УЛАДА, БІЗНЭС, ГРАМАДСТВА – НА ШЛЯХУ САЦЫЯЛЬНАГА ПАРТНЁРСТВА

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў – найважнейшая палітычная кампанія. А яшчэ нагода, каб азірнуцца назад і паглядзець, што зроблена за апошнія гады ў рэгіёне, лічыць Міхаіл Вілюга, старшыня раённага Савета дэпутатаў.

 -Міхаіл Мікалаевіч, вы — ураджэнец Багушэўска, усё ваша працоўнае жыццё таксама звязана з Сенненшчынай. З 2009 года  ўзначальваеце прадстаўнічы орган раённай улады. На ваш погляд, чым адметнае для раёна апошняе чатырохгоддзе, час, што прайшоў пасля апошніх выбараў у мясцовыя органы улады?

-Перш за ўсё, значнымі бюджэтнымі, падкрэслю гэта, укладаннямі ў сацыяльную сферу. І не толькі Сянна, якое ў 2016 годзе прымала абласныя “Дажынкі”. Наўрад ці трэба ў чарговы раз пералічваць аб’екты, якія пабудаваны, рэканструяваны, капітальна адрамантаваны. Куды больш важна, што работа ў гэтым накірунку не спынілася. Працягваецца капітальны рамонт жыллёвага фонду. Можа ў меншым аб’ёме, затое работы перамясціліся ў Багушэўск, Машканы, Цыпкі, іншыя сельскія населеныя пункты. Значныя ўкладанні зроблены ў сістэму водазабеспячэння. Пракладзены новы водаправод па Мічурына і бліжэйшых вуліцах. Вядзецца рэканструкцыя ў паўднёва-заходняй частцы райцэнтра ў рамках праекта па падключэнні яе да станцыі абезжалезвання. Палепшанай якасці пітную ваду маюць багушэўцы, машканцы, багданаўцы.

Блізіцца да завяршэння рамонт раённай бальніцы, можна пераразаць чырвоную стужку і здаваць у эксплуатацыю базу біятлону. Аб’ект знакавы для раёна з улікам дасягненняў сенненцаў у гэтым спорце. У райцэнтры плануецца пабудаваць басейн. Пад яго выбрана пляцоўка, вядуцца праектна-пошукавыя работы. Расце колькасць спартыўных і дзіцячых пляцовак у дварах.

-Не менш важна, што яны запатрабаваны. Не толькі моладдзю, якая праводзіць на іх трэніроўкі, бавіць вольны час. Тут, у парках, скверах падтрымліваюць фізічную форму людзі сталага ўзросту.

-Сапраўды, прапаганда здаровага ладу жыцця, даступнасць спартыўных збудаванняў спрыяюць заняткам спортам і фізкультурай. Пасля рэканструкцыі ФСК яго зала запоўнена з раніцы і да апоўначы спартыўнымі спаборніцтвамі, трэніроўкамі з удзелам выхаванцаў СДЮШАР, аматараў розных відаў спорту. Комплекс арэндуецца працоўнымі калектывамі, грамадскімі аб’яднаннямі, ІП. Здаровы лад жыцця дэманструюць яго прыхільнікі ў Багушэўску, Ходцах, Машканах.

-Спартыўныя аб’екты, медыцына, адукацыя, здаровы лад жыцця… Сацыяльная сфера, безумоўна, адыгрывае ў жыцці людзей важную ролю. Аднак стварэнне рабочых месцаў, узровень заработнай платы з’яўляюцца вызначальнымі пры ацэнцы дзейнасці ўлады.

-Аб’ём інвестыцый у эканоміку раёна сапраўды не такі вялікі, як хацелася б. Тым не менш, укладанні робяцца: у сельскую гаспадарку, дрэваапрацоўку, іншыя сферы. І не толькі беларускімі інвестарамі. У Багушэўску паспяхова развіваецца СААТ “Мілканфорэст”, заснавальнікам якого з’яўляецца сербскі бізнэсмен. На прадпрыемстве ўжо працуюць каля ста чалавек, якія пры высокай кваліфікацыі і адпаведных адносінах да працы маюць дастойныя заробкі. Буйныя інвестыцыі зроблены саўгасам імя Машэрава і віцебскім аграхолдынгам, у які сельгаспрадпрыемства ўваходзіць. Аднавіў пасля рэканструкцыі работу свінакомплекс, у Масорах будуецца МТФ з даільнай залай, уключаны ў севазварот землі былога саўгаса імя Гараўца. Яго нядаўна пустыя фермы запоўнены жывёлай. Мясцовае насельніцтва далучаецца да высокай вытворчай культуры, набывае навыкі ў рабоце па новых перадавых тэхналогіях.

Раён мае добрыя перспектывы на прыцягненне інвестыцый у будучым. Паміж Віцебскім аблвыканкамам і кітайскім бізнэсменам заключаны дагавор на будаўніцтва ў раёне буйной малочнай фермы і завода па перапрацоўцы малака. На базе былой мэблевай фабрыкі ў Багушэўску створана прадпрыемства, накірункам дзейнасці якога стане дрэваапрацоўка. Нарэшце, трэба сказаць і аб партнёрстве дзяржавы і бізнэсу ў сацыяльнай сферы. На сродкі дзяржавы і прыватнай асобы газіфікаваны вёскі Рыбнае і Заветнае. На чарзе газіфікацыя Скога, Цыпак. Хочацца спадзявацца, што “блакітнае паліва” дасць названым населеным пунктам, як і Багушэўску, дзе газіфікацыя прайшла раней, шанц на новае жыццё, у тым ліку эканамічнае.

-Якія перспектывы бачацца вам у пашырэнні прадпрымальніцтва, самазанятасці насельніцтва?

  -Пачнём з некаторых лічбаў. За мінулы год у раёне на прадпрыемствах рознай формы ўласнасці было створана 74 новыя рабочыя месцы. Трое безработных атрымалі бязвыплатныя субсідыі на суму больш за 2 тыс. рублёў кожны на стварэнне ўласнай справы. У выніку ў раёне з’явілася яшчэ адна аграсядзіба “Купальніца”, ІП наладжана вытворчасць мэблі пад заказ, а рамеснік займаецца рамонтам і вырабам лавак, альтанак, садовай мэблі.

Новым імпульсам для разняволення ініцыятывы людзей павінен стаць дэкрэт ад 23 лістапада мінулага года “Аб развіцці прадпрымальніцтва”. Дакумент, падпісаны Прэзідэнтам, унёс якасныя змены ў бізнэс-клімат. Кардынальна змяняюцца механізмы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнэсу, мінімізуецца ўмяшанне службовых асоб у работу суб’ектаў гаспадарання, запушчаны механізмы самарэгулявання бізнэсу. Так што перад сенненцамі адкрываецца шырокая прастора для стварэння прыватных арганізацый па аказанні бытавых, турыстычных, сацыяльных паслуг, можна свабодна працаваць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, займацца перавозкамі пасажыраў і багажу, вытворчасцю прадукцыі, чаму, безумоўна, аддаецца перавага.

 Калі мяркаваць па тэндэнцыях, што назіраюцца апошнім часам у сельскай мясцовасці, можна чакаць далейшага развіцця прысядзібнай гаспадаркі. Усё больш вяскоўцаў трымаюць на падворках па 3 і больш кароў. Некаторыя стаўку робяць на вырошчванне гародніны. Ды і дэкрэт №1 падштурхоўвае насельніцтва і ўлады да пошукаў і стварэння новых рабочых месцаў.

-Міхаіл Мікалаевіч, вы ўзначальваеце раённы Савет дэпутатаў, добра ведаеце работу дэпутацкага корпусу. Якім вам уяўляецца ідэальны народны выбраннік? У якім напрамку павінна быць скіравана яго дзейнасць?

-Статус дэпутата абавязвае рэалізоўваць свае паўнамоцтвы праз работу на сесіях, дзе зацвярджаецца бюджэт раёна, абмяркоўваюцца розныя праграмы па развіцці рэгіёна. Яшчэ адзін, не менш важны накірунак, работа ў акругах з выбаршчыкамі ў час прыёмаў, сустрэч. Чалавеку важна, каб яго чулі, пры неабходнасці дапамаглі ў вырашэнні не толькі грамадскіх, але і асабістых праблем. Яшчэ больш важна, каб дэпутат, праз прыватныя асобныя праблемы бачыў і разумеў, у якім напрамку павінен развівацца рэгіён і грамадства ў цэлым.

-Больш чым 70% дэпутатаў ранейшага склікання зноў прэтэндуюць на дэпутацкія мандаты. На чым грунтуецца іх упэўненасць, што людзі зноў акажуць ім давер?

-У райсавеце мы не аналізавалі, па якіх акругах, ранейшых ці новых, балатуюцца дэпутаты 27-га склікання, што зроблена ў акругах. А вось самі выбаршчыкі, думаю, могуць і павінны прааналізаваць зробленае, перш чым прыйсці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць. У раённы, іншыя мясцовыя Саветы павінны трапіць самыя актыўныя кандыдаты ў дэпутаты, людзі, якія хочуць і могуць працаваць дзеля грамады.

Гутарыў Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.