Іх прафесія — дапамагаць людзям!
Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Сенненскага райвыканкама Ганна Гарбачова (на здымку) працуе з 1984 г. Займалася прызначэннем пенсій і дапамог, а з 2003 г. яна — галоўны спецыяліст па працы, заработнай плаце аддзела сацыяльна-працоўных адносін. Так што, калі ўзніклі нейкія праблемы на працы, якія звязаны, скажам, з пераводам на іншую пасаду, прадаўжэннем кантракта, прадастаўленнем чарговага працоўнага водпуску, звяртайцеся да Ганны Іванаўны. Яна дасць вам самую грунтоўную кансультацыю. Як-ніяк адукацыю жанчына атрымала па спецыяльнасці «правазнаўства і ўлік у сістэме сацыяльнага забеспячэння». А за гады працы яе кваліфікацыя пастаянна павышалася, пра што сведчаць неаднаразовы ўдзел у конкурсе «Лепшы па прафесіі», які рэгулярна праводзіцца камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, Падзяка ад старшыні названай структуры, Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта, якімі Ганна Гарбачова ўзнагароджана ў 1997 і 2006 гадах.
Свой працоўны шлях Ларыса Камандышка (на здымку) пачынала ў Віцебску, у камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, куды маладога спецыяліста накіравалі пасля заканчэння Мінскага фінансава-эканамічнага тэхнікума. Праўда, праз некаторы час ёй прапанавалі перавод у Сянно, дзе адчуваўся востры дэфіцыт на спецыялістаў яе профілю, — пагадзілася без асаблівых ваганняў. З таго часу, вось ужо 31 год, так і працуе ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
У тым сваім учынку Ларыса Валянцінаўна нічога незвычайнага не бачыць. Яе пакаленне мела іншае, чым цяперашняя моладзь, выхаванне, на зорную хваробу не хварэла. Сціпла працавалі там, дзе ў іх была патрэба.
Аддзяленне дзённага знаходжання для людзей, якія маюць фізічныя і псіхічныя адхіленні, працуе з верасня 2009 года. На яго базе створана некалькі гурткоў, у тым ліку пад назвай «Утульны дом». Яго наведвальнікі займаюцца дамаводствам. У прыватнасці, вучацца набываць тавары ў магазіне, абыходзіцца з газавай плітой, кухоннымі прыналежнасцямі.
— На заняткі прыходзяць амаль усе, хто наведваецца ў цэнтр. У нас добрая матэрыяльная база. Атрыманыя ў гуртку навыкі, уменні дапамагаюць адчуваць сябе больш свабодна дома, у паўсядзённым жыцці, пры кантактах з іншымі людзьмі, пры наведванні грамадскіх месцаў. Такім чынам, адбываецца сацыяльная адаптацыя хворых людзей, — тлумачыць Вольга Мікалаева . Яна паспяхова кіруе гуртком з дня яго стварэння.
Нярэдка гурткоўцы гатуюць нейкую страву. І тады адведаць яе запрашаюць нават родных.
— Дэгустацыя нашых кулінарных вырабаў нярэдка ператвараецца ў своеасаблівае сямейнае свята, — лічыць Вольга Мікалаеўна. Яна доўгі час працавала выхавальніцай у дзіцячым садку, мае вышэйшую катэгорыю. Вопыт ранейшай работы, магчыма, і дапамагае ёй у цяперашняй працы. Як лічаць калегі Вольгі Мікалаевай, вырашальнымі ўсё ж з’яўляюцца яе асабістыя чалавечыя якасці.