Долгожительница из Самсонов

1 красавіка сёлетняга года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Вольгі Маісееўны Пляшковай, жыхаркі вёскі Самсоны, Ходцаўскага сельсавета.

Зараз шаноўная юбілярка знаходзіцца ў Машканскай бальніцы сястрынскага догляду. А літаральна да 99-гадовага ўзросту жанчына, якая жыла адна, сама спраўлялася з гаспадаркай: тапіла печ, рыхтавала няхітрыя стравы, купляла ў аўталаўцы прадукты харчавання.

 Вольга Маісееўна ніколі не мела ўласнай сям’і, яна не нарадзіла дзяцей. У 12 гадоў школьніца-выдатніца захва­рэла на менінгіт, што прывяло да страты слыху. Тым не менш, жанчына ніколі не была адзінокай. У апошнія гады, калі з’явілася патрэба ў дапамозе, у Самсонах яе пастаянна наведвалі пляменніца Таісія Дарашчонак (Іванова) і яе муж Валерый. Яны прывозілі з Віцебска прадукты, рэчы першай неабходнасці, клапаціліся пра дастаўку дроў, вады.

 Не была абдзелена ўвагай ветэран і сельскай уладай. У свой час, дзякуючы дапамозе ранейшага кіраўніка Ходцаўскага сельвыканкама Вольгі Шчарбаковай, у хаце, дзе жыла адзінокая жанчына, адрамантавалі дах, печ. За здароўем доўгажыхаркі ўважліва сачылі мясцовыя медыкі.

 Пляшковы: з сямейных паданняў

 У бацькоў 100-гадовай юбіляркі Маісея Ананьевіча і Праскоўі Фёдараўны Пляшковых, якія жылі ў вёсцы Дубініна, было трое дзяцей. Першым на свет з’явіўся Гео­ргій (Рыгор). Ён нарадзіўся ў 1913 го­дзе яшчэ да таго, як бацьку мабілізавалі ў войска — пачалася Першая сусветная вайна. Маісею Пляшкову пашанцавала і ён вярнуўся з Румынскага фронту жывы і здаровы. З часам сям’я папоўнілася яшчэ двума дзецьмі: у 1919 го­дзе нарадзілася Вольга, у 1923 — Марыя.

 Невялічкая веска Дубініна (у ёй жылі сем сямей) знахо­дзілася непадалёк ад Самсонаў — амаль што насупраць Вітуні. У 60-70 гады 20 стагоддзя пра яе існаванне яшчэ нагадвалі вялізны дуб і ліпа, якія некалі раслі за агародамі вяскоўцаў.

 У Самсоны Пляшковы пера­ехалі незадоўга да Вялікай Айчыннай вайны. Маісея абралі старшынёй калгаса, у які аб’ядналіся гаспадаркі адной вёскі. Калгаснікі, мабыць, вырошчвалі лён, бо ў сямейным архіве Пляшковых захоўвалася калектыўнае фота выпускнікоў першага набору курсаў старшых сарціроўшчыкаў гэтай культуры, арганізаванага ў Віцебску ў 1935 годзе. У ліку спецыялістаў – 23 гадовы Рыгор Пляшкоў, сын Маісея і Праскоўі.

 На 30-ыя гады мінулага стагоддзя прыйшліся масавыя рэп­рэсіі, якія не абышлі сельскіх жыхароў. Каралі за каласок, за шкодніцтва, за сацыяльнае пахо­джанне. У іх жорны трапіў і Маісей. Незадоўга да вайны яго арыштавалі “сталінскія сокалы”, прывезлі ў Сянно і доўгі час у нечалавечых умовах трымалі ў падвале раённага аддзела НКУС. Старшыню калгаса не растралялі, не адправілі ў лагер, але здароўе падарвалі. У канцы 1941 года Маісей Пляшкоў памер ад хваробы страўніка.

Ваеннай парой

 З пачаткам акупацыі вялікую хату Пляшковых, якая ўяўляла з сябе два зрубы, злучаныя прасторнымі сенцамі, немцы прыстасавалі пад шавецкую майстэрню. Жаночая частка сям’і ўсю вайну тулілася ў лазні. Але выжылі ўсе. У многім дзякуючы прадбачлівасці Праскоўі Фёдараўны. Як толькі пачалася вайна, яна загадала пляменнікам Фёдару і Пятру Кішковічам зрабіць вялізныя скрынкі, куды засыпалі зерне, паклалі сала і найбольш каштоўны скарб. Яшчэ да прыходу немцаў усё гэта закапалі ў полі.

 Выжыў і Рыгор. Хоць паваяваць яму ўдалося на многіх франтах Вялікай Айчыннай вайны. На радзіму ён вярнуўся пасля перамогі, усе жыццё працаваў у калгасе “Бальшавік”, у тым ліку ўзначальваў брыгаду “Самсоны”.

 Доўгажыхарства ў спадчыну

 Наша юбілярка не першая доўгажыхарка сярод прадстаўнікоў роду. Праскоўя Фёдараўна, яе маці, таксама пражыла амаль 100 гадоў. Яна памерла ў 1986 годзе ва ўзросце 96 гадоў. Амаль 90 гадоў пражыла малодшая сястра Вольгі Марыя. Пры тым, што на долю жанчын выпала нямала выпрабаванняў, ваеннае ліхалецце, цяжкая праца. Наша юбілярка ўсе жыццё працавала ў калгасе “Бальшавік”. Страта слыху не дазволіла ёй атрымаць адукацыю, стварыць сям’ю. Аднак Вольга Пляшкова не замкнулася ў сабе. Яна цікавілася жыццём пляменнікаў, грамадскімі справамі, шмат чытала.  На яе стале заўжды былі кніжкі, газеты “Труд” і раённае выданне “Ленінская іскра”.

 Свой юбілей самсонаўская доўгажыхарка сустрэла з новым пашпартам грамадзянкі Рэспублікі Беларусь, які ёй уручылі прадстаўнікі мясцовай улады. А што? Новая сотня жыццёвай дарогі толькі пачынаецца! Здароўя табе, Вольга Маісееўна, і добрага настрою зычаць пляменнікі і пляменніцы Мікалай, Надзея, Зінаіда, Міхаіл, Майя, Афанасій, Пётр, Таісія і члены іх сем’яў.

 Пётр ДАРАШЧОНАК,

дацэнт Інстытута журналістыкі БДУ,

кандыдат філалагічных навук,

заслужаны журналіст ГА “Беларускі саюз журналістаў”.