В Сенненском районе борщевик Сосновского занимает площадь равную 72,86 га

 

Нягледзячы на прымаемыя меры, баршчэўнік Сасноўскага ў краіне займае плошчу роўную 2815,8 га, у тым ліку па Віцебскай вобласці 2069,7 га. На тэрыторыі Сенненскага раёна, згодна з інфармацыяй раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, інвазійнай культурай занята 72,86 га земляў.

 — 85% іх — гэта ўгоддзі ААТ “Сенненскі райаграсэрвіс” і “Сінягорскае”. Найбольш засмечаныя ўчасткі знаходзяцца ў Беліцкім, Багданаўскім і Студзёнкаўскім сельсаветах, — удакладняе галоўны спецыяліст інспекцыі Павел Васілеўскі.- Менавіта на іх у месцах масавага росту летась і ў папярэднія гады для знішчэння баршчэўніка Сасноўскага прымяняліся хімічныя сродкі, землі ўключаны ў севазварот.

 Значныя ачагі небяспечнай для экалогіі і людзей культуры можна сустрэць уздоўж дарог, што знаходзяцца на абслугоўванні ДРБУ-146 і ДЭУ-38, на меліярацыйных каналах Сенненскага ПМС, на землях, па якіх праходзяць лініі электраперадач Сенненскага РЭСа. На жаль, мер, што прымаюцца арганізацыямі, каб супрацьстаяць расліне-акупанту, часта бывае недастаткова. Нават меры адміністрацыйнага ўздзеяння не прымусілі адказных асоб больш мэтанакіравана знішчаць баршчэўнік. За зрыў графіка і непрыняцце мер па барацьбе з баршчэўнікам было складзена 7 пратаколаў, адказныя асобы аштрафаваны на суму 441 рубель.

  Актыўныя спробы спыніць распаўсюджванне расліны–акупанта на Віцебшчыне распачаліся ў 2008 годзе. Распрацавана цэлая праграма па яе знішчэнні, на спецыяльна выдаткаваныя з бюджэта сродкі набываліся мотакустарэзы, трымеры, ранцавыя апырсквальнікі і гербіцыды. На Сенненшчыне летась пры Беліцкім сельскім Савеце дэпутатаў было нават створана КУП “СЕТЬ УСЛУГ”, адным з напрамкаў дзейнасці якога ў летні перыяд стала якраз знішчэнне баршчэўніка Сасноўскага.

 На думку спецыялістаў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, важная роля ў спыненні распаўсюджвання баршчэўніка Сасноўскага належыць прыватным асобам. Калі колькасць раслін на ўчастку не вялікая, іх лёгка знішчыць механічным спосабам. Для гэтага дастаткова не дапусціць асемянення раслін, што магчыма пры рэгулярным падкошванні, выкопванні.

 Адказнасць за распаўсюджванне інвазійных культур, а гэта не толькі баршчэўнік Сасноўскага, а і залатарнік, канадскі клён (пералік можна працягваць), нясуць усе землекарыстальнікі: юрыдычныя, фізічныя асобы, а таму павінны прымаць неабходныя меры па знішчэнні шкодных раслін.