Продолжительность жизни сенненцев увеличивается

 

 За кошт чаго? Пра гэта на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта расказаў галоўны ўрач Сенненскай ЦРБ Ігар Мізаўцоў.

 У ходзе рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады” ў раёне дасягнуты нарматыў забяспечанасці ўрачамі першаснага звяна, у тым ліку ўчастковымі тэрапеўтамі, педыятрамі, урачамі агульнай практыкі. У штатным раскладзе зацверджаны тры брыгады хуткай медыцынскай дапамогі, што адпавядае нормам для раёнаў, дзе жыве ад 15 да 35 тыс. жыхароў. У медыцынскай установе развернуты 183 ложкі, у тым ліку 124 кругласутачнага стацыянара. Пры нарматыве 9 ложкаў на 1 тыс. жыхароў у Сенненскім раёне фактычны паказчык складае 5,9. З бюджэту на кожнага сенненца летась выдаткавана па 313,92 руб. пры зацверджаным нарматыве 305,48 руб.

 Аналіз, зроблены медыкамі, сведчыць, што колькасць памерлых у раёне за 2018 год скарацілася і склала 90,6% да 2017 года – за год памерла 432 чалавекі (72 – працаздольнага ўзросту). На жаль, нараджальнасць таксама змяншаецца. За 2018 год нарадзілася 173 дзіцяці, у 2017 – 211.

 Найчасцей жыхары раёна паміраюць ад хвароб кровазвароту – 181 чалавек ці 41,5% ад агульнай колькасці памерлых летась. На другім месцы – старасць. Сярод памерлых людзей узростам старэй за 80 гадоў – 81 асоба. На трэцім месцы ў структуры смяротнасці – новаўтварэнні. Па гэтай прычыне ў іншы свет адышоў 71 чалавек. І іх колькасць у параўнанні з 2017 годам вырасла і склала 16,28% ад агульнага ліку памерлых.

 На думку дакладчыка, узровень смяротнасці ў раёне, у тым ліку сярод працаздольнага насельніцтва, паступова зніжаецца. Найбольш хвалюе нізкая матывацыя людзей да здаровага ладу жыцця. Па-ранейшаму значная частка сенненцаў злоўжывае алкаголем, курыць. Хворыя даволі легкадумна ставяцца да рэкамендацый медыкаў па прыёме лекаў.

 У перспектыве раённую медыцыну чакае арганізацыя работы па прынцыпе ўрача агульнай практыкі, паступовы пераход на сістэму “электронная ахова здароўя” з прымяненнем электронных амбулаторных карт, электронных рэцэптаў. Для павышэння матывацыі да здаровага ладу жыцця ў насельніцтва медыкі будуць працаваць сумесна з педагогамі, супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Дасягнуць жаданага выніку немагчыма без паляпшэння агульнай культуры насельніцтва, павышэння ўзроўню асветніцкай работы.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.