі, а рамонкі – сімвал Расіі.

 — Над рэалізацыяй праекта “Утульны дворык” працавала шмат людзей: навучэнцы, педагогі, тэхнічны персанал школы. Больш за два тыдні патраціў наш умелец Аляксандр Стрыжнёў, каб з каменя зрабіць бусла. Глобус – вынік працы Івана Прыстаўкі, які з падручных сродкаў зварыў каркас вырабу. Дызайнерамі клумбы выступілі Ніна Печанькова і Таццяна Подраз.

 Пры стварэнні кампазіціі мы імкнуліся, каб кожны яе куток можна было выкарыстоўваць пры правядзенні вучэбных і факультатыўных заняткаў, класных і інфармацыйных гадзін, — падсумавала Юлія Шэнцава.

 “ГС”.

 Фота прадастаўлены Студзёнкаўскай ДССШ.