Привет землякам на Сенненщину привезли из Бобруйска

На днях кніжны фонд Ходцаўскай сельскай бібліятэкі папоўніўся дзевяццю кнігамі. Такі прыемны падарунак зрабіў наш зямляк з вёскі Соіна, цяпер бабруйчанін, Аляксей Бабкоў. 

 Ветэран журналістыкі, пісьменнік, Аляксей Сяргеевіч даўні сябар бібліятэкі. Неаднаразова прыязджаў сюды на сустрэчы з вяскоўцамі, прэзентаваў свае кнігі. Невыпадкова, што частку сваіх літаратурных твораў ён адрасаваў менавіта хадчанам.

 Аляксею Сяргеевічу 92 гады. Па стане здароўя, на жаль, асабіста прыехаць не змог. Таму своеасаблівы падарунак загадчыцы бібліятэкі Ларысе Паражынскай перадалі яго сын Анатолій і пляменнік Аляксандр (на здымку справа налева). Аляксей Бабкоў таксама даслаў ад сябе пасланне вяскоўцам, у якім выказаў спадзяванне, што кнігі, напісаныя на ваенную тэматыку, з асаблівай цікавасцю прачытаюць яго землякі – маладое пакаленне. “Ведь оно узнает, как их деды и прадеды в небывалой кровопролитной войне добились победы над злейшим врагом человечества – фашизмом. А зная о прошлой войне и цене мира, вы сильнее прочувствуете свою ответственность за судьбу нашего народа, нашей Родины – Беларуси!» — адзначыў у ім аўтар.

 Зусім маладым наш зямляк убачыў рэаліі намецка-фашысцкага ўкладу, актыўна дапамагаў партызанам у іх барацьбе з акупантамі.

 — Ён спазнаў нягоды вайны і ўсё жыццё імкнецца пакінуць у нашай памяці вялікую цану Перамогі, — адзначыла Ларыса Уладзіміраўна. – Вяскоўцы заўсёды з задавальненнем прыходзілі на сустрэчы з аўтарам. Нам прыемна, што Аляксей Сяргеевіч памятае пра нас. Падораныя кнігі – лепшае гэтаму пацверджанне.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота прадастаўлена Ходцаўскай сельскай бібліятэкай.