Дзед Мароз па вызаву

Атрымаць падарунак ад самога Дзядулі Мароза?  Патанчыць са Снягуркай і казачнымі персанажамі, расказаць ім верш, праспяваць песню? Гэтага б жадалі многія. Толькі не ўсе ведаюць, як  ажыццявіць мару. Робіцца гэта даволі проста — з дапамогай спецыялістаў раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра пры аддзе­ле культуры райвыканкама.

 — Паслугу-падарунак ад Дзеда Мароза мы аказваем жадаючым вось ужо колькі год запар, — расказвае метадыст РАМЦ  Таццяна Гарбачова. — І яшчэ ніхто з тых, хто звяртаўся да нас у мінулыя гады, не пашкадаваў аб гэтым. Радаваліся нашаму прыходу дарослыя, а  захапленню дзяцей не было мяжы. Ці сапраўдны Дзядуля Мароз? Што знаходзіцца ў яго вялізным мяшку? Які падарунак прынёс? Гэтыя і іншыя пытанні задавалі малыя

і прасілі  яго прыйсці на наступны год.

«Абавязкова! — гаварыў Дзядуля

Мароз,  — чакайце!».

 І вось на парозе  2011 год. І зноў работнікі РАМЦ гатовы  выканаць заяўкі  жыхароў горада і Сенненскага раёна, прынесці радасць у кожны дом. За сімвалічную, заўважу, плату.

 Да слоў Таццяны Міхайлаўны Гарбачовай дадам, што казачныя персанажы знойдуць магчымасць заві­таць да вас 29, 30 і 31 снежня. Тэлефануйце  Дзядулю Марозу — 4-18-42 — і  мары стануць явай.