С началом жатвы в Сенненском районе и области объявлен месячник безопасности

Сланцы на нагах камбайнераў, адкрытыя прывадныя рамяні на механізмах — вось тыя парушэнні правілаў аховы працы, што адразу кідаюцца ў вочы пры наведванні палеткаў, дзе вядуцца ўборачныя работы.

 

 З пачаткам жніва ў раёне і вобласці аб’яўлены месячнік бяспекі. На днях тэрмін яго правядзення падоўжаны да 13 верасня. Менавіта да гэтага часу мяркуецца завяршыць уборку ўсіх зерневых і яравога рапсу. Пасля трагічнага выпадку, што адбыўся ў Лепельскім раёне, больш жорстка сталі адсочваць парушэнні правілаў аховы працы на вытворчасці члены раённай мабільнай групы. На днях яны пабывалі на зернетаках і ля камбайнаў у некалькіх сельгасарганізацыях.

 — У першую чаргу звяртайце ўвагу ці ўхілены парушэнні, што выяўлены ў час папярэдняга наведвання сельгасарганізацыі, — інструктаваў галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Хірэвіч членаў групы — інспектара РАНС Аляксандра Конышава і памочніка ўрача-інфекцыяніста РЦГЭ Аляксандру Мельцыну.

 На жаль, ні ля камбайнаў УП «Дружбінец», ні ля тэхнікі ААТ «Бяленева», што была згрупавана ля Старой Беліцы, пажарных машын не было. Як і прыстасаваных для тушэння ўзгаранняў механізмаў, ёмістасцей. Дзеля аб’ектыўнасці заўважым, вогнетушыцелямі, іншымі сродкамі пажаратушэння ўкамплектаваны ўсе камбайны. З механізатарамі, работнікамі зернетакоў пасля гібелі камбайнера праведзены дадатковы інструктаж, аб чым маюцца запісы ў адпаведных журналах.

 — З вамі сапраўды гутарылі ці проста папрасілі распісацца? – цікавіцца тым часам Леанід Хірэвіч.

 Нярэдка, што тут хаваць, нават у такой справе, як бяспека людзей, хапае фармалізму і абыякавасці, што мяжуюць са злачынствамі. А галоўнае, самі механізатары да мерапрыемстваў, ад якіх залежыць іх здароўе, а часам і жыццё, адносяцца даволі бяздумна. Самы яскравы прыклад таму  — выкарыстанне спецадзення і спецабутку. Яны выданы ўсім, але носяць іх адзінкі.

Тлумачэнне да болі знаёмае – у сланцах больш зручна. Але ці бяспечна?

 На думку Леаніда Хірэвіча, больш настойліва павінны ўжываць сваю ўладу галоўныя спецыялісты, начальнікі вытворчых падраздзяленняў – усе тыя, хто, зыходзячы са сваіх службовых абавязкаў, адказвае за бяспеку на вытворчасці,

 — Калі чалавек прыйшоў на працу ў сланцах, калі ёсць іншыя парушэнні правілаў аховы працы, яго трэба адхіляць ад вытворчага працэсу. Як толькі механізатар, любы іншы работнік, атрымаў допуск, адказнасць на сябе бярэ тая асоба, што яго дала, — даво­дзіў ён на полі ля вёскі Новая Беліца Мікалаю Рачонку, начальніку ўчастка ААТ «Бяленева».

 Больш увагі правілам аховы працы павінны і абавязаны надаваць прафсаюзныя актывісты. У тым ліку даводзячы да работнікаў, што правилы гэта закон. Агульнавядомы факт, асаблівасць чалавечай псіхікі — калі роўны вучыць роўнага, правілы ўспрымаюцца лягчэй і хутчэй.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Фота аўтара.