Абласная выстава «80 год Віцебскай вобласці» запрашае ў падарожжа па старонках летапісу Прыдзвіння

Знакамітыя людзі, дасягненні прамысловасці, спорту і культуры, нацыянальная спадчына… Пра гэта расказвае выстава, прымеркаваная да 80-годдзя ўтварэння Віцебскай вобласці, што адкрылася 26 студзеня ў абласным гісторыка-краязнаўчым музеі (будынак гарадской ратушы). Свае ўнікальныя прадметы і матэрыялы на ёй прадставілі музеі ўсіх раёнаў Прыдзвінскага краю.

Асобныя старонкі экспазіцыі прысвечаны будаўніцтву ў Наваполацку гігантаў нафтахіміі, развіццю абутковага, тэкстыльнай вытворчасці, зараджэнню фестывальнага руху і іншым вехам у 80-гадовым летапісе Паўночнага рэгіёна.

Свой унёсак у выставу зрабіў і Сенненскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Як адзначыла захавальніца фондаў установы Браніслава Жаўтабрухава, адзін з крытэрыяў адбору рэчаў — яны павінны адлюстроўваць спецыфіку рэгіёна. Такімі ўнікальнымі  сенненскіх музейшчыкаў з’яўляюцца арыгінальныя дакументы сям’і Матроны Маркевіч, аўтаркі арнамента на дзяржаўным сцяге нашай краіны, а таксама работы знакамітых ураджэнцаў Сенненшчыны, дзеячаў мастацтва Беларусі — скульптара Заіра Азгура і мастака Уладзіміра Гоманава.

Выстава будзе працаваць на працягу месяца. А таму не толькі ў жыхароў Віцебска, але і ў сенненцаў ёсць магчымасць, каб наведацца на выставу і ўбачыць, чым сёння ганарыцца Віцебшчына.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.