“Сузор’е надзей” для бацькоў і дзяцей
Пра клуб прыёмных сем’яў, што дзейнічае на базе Ходцаўскага ДК, я чула даўно. А вось увачавідкі з яго ўдзельнікамі давялося пазнаёміцца нядаўна, падчас прэзентацыі дзейнасці «Сузор’я надзей». Сёння ў клуб уваходзяць 11 сямей. Хто яны — людзі, якія рашыліся на такі адказны крок? Большасць з іх — шматдзетныя бацькі, чые ўласныя дзеці выраслі і разляцеліся з хатняга гняздзечка, у многіх ёсць унукі. Замест засталіся пустая кватэра, адзінота ды не растрачаны бацькоўскі патэнцыял. «А ў жыцці трэба зрабіць нешта добрае», — як выказаўся адзін з прыёмных татаў. І яны зрабілі. Аднак гэта адзін бок медаля. Другі — складанасці і праблемы, з якімі прыёмным семьям даводзіцца сутыкацца штодзень. Колькі намаганняў, душэўных сіл, цярпення трэба прыкласці дзеля таго, каб чужыя людзі адразу сталі роднымі! За кожным разам да псіхолага не пабяжыш. Агульныя радасці і беды аб’ядналі ходцаўцаў у клуб. Удзельнікі яго збіраюцца разам, каб абмеркаваць узнікаючыя пытанні, падзяліцца вопытам, а то і проста адпачыць у сяброўскай атмасферы. Нярэдка на пасяджэнні запрашаюцца кампетэнтныя спецыялісты: псіхолагі, юрысты, медыкі. Клубныя пасядзелкі спрыяюць умацаванню не толькі добрых суседскіх стасункаў, але і трывалай сувязі паміж бацькамі і дзеткамі. Так, удзельнікі клуба арганізавалі ў фае ДК сапраўдную выставу сямейнай творчасці.
Ля вытокаў клуба стаяла і наша «раёнка»! Прынамсі, на яе старонках маці траіх дзяцей Ларыса Драздова ўбачыла хлопчыка з сацыяльнага прытулка, якому шукалі матулю. Малы запаў у душу. Пасля доўгіх ваганняў жанчына рашылася — трэба ехаць. Аднак, па прыездзе высветлілася, што дзіця ўжо ўзялі. Праўда, адна дамоў Ларыса не вярнулася. Да васьмігадовай Волечкі сям’я Драздовых наведвалася пастаянна. А 31 снежня дзяўчынку, нарэшце, забралі дадому. Так восем гадоў назад Волечка адзначыла свой першы Новы год у сям’і. Сёння дзяўчынцы шаснаццаць, і вучыцца яна ў 11 класе. Драздовы — адна з першых прыёмных сем’яў у Ходцах — сталі ініцыятарамі «Сузор’я надзей».
Шлях Ксюшы да сваіх прыёмных бацькоў Сяргея і Жанны Бардзюковых быў доўгім. Першай дзяўчынку ўбачыла Жанна, калі была на курсах павышэння кваліфікацыі. Падумала тады, што гэта хлопчык — такая худзенькая, абстрыжаная. Дзяўчынку спачатку аддалі другім людзям. Аднак Бардзюковы дабіліся свайго. На другі ж дзень Ксюша назвала Жанну мамай, а вось сваю біялагічную маці цяпер заве «цёцяй Надзяй».
Аднавяскоўцы дзівяцца энергіі Юліі Івановай. Адна выхоўвае шасцярых дзяцей: трое сваіх і трое прыёмных; трымае вялікую гаспадарку, а яшчэ выдатна вяжа. «Калі да ўсяго падыходзіць з цікавасцю, то і на адпачынак часу хапае», — кажа яна. А прыёмныя дачушкі Вольга, Аксана і Наталля дапамагаюць і асвойваюць майстэрства сваёй матулі
Ніна Бяляцкая — таксама шматдзетная маці. Двое з траіх прыёмных дачок хоць ужо выраслі, жывуць і вучацца ў іншых гарадах: Віка — у Мінску, Таня — у Віцебску, ды ў бацькоўскі дом наведваюцца, тэлефануюць рэгулярна. Трэцяя, дзевяцікласніца Яна, неўзабаве скончыць школу і выйдзе з-пад апекі, але маму Ніну яна не забудзе.
Палінцы было 4 гадкі, калі Ігар і Вольга Ігнатовы ўзялі яе ў сваю сям’ю. Няўрымслівае дзіця адразу стала сваім. Сёння Паліна наведвае музычную школу, дзе вучыцца іграць на фартэпіяна.
Дзіна і Саша адносна нядаўна з’явіліся ў сям’і Алесі Ізотавай і адразу ўліліся ў сяброўскую атмасферу. «Спрэчак у нас зусім не бывае», — кажа Алеся. Яна для сваіх чатырох дачушак — лепшая сяброўка. Дзяўчынкі добра малююць, займаюцца музыкай.
Чацвёра дзяцей выхоўваюць Пётр і Валянціна Кузняцовы. Дзяўчынкі растуць добрай апорай. Старэйшая Алена (10 клас) любіць гатаваць, марыць стаць кухарам ці кандытарам. Сярэдняя Аляксандра займаецца хатняй уборкай. А вось для малышак Крысціны (4 клас) і Верачкі (2 клас) любімыя заняткі — маляванне і музыка.
«Усе бяруць дзяўчынак, а мы рашыліся на хлопчыка», — тлумачаць Павел і Ларыса Сочневы свой выбар. У снежні будзе тры гады, як Руслан стаў іх прыёмным сынам. Акрамя бацькоў у яго цяпер ёсць прыёмны брат Антон. Хлопцы паміж сабой сябруюць. У будучыні Руслан марыць стаць будаўніком, і тата Павел яму ў гэтым дапамагае.
Двое хлопцаў, Пеця і Кірыл, падрастаюць у Таццяны і Дзмітрыя Баркаўцаў. Цікавы факт, што яны вельмі падобныя на сваіх прыёмных бацькоў і старэйшых брата і сястру.
У Надзеі Шабусавай — чатыры сыночкі ды лапачка дачушка. Трое ўласных сыноў ужо самі маюць дзяцей. Усю матчыну любоў яна перадае прыёмным дзеткам Дзянісу і Аксане.
Не інакш як сваёй «разыначкай» называюць Віку яе прыёмныя бацькі Ірына і Пётр Чэпікавы. Мама і тата траіх сыноў марылі пра дачку. Віку яны забралі нават не дачакаўшыся, калі будуць цалкам гатовы ўсе дакументы. Не пабаяліся яны і хваробы дзяўчынкі. Вікторыя ўжо перанесла аперацыю і родныя ўпэўнены, што іх намаганнямі дачушка абавязкова паправіцца.
Проста рашыцца на гэты крок. Вось і ўсё, што патрэбна, каб зрабіць шчаслівымі сябе і дзіця, — упэўнены сёння ўдзельнікі клуба «Сузор’е надзей» і заклікаюць усіх не баяцца любіць, аддаваць усю сваю пяшчоту дзецям, і тады, згодна дэвіза клуба, «Дабрыня дабрынёй адгукнецца».
Вольга Бандарэвіч.
На здымку: мацярынскае шчасце Ю.Івановай і А.Ізотавай.