За елкай і каханнем!

Каханне да людзей прыходзіць рознымі шляхамі ды і ў розныя тэрміны. Калі лёс захоча, дык прыйдзе яно і тады, калі ўжо  чакаць стаміўся.

 Так сталася і з маёй сяброўкай.  Яна гадоў на восем  старэйшая за мяне. А жыць і працаваць  даводзілася разам з маладымі. Выходзяць усе замуж адна за адной, а яе, як бабулькі кажуць, ніхто не бярэ. Што ж, калі ўпусціла свой час: спачатку вучылася вельмі старанна, па баках, на кавалераў, некалі было глядзець; потым прафесію асвойвала добрасумленна. Вось і атрымалася, што спецыяліст — адукаваны і высокакласны, а як жанчына  рэалізавацца ў жыцці не паспела.

 Асабліва нудзілася па святах. Каму радасць і весялосць,  а ёй — сум і адзінота. Таму святаў не любіла.

 Аднойчы перад Новым годам нават узрадавалася, што трапіла ў бальніцу. Пнеўманія, праўда, не жартачкі. Але ўсё ж сярод людзей будзе, калі праб’юць куранты. І сапраўды, хворыя свята сустрэлі няблага. Сабраліся ўсёй палатай, падаставалі прысмакі, што ім з дому прынеслі. Нават бутэлечка «шумпусіку» ў кагосьці знайшлася. А ці шмат жанчынам трэба. Многа не п’юць,а калі прыклаліся да чаркі, ім — паесці як след і пагаварыць. Гаманілі, смяяліся, нават песні заспявалі. Медперсанал з нагоды Новага года глядзеў на гэта скрозь пальцы.

 Адным словам, спадабалася Антаніне такое святкаванне. Ды і таварку ў бальніцы сабе знайшла. Сяброўку па няшчасці, так мовіць. Жыла жанчына таксама адна і была ўжо ў гадах. Дамовіліся Стары Новы год сустракаць разам.  Балазе, да гэтага часу іх ужо выпісалі.

 А які ж Новы год, хоць ён і стары, без елкі. Стала Антаніна думаць-гадаць, дзе ж яе ўзяць, тую лясную прыгажуню: елачных базараў няма — адышоў іх час. І так і сяк разважала-меркавала жанчына і прыйшла да высновы, што трэба па-ціхаму прынесці невялічкую елачку з лесу. Цяпер жа, мабыць, ужо ніхто моцна і не пільнуе, асноўнае ж свята прайшло.

 Вырашана — зроблена. Узяла кухонную сякерку, бо сапраўднай у гаспадарцы не знайшлося, абула валёнкі, апранулася адпаведна і прыцемкам пайшла ў лясок. Надвор’е было ціхае, яснае. Месяц узышоў, зоркі высыпалі, пакуль дабралася да месца. Доўга елачку шукаць не стала: цемнавата ўсё ж, ды і снег глыбокі. Пачала секчы першую, больш-менш падыходзячую. Секанула раз і аж прысела. Гук ад удару, здавалася, пачулі  нават у горадзе. Але так-сяк адкрамсала. Узяла елку ў адну руку, сякерку ў другую, пайшла назад.

 Выбілася ўжо на дарогу. І трэба  тут было такому здарыцца: паслізнулася ў раз’езджанай машынамі каляіне і ўпала. А ўстаць  не змагла: у назе так запякло, што аж іскры з вачэй пасыпаліся, нібы тыя зорачкі ў небе. Што рабіць? Кругом ціха, пуста. Паратунку чакаць дарэмна не стала. Папаўзла па каляіне, праклінаючы і Новы год, і елачку гэтую злашчасную, і сваю дурную галаву: «Узрадавалася, бач ты, знаёмай новай. Была адна, турбот не ведала. Ну і сядзела б ціхенька». Метраў пяцьсот, напэўна, гэтак прапаўзла: елку не кідае, наадварот, прыціскае мацней.  Раптам з-за горкі замітусілася святло  фар. Дзякуй Богу — паратунак. Елку адкінула як мага далей на абочыну. Сама села пасярод дарогі і руку с флікерам узняла: не наехалі хаця б.

 З легкавіка выйшаў мужчына. «Нічога сабе такі», — убачыла ў святле фар і адзначыла па сваёй « халасцяцкай» звычцы Антаніна. Калі падышоў бліжэй, добра разгледзела ў што апрануты. «Божухна, дык на ім жа форма ляснічага», — аж млосна стала. Боль у назе адразу адступіў на задні план. Памятае, што парывалася ўскочыць і пабегчы наўцёкі…

  Апрытомнела ў бальнічнай палаце. Шчыльна забінтаваная нага вісела, задраная ўгару. Побач сядзеў на табурэтцы ляснічы. А ў кутку стаяла  ссечаная ёю елачка. «Ага, як рэчавы доказ прывалок», — з прыкрасцю падумала Антаніна, цішком глянуўшы на мужчыну. Трэба сказаць, пры дзённым святле ён спадабаўся ёй яшчэ больш. «Ну, як вы?» — спытаўся з трывогай. А ў голасе толькі дабрыня і вочы свецяцца лагодна…

 Пяць гадоў ужо жывуць душа ў душу Антаніна і яе выратавальнік. Ігар аказаўся вельмі добрым, спагадлівым чалавекам, да таго ж, галантным кавалерам, што ў наш час, бадай, ужо і не сустрэнеш. А замест Старога Новага года яны тады адзначылі сваё незвычайнае знаёмства.

Таццяна Буракова.