Президент Беларуси Александр Лукашенко совершил рабочую поездку в Могилевскую область

 Кіраўнік дзяржавы наведаў Касцюковіцкі раён, дзе азнаёміўся з развіццём паўднёва-ўсходняга рэгіёна вобласці.

   

Дэталёва разгледзець стан спраў у рэгіёне кіраўнік дзяржавы паабяцаў у час нядаўніх кадравых назначэнняў. Чатыры гады таму для актывізацыі сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтых тэрыторый былі прыняты ўказ і праграма, накіраваныя на стварэнне спрыяльных умоў пражывання насельніцтва.

 Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваім патрабаванні: лю­дзі павінны быць упэўнены ў заўтрашнім дні, мець работу, дастойную заработную плату і камфортныя ўмовы для пражывання.

   Не збаўляць тэмпаў

 Рабочую паездку Прэзідэнт пачаў з пытанняў мясцовым кіраўнікам аб ходзе ўборачнай кампаніі. Гэта самая гарачая тэма — не першы дзень яна на кантролі Кіраўніка дзяржавы. Важна ўсё: уборка збожжа, нарыхтоўка кармоў, сяўба азімых і ўвогуле выкананне аграрыямі тэхналагічнай дысцыпліны. Асноўнае патрабаванне ўсё тое ж: не збаўляць тэмпаў!

   Аб перспектывах развіцця

  Паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўскай вобласці павінны прыносіць аддачу, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

 «Я абсалютна перакананы, што настаў час атрымаць аддачу ад гэтых раёнаў. Яны не павінны сябе адчуваць ізгоямі, і народ тут павінен жыць дастойна і ганарыцца тым, што жыве ў Слаўгарадзе, Касцюковічах або ў Хоцімску. Сутнасць моманту ў тым, што жым будзе такі, што ў некаторых вочы на лоб палезуць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І па форме, і па змесце сённяшняга дня лічыце, што гэта гістарычны момант для гэтага рэгіёна. Мы ведаем, што тут трэба зрабіць. І, як гаворыць губернатар, мы ведаем, што мы гэта зробім. Хто не ўмее — навучым, хто не хоча — прымусім. Іншага не дадзена».

 Прэзідэнт падкрэсліў, што гэты рэгіён павінен кожны год дэманстраваць дынаміку росту. «Хочаце малы, сярэдні бізнес, індывідуальных прадпрымальнікаў — калі ласка, займайцеся. Але запомніце: патрэбны моцныя прадпрыемствы, якія могуць праца­ваць доўга, на прадукцыю якіх ёсць попыт на рынку. Гэта ўпэўненасць лю­дзей», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён перакананы, што найбольшую аддачу для краіны прыносяць менавіта вялікія прадпрыемствы.

 У прыклад Прэзідэнт прывёў фарэлевую гаспадарку «Лахва», якую наведаў у час рабочай паездкі ў Касцюковіцкі раён. Прадпрыемства працуе з добрай аддачай, у яго ёсць магчымасці для пашырэння вытворчасці, а рыбная прадукцыя запатрабавана як на ўнутраным, так і знешніх рынках. «І вось на гэта трэба звяртаць увагу. Ніякія малыя, сярэднія нам шчасця не прынясуць — гэта для таго, каб заняць людзей, даць ім магчымасць працаваць, — адзначыў ён. — Стварайце і падтрымлівайце вялікія прадпрыемствы: прыватныя і дзяржаўныя, у кааперацыі — дзе хочаце. Але толькі, каб мы разумелі, што гэта назаўсёды».

 Вяртаючыся да падзей чатырохгадовай даўнасці, калі была прынята праграма і ўказ аб развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што тады сумняваўся, наколькі правільна і своечасова прымаюцца рашэнні. «Шчыра кажучы, тады я не быў абсалютна перакананы, што мы павінны пачаць глабальна выра­шаць праблемы гэтага рэгіёна. Але я зыхо­дзіў з таго, што нам усё роўна гэты рэгіён неабходна будзе калі-небудзь падцягваць да адпаведнага ўзроўню», — сказаў Прэзідэнт.

 Кіраўнік дзяржавы прапанаваў тады заняцца рэгіёнам і распрацаваць праграму па яго развіцці. Дадаткова да яе быў падпісаны ўказ, які прадастаўляў шэраг ільгот. «Будучы не зусім перакананым у тым, што трэба ўзмоцнена інтэнсіфікаваць выкананне гэтай праграмы, я на вас не націскаў: хочаце — давайце будзем рабіць, я вам дапамагаю, зразумела, буду патраба­ваць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Сёння ж пасля таго як кіраўніц­тва вобласці цалкам акунулася ў існуючыя праблемы Прэзідэнт перакананы ў неабходнасці хутчэйшага развіцця паўднёва­ўсходніх раёнаў. У сувязі з гэтым ён даручыў актуалізаваць існуючую праграму. Прычым не адкладваць гэту работу, а брацца за яе з сённяшняга дня. У праграме, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба дакладна і падрабязна распісаць усе праекты: ад арганізацыі вытворчасці і прыцягнення спецыялістаў да будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры. «Вось гэта будзе размова. І не патрэбны мне вашыя не­зразумелыя на пяцьсот або тысячу старонак опусы, якія вы напішыце і зноў не выканаеце, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Размовы і вывучэнні закончаны. Актуалізуйце праграму і на стол мне: што дзе вы вырабіце, падвялі рысу — гэта дасць прырост мяса, малака, прамысловасць, паслугі, дарогі, школы, дзіцячыя сады і іншае. Павінна быць адкрытая падкантрольная праграма, а не распісаная тэорыя на шмат старонак».

 Прэзідэнт паразмаўляў з жыхарамі Касцюковіч і расказаў аб прычынах прыезду. Асаблівы акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў на адказнасці кожнага паасобку за будучыню свайго горада і раёна. Дзяржава ў сваю чаргу будзе аказваць падтрымку, але толькі там, дзе гэта сапраўды неабходна.

 Па матэрыялах БелТА.