Глина. Яна жаночага роду.

Галоўнае ў кераміцы — цярпенне, цярпенне і яшчэ раз цярпенне. Цярпліва трэба вымешваць гліну, цярпліва ляпіць, потым цярпліва чакаць, пакуль выраб абсохне, цярпліва абпальваць яго ў печы. І толькі пасля ўсіх гэтых маніпуляцый доўгае цярпенне майстра ўзнагароджваецца гліняным шэдэўрам. Дзеля таго варта патрываць працаёмкі і брудны для жаночых ручак працэс, упэўнена кіраўнік гуртка керамікі пры Доме рамёстваў Інэса Сапроненка.

деколь москва

Гліна захапіла яе яшчэ падчас працы ў школе. 25 гадоў Інэса Леанідаўна выкладала ў СШ №1 імя З.Азгура выяўленчае мастацтва.   Адна з першых  стала выкарыстоўваць гэты прыродны матэрыял на занятках з вучнямі. Аднак час на кераміку быў абмежаваны рамкамі школьнай праграмы. Выйшаўшы на пенсію, Інэса Леанідаўна не прамінула сканцэнтраваць усю сваю творчую энергію на любімай гліне.

Памяшканне гуртка камфортным не назавеш. Свабоднай прасторы амаль няма. Паўсюль расстаўлены сталы, на падлозе стаяць ёмістасці з вадкай карычневай кашыцай — там гліна «вылёжваецца». Большую частку займаюць галоўныя інстру­менты кераміста — ганчарнае кола (электрычнае) і абпальная печ. Тэмпература ўнутры даходзіць да 1000 градусаў — шкло плавіцца! А вось элементарнага, дзе памыць рукі, няма. Нягледзячы на ўсе нязручнасці, тут уладарыць атмасфера творчасці. Падымаеш вочы ўгору і разумееш, чым так вабіць гліна. Сцены ўпрыгожваюць лепленыя пано, збаночкі, вазачкі. На паліцах абсыхаюць дзіцячыя работы. Можна тут убачыць і ўласную калекцыю  глінянага посуду майстра Сапроненкі, адшуканага ў вясковых бабуль. Глякі, гарлачыкі, збаны… Кожны з іх прызначаўся для пэўнага прадукту. Кажуць, у гліняным посудзе, бы ў халадзільніку, малако доўга не псуецца. Сучасная кераміка больш дэкаратыўная. Чаго толькі з падатлівага матэрыялу сёння не лепяць. Нават кветкі. Аднак найпапулярным сувенірам, асабліва ў дзіцячай аўдыторыі, ва ўсе часы застаецца свістулька. Дарэчы, гэта не проста дзіцячая забава. Па такім  прынцыпе робіцца нацыянальны музычны інструмент — акарына — і каштуе яна не танна.

Выхаванцы Інэсы Леанідаўны таксама асвойваць навуку лепкі свістулек (справа, лічы, ювелірная), працуюць на ганчарным коле. Бывае і брак. Ды толькі ў руках сапраўднага майстра брак гэты можа стаць якраз той самай «разыначкай».

У Інэсы Сапроненкі шмат асабістых творчых задумак. Майстар займаецца ад­раджэн­нем аўтарскіх «лялечак» некалі вядомага сенненскага ганчара-самавучкі Генадзя Глухарова. У планах зрабіць серыю пано з выявамі архітэктурнай спадчыны Сенненшчыны.

У кожнага з нас ёсць талент, упэўнена Інэса Леанідаўна. Аднак калі ў чалавека няма схільнасці да гэтай працы, талент не дапаможа яму дабіцца поспехаў.

Схільнасць і талент мастачкі ў самой Інэсы Сапроненкі (карэннай віцябчанкі) праявіліся яшчэ ў маленстве. Яна стала апантана маляваць, як толькі навучылася трымаць у руцэ аловак.

— Мяне не трэба было зацікаўліваць, як сёння таго патрабуюць ад настаўнікаў. Жаданне павінна ісці знутры чалавека.

Цікаўная дзяўчынка наведвала ўсе магчымыя гурткі, якгераіня вядомага дзіцячага вершыка. Неяк яе прывялі ў студыю малявання пры Доме піянераў, яна з ходу і лепш за ўсіх намалявала выстаўлены табурэт.

Натуральна, што далейшы лёс прывёў яе на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута.

— Наш «худграф» называлі не інакш як «Умелыя рукі». Чаму нас толькі там не вучылі! Адтуль я выйшла, можна сказаць, спецыялістам шырокага профілю.

У сваёй педагагічнай прак­тыцы Інэса Леанідаўна імкнулася таксама знаёміць вучняў з рознымі відамі мастацтва, матэрыяламі: жывапіс, акварэль, кераміка, металапластыка, саломапляценне і інш. Многія вучні пайшлі па слядах свайго настаўніка, атрымалі мастацкія і архітэктурныя спецыяльнасці. Яна стала першапачынальнікам мастацкага ўхілу ў школе.

— Ніколі не думала, што ён пры мне ж і зачыніцца. Гэта вялікая страта і для школы, і для вучняў. Мастакамі, канешне, усе не стануць, але мастацкае развіццё кожнаму паспрыяе ў жыцці.

Мастацтва сёння трэба прапагандаваць, упэўнена Інэса Леанідаўна:

— У нас ужо цэлы год працуе сувенірная крама, аднак і дагэтуль мала хто з гараджан ведае пра яе. Мае таленавітыя калегі робяць сапраўдны эксклюзіў, які нідзе не знойдзеш і не паўторыш. Вось гэта і трэба цаніць.

Вольга Бандарэвіч.