На Сенненщине готовятся к переписи населения — 2019

 Сёлетні перапіс насельніцтва, які пройдзе ў Беларусі ў кастрычніку, па сваёй тэхналогіі будзе значна адрознівацца ад папярэдняга.

 У прыватнасці, даныя рэспандэнтаў будуць заносіцца ў электронны перапісны ліст, а ў руках перапісчыкаў будуць не ручкі, а планшэты, расказала Алена Скакун, начальнік аддзела статыстыкі Сенненскага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці на пасяджэнні часовай раённай камісіі па садейнічанні перапісу.

  Арганізацыйныя захады

 Перапісам насельніцтва будуць ахоплены гарадскія жыхары раёна (да іх аднесены сенненцы і багушэўцы), вяскоўцы. А таму, зыходзячы з гэтага, для правядзення ў раёне перапісу будзе створаны два перапісныя ўчасткі.

 — Першы ўчастак – па сельскай мясцовасці з насельніцтвам больш за 11 тыс. чалавек – будзе разбіты на 16 асноўных падліковых участкаў, другі (па гарадской мясцовасці, да якой адносяцца Сянно і Багушэўск) – на 11, — удакладніла Алена Скакун.

 На кожным перапісным участку будзе загадчык і яго памочнік. Менавіта на іх ускладваецца кіраванне, размеркаванне па падліковых участках перапісчыкаў. Агульная колькасць часовага персаналу складзе 34 чалавекі.

Кадры

 Зараз галоўнай задачай для мясцовых уладаў з’яўляецца падбор перапіснога персаналу. У яго лік могуць патрапіць паўналетнія асобы, якія працуюць у органах улады, дзяржаўных, грамадскіх, іншых арганізацыях, нават, пенсіянеры.

 — Аднак перавагу трэба аддаваць адказным, падрыхтаваным асобам, якія на належным узроўні валодаюць навыкамі работы на персанальных камп’ютарах, не маюць абмежаванняў па стане здароўя, — агучыла патрабаванні Алена Скакун. – Кіраўнікам арганізацый, работнікі якіх трапяць у лік удзельнікаў правядзення перапісу, трэба ўлічваць, што іх нельга будзе прыцягваць у гэты перыяд да выканання службовых абавязкаў. За імі захоўваецца сярэдні заробак і займаемая пасада.

 Выбар за вамі

 Арганізацыя сёлетняга перапісу будзе сур’ёзна адрознівацца ад папярэдніх. Па-першае, кожны грамадзянін краіны, які мае камп’ютар, ноутбук, іншыя гаджаты, злучаныя з інтэрнэт-прасторай, які валодае неабходнымі навыкамі абыходжання з імі, зможа запоўніць апытальны ліст самастойна. У гарадскога насельніцтва зрабіць гэта самастойна будзе яшчэ адна магчымасць. У Сянне і Багушэўску для работы перапісчыкаў, узброеных таксама ноўтбукамі, выдзяляюцца спецыяльна абсталяваныя памяшканні. Тут рэспандэнтам таксама можна будзе запоўніць электронны апытальны ліст, але з дапамогай перапісчыкаў. Да тых, хто не скарыстаецца двума названымі спосабамі прыняць удзел у перапісу насельніцтва, перапісчыкі прыйдуць па месцы жыхарства. У сельскай мясцовасці такі спосаб правядзення перапісу будзе выкарыстоўвацца як толькі стартуе перапісны марафон.

 З самага пачатку перапісу групы перапісчыкаў з’явяцца і ў арганізацыях, на прадпрыемствах, што надае ўпэўненасці – перапіс насельніцтва ў краіне, на Сенненшчыне пройдзе арганізавана. Яго даныя не проста інфармацыя аб асобе, сям’і. Гэта аб’ектыўны сацыяльны зрэз усяго грамадства, які дазволіць прагназаваць яго развіццё, планаваць эканамічныя перспектывы.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.