Навагоднія цуды ў Багушэўскай санаторнай школе-інтэрнаце

  Новы год — асаблівае, але традыцыйнае свята. А таму, каб зрабіць яго для дзяцей запамінальным, арганізатарам даводзіцца  шмат працаваць, арыгінальна ўвасабляць задуманае.

 У Багушэўскай санаторнай школе-інтэрнаце пасля працяглых пошукаў і спрэчак  свой выбар спынілі на тэатралізаваным спектаклі-казцы «Адыходзіць стары год». Сцэнарый яго распрацавала педагог-арганізатар Ірына  Сімакова. З размеркаваннем роляў не ўзнікла ніякіх праблем, бо ў школе працуюць таленавітыя педагогі з акцёрскімі задаткамі. Дзяцей на ролі ў спектаклі шукаць не трэба — іх з задавальненнем выканалі  ўдзельнікі гуртка «Тэатральны». У выніку на святочнай сцэне з’явіліся запамінальныя вобразы Старога года і Новага, Бабы Ягі і Кікімар. Весяліць дзяцей, вадзіць карагоды з імі Дзеду Марозу  і Снягурцы дапамагалі таксама два Белыя трусы. Трус, як вядома, з’яўляецца сімвалам новага года.

 Галоўным навагоднім героям давялося працаваць над больш сур’ёзным заданнем. Яны падвялі вынікі першага паўгоддзя  навучальнага года. Граматы, дыпломы, сувеніры ў выглядзе  мяккіх цацак-зайцоў з рук Дзеда Мароза і Снягуркі атрымалі Нікіта Урбан, Вольга Шчэрба, Кацярына Гінтаўт, Валянціна Арлова, Святлана Волкава, Андрэй Образаў, Лізавета Рудзь, Яўген Шаўчэнка, Ігар і Іван Пузанкевічы.

 Навагодні спектакль стаў толькі адным з цудаў у шэрагу шматлікіх навагодніх неспадзяванак. Падарункі ад шэфаў з упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці, з якімі  людзі ў пагонах прыехалі да дзяцей школы-інтэрната, навагоднія ўпрыгажэнні, што з’явіліся ў двары школы, у будынку, прыгажуня-ёлка — усё гэта  таксама здалося нашым выхаванцам цудам. На самай справе прыемныя сюрпрызы сталі магчымымі дзякуючы працы многіх канкрэтных людзей, у першую чаргу, Юрыя Усачова, дырэктара Багушэўскай санаторнай школы-інтэрната.

Алена Румо,

Багушэўская санаторная школа-інтэрнат.