Вехи на столетнем пути

На днях у жыхароў аграгарадка Нямойта і працаўнікоў ПП “Дружбінец” была добрая нагода, каб азірнуцца на сваё мінулае. 23 студзеня 1919 года Сенненскае бюро РКП(б) разгледзела заяву Антона Пракаповіча і Івана Дубаўца аб стварэнні працоўнай камуны ў маёнтку Нямойта Пустынкаўскай воласці, які да рэвалюцыі належаў пані Неслухоўскай. Зварот задаволілі, зямлю адвялі, а камуну зарэгістравалі. Менавіта гэты дакумент і паклаў адлік калектыўнай працы немайцян.

Мы наш, мы новы…

 Зрэшты, яшчэ раней, 1 красавіка 1918 года, у вёсцы была створана арцель. Яна мела ворыўную зямлю, лугі, лясы. Былі і іншыя асноўныя сродкі вытворчасці: коні, каровы, гаспадарчыя пабудовы, прылады працы. Відаць, усё тое, што некалі належыла Неслухоўскай.

 Чаму з’явілася патрэба ў новай форме гаспадарання, сказаць не цяжка. Вырашальную ролю адыгралі падзеі, што адбыліся ў 1917 годзе, і палітычны момант, што меў месца на той час. Ваенны камунізм не даў жаданага эканамічнага эфекту і бальшавікі на чале з У. Леніным “каб вывесці сялян назаўсёды са старога становішча, закінутасці, прыгнечанасці і цемнаты” на I Усерасійскім з’едзе зямельных аддзелаў, камітэтаў беднаты і камун прыходзяць да высновы, што выхад у стварэнні камун і савецкіх гаспадарак. Дзеля гэтага Наркамат земляробства, аблвыканкамы распрацоўваюць спецыяльныя цыркуляры. У новую справу, як бы сказалі сёння, робяцца фінансавыя інвестыцыі.

 Згодна са Статутам Нямойтаўскай камуны, які з’явіўся неўзабаве, правы на ўласнасць вызначаліся наступным чынам: “Усё належыць усім, і ніхто ў камуне не можа нічога назваць сваім”. Камунары не атрымлівалі грашовага ўзнагароджання, не маглі карыстацца наёмнай працай, як і самі наймацца. Праўда, член камуны мог у любы момант выйсці з яе. Той, хто шкодзіў камуне, выключаўся з яе.

 70-гадовы юбілей камуны шырока адзначаўся ў 1989 годзе. Захаваліся не толькі газетныя публікацыі. На ўрачыстасці былі запрошаны дзеці камунараў, запісаны іх успаміны. Найбольш яркія з іх — пра работу дзіцячага сада, школы, сталоўкі.

 Пелагея Кавалёва, 1903 года нараджэння, у камуне была “паўрабочай”. Камунарам быў яе бацька, у якога было чацвёра дзяцей.

 — З вёскі да нас і блізка не хацелі ісці, не любілі нас. Толькі тыя былі ў камуне, хто працаваў у панскім маёнтку, а жылі мы дружна, весела, амаль ніколі не сварыліся між сабой, жылі адной вялікай сям’ёй, — успамінала яна.

 У камуне дзейнічала камсамольская арганізацыя, выпускалася газета, дзе падхвальвалі добрых працаўнікоў, высокую вытворчую выпрацоўку, не пакідалі без увагі і тых, хто ленаваўся працаваць. Трапіць у камунарскую “калючку” было вялікім сорамам, па словах яшчэ аднаго юнага камунара Трафіма Дубаўца.

 І ўсё ж псіхалагічна адмовіцца ад уласнасці, ад сваёй каровы, каня было немагчыма. Тыя камунары, якія прыйшлі са сваёй жывёлай, рэгулярна наведваліся ў хлеў, каб паглядзець на яе, даць больш корму.

 Не былі вольнымі камунары і ад улад. У камуне часта бывалі розныя ўпаўнаважаныя, інспектары. Шмат часу забіралі сходы, выбары, перавыбары, іншыя бюракратычныя працэдуры, якія рэгламентавалі дзейнасць камуны. Захаваўся пратакол агульнага сходу ад 3 красавіка 1922 года. У ліку пытанняў, вынесеных на абмеркаванне,— перавод камуны на новы Статут, перавыбары камунальнага Савета, бягучыя справы. Па першым пытанні слухалі губінспектара па сельскагаспадарчай кааперацыі т. Перамета, які праінфармаваў аб “палажэннях” савецкай улады ў вядзенні калектыўных гаспадарак, а таксама мэтах, формах грамадскай дзейнасці кааперытаваў, іх значэнні для сельскай гаспадаркі. У выніку новы Статут прынялі, новы Савет выбралі. Старшынёй камуны стаў т.Лісаў, таварышам старшыні — Гарбуноў.  Акрамя таго пастанавілі ўнесці паявыя ўзносы па аднаму пуду жыта і дзесяць фунтаў членскіх узносаў на кожнага актыўнага члена камуны ці кошт жыта іншымі зерневымі культурамі, уступіць у саюз кааператываў і накіраваць сваіх прадстаўнікоў у г. Сянно на з’езд кааператываў.

 Пратакол адлюстроўвае і сур’ёзныя праблемы кааператыўнага руху. У пункце 3а чытаем: “Зыходзячы з таго, што ў камуне членаў па колькасці недастаткова, прыняць А.Няфёдава паўнапраўным членам камуны, яго жонку і дачку. Маёмасці т. Няфёдаў не мае”.

 Яшчэ больш красамоўнымі з’яўляюцца вывады, зробленыя ў пачатку красавіка 1927 года пасля абследавання камуны “Нямойта”. У ліпені 1926 года прадукцыйная жывёла была раздзелена, дробная жывёла даўно знаходзілася ў індывідуальным карыстанні. Прапанова абагуліць яе ў гаспадарцы была адхілена большасцю. Нават старшыня Савета камуны ахарактарызаваны як “яры індывідуаліст”. Унутраны разлад сярод камунараў прывёў да ліквідацыі ўліку працы і матэрыяльных каштоўнасцей, знішчэння працоўнай дысцыпліны.

 Што рэкамендавалі інспектары? Рэцэпт на ўсе часы — выявіць злосных індывідуалістаў і выселіць з камуны, даўкамплектаваць “цвёрдымі камунарамі і даць добрага кіраўніка”. У ліку іншых рэкамендацый: узяць цвёрды курс на жывёлагадоўлю, галоўная задача — арганізаваць малочную арцель, каб наладзіць у камуне збыт малака, сучаснай мовай – вытворчасць таварнай прадукцыі.

 Савецкая ўлада яўна рыхтавалася да фундаментальных змен.

 Даведка “ГС”

 У 1929 годзе камуна “Нямойта” была рэарганізавана ў калгас “Індустрыя”. На той час у Сенненскім раёне налічвалася 19 калектыўных гаспадарак.

 

 Калгасная эра

У 1932 годзе старшыня калгаса Б.Ф. Мусі­ловіч прымаў удзел ва Ўсесаюзнай нарадзе калгасна-таварных ферм, якая прахо­дзіла 17 снежня ў Маскве. Хто ён, адкуль – невядома, мяркуючы па прозвішчы з тых, каго ў перыяд калектывізацыі партыя бальшавікоў накіроўвала для правядзення сваёй лініі.

 У 1938 годзе ў калгас “Індустрыя” ўваходзіла 97 двароў, 378 асоб, з якіх 202 былі працаздольнымі, і 41 падлетак узростам ад 12 да 16 гадоў. Звестак, па якіх можна меркаваць, наколькі эфектыўна вялася вытворчасць няма. А інфармацыя аб выпрацаваных працаднях мала што дае. Сярод калгаснікаў узгадваюцца трактарысты, што сведчыць аб наяўнасці ў калектыўнай гаспадарцы тэхнікі.

 У пасляваенны перыяд вытворчая дзейнасць у калгасе пачалася адразу пасля вызвалення раёна ад фашыстаў. Асноўную рабочую сілу складалі жанчыны, старыя і дзеці. Ім даводзілася не толькі займацца сельскай гаспадаркай. Многія накіроўваліся на лесараспрацоўкі ў самыя аддаленыя куткі СССР. Узначальваў калгас да 1948 года Андрэй Вярбіцкі. Выхаваны ва ўмовах дыктатуры, зведаўшы засценкі НКУС, па ўспамінах сучаснікаў ён вызначаўся моцнай воляй, жорстка патрабаваў выканання вытворчых заданняў. За кароткі час быў адноўлены кароўнік, спалены немцамі. Развіваліся іншыя накірункі жывёлагадоўлі. За сваю працу Андрэй Вярбіцкі быў узнагароджаны медалём “За працоўную адданасць”.

 Калгас пастаянна ўзбуйняўся. У пасляваенны час  у яго склад увайшлі вёскі Галавачы, Дубаўцы, Малы і Вялікі Межнікі, Розмыслава. Мяняліся яго назвы. Некаторы час калгас насіў імя Молатава.

 Даведка “ГС”

 Да 1956 года ўраджай­насць зерневых у калгасе не перавышала 12 цн з гектара. Жывёлы было мала, надой на карову ў год складаў 900 кілаграмаў.

 Можа яшчэ і таму, што большасць пагалоўя ўтрымлівалася на падворках калгаснікаў. Затое ў людзей было моцнае імкненне да працы, да лепшага жыцця. Яно супала з удалым кадравым прызначэннем. У гэты перыяд на дзяржаўным узроўні было прынята рашэнне аб накіраванні ў сельскую гаспадарку кіраўнікамі камсамольцаў. У выніку ў калгас імя Молатава, які хутка быў перайменаваны ў калгас “ХХ партз’езд”, на пасаду старшыні прыйшоў А. Шылько. У свой час ён выбіраўся першым сакратаром Сенненскага РК ЛКСМБ, прайшоў стажыроўку ў лепшай гаспадарцы сельсавета калгасе імя Сталіна, дзе папрацаваў галоўным аграномам, сакратаром партарганізацыі. У сукупнасці гэта прынесла жаданы вынік. У 1960 годзе, пасля чарговага аб’яднання калгасаў “ХХ партз’езд” і імя Ціміразева (вёскі Хамінічы, Ціміразева, Расходна, Буй, Парэчча) новая сельгасарганізацыя, атрымаўшая назву  калгас імя Ціміразева, мела грашовую выручку ў 1 млн рублёў, на карову за год надаілі 2430 кг. малака.

 Новым этапам у эканамічным развіцці калгаса, як і ўсёй сельскай гаспадаркі Беларусі, стала шырокае прымяненне ў вытворчасці земляробчай прадукцыі мінеральных угнаенняў і сродкаў аховы раслін, насычэнне аграрнай галіны кваліфікаванымі спецыялістамі, выкарыстанне новых тэхналогій і тэхнікі. У 1976 годзе калгас імя Ціміразева ўзначаліў Аляксандр Варанкоўскі, у 1981 на пасаду быў абраны Васіль Васілёнак. За іх плячыма быў не толькі вопыт працы, але і адукацыя, атрыманая ў спецыяльных навучальных установах.

 — Умацоўвалася не толькі матэрыяльная база калгаса. Дзяржаўныя ўкладанні, заробленыя грошы накіроўваліся на будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў. За гады існавання калгаса імя Ціміразева было ўзведзена 38 жылых дамоў, два шматпавярховых (30 кватэр), дзіцячы сад, кацельня, — расказаў Васіль Васілёнак. Пазней ён узначальваў раённы Савет дэпутатаў, а яго папярэднік на пасадзе старшыні калгаса імя Ціміразева Аляксандр Варанкоўскі стаў першым намеснікам старшыні райвыканкама, адказваў за развіццё ўсяго АПК раёна.

 З навейшай гісторыі

 Пасля распаду СССР Беларусь стала праводзіць уласную палітыку ў аграрнай галіне. Калгас імя Ціміразева быў рэарганізаваны ў СВК “Нямойта”, у 2005 годзе стаў УП “Дружбінец”. Зараз заснавальнікам унітарнага прадпрыемства з’яўляецца ААТ “Полацктранснафта “Дружба”. Сёння гэта адна з буйнейшых гаспадарак на Сенненшчыне. Пры яе стварэнні адбылося чарговае ўзбуйненне. На гэты раз за кошт уключэння ў яе зямель СВК “Андрэйчыкі”, “Чырвоны пуцілавец”, часткі зямель і вытворчых магутнасцей “Кастрычніка” і “Полымя”.

  Даведка “ГС

 Плошча ворыўнай зямлі ПП “Дружбінец” складае 4447 га. Валавая вытворчасць зерня ў сярэднім за год за апошнюю пяцігодку — 4627 тон пры ўраджайнасці 26,6 цн з гектара. Павялічылася, амаль удвая, да 940 галоў, колькасць кароў, на 444% валавы надой, на 296% —сярэдні надой на карову.

 — Асноўным відам дзейнасці сельгаспрадпрыемства з’яўляецца вытворчасць малака, — удакладняе Васіль Жук, цяперашні яго дырэктар. Менавіта таму за час існавання прадпрыемства праведзены капітальны ці бягучы рамонт усіх жывёлаводчых ферм, пабудавана МТФ з даільнай залай у в. Забор’е, некалькі арачнікаў, 4 сянажныя траншэі. Тэхнічнае пераабсталяванне праведзена фактычна на ўсіх фермах. Значныя ўкладанні зроблены ў машынна-трактарны парк. Пабудавана 48 добраўпарадкаваных жылых дамоў. Толькі інвестар ААТ “Полацктранснафта “Дружба” на гэтыя і іншыя мэты накіраваў дапамогу ў суме каля 5,5 млн рублёў. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства спадзяецца, што і ў новых умовах гаспадарання, калі скарачаюцца дзяржаўныя датацыі на падтрымку сельскай гаспадаркі, у “Дружбінца” і яго калектыва хопіць сіл і волі, каб мець дастойны вынік у вытворчай дзейнасці, які дапаможа мець высокае матэрыяльнае ўзнагароджанне для кожнага працаўніка.

 Аляксандр  ІЎЕЎ.