Рыхтуемся да навагодняй ночы

Які стол рыхтаваць ?

На святочным стале абавязкова павінны быць яблыкі і проса. Не варта падаваць на стол ніякай заячыны ці трусяціны, каб не будзіць у Зайца тыгра. Наогул, лепш аддаць перавагу стравам  вегетарыянскім. Пабольш усякай гародніны (асабліва траўкі) — зялёнай цыбулі, кропу, пятрушкі, салаты.

 Стыхія 2011 года — Метал, таму варта  расставіць па кватэры металічныя ўпрыгожванні (напрыклад, металічныя вазы ці падстаўкі для свечак) і выкарыстаць прыгожыя металічныя сталовыя прыборы. Не забудзьцеся купіць фігуркі са знакам гэтага года і падарыць іх блізкім. Пакіньце фігурку і сабе, пастаўце на паліцу ці прымацуйце да халадзільніка, каб дагадзіць сімвалу надыходзячага года.

 Разам  з навагоднімі падарункамі пад елку варта паклас­ці пучок морквы, каб пацешыць знак 2011 года. А пад бой гадзінніка, загадаўшы запаветнае жаданне, можна і памяўкаць (каб пацешыць заадно і Ката).

 У што апрануцца на сустрэчу

 з Новым 2011 годам?

 Неабходна прадумаць убор, які будзе адпавядаць колеру Труса. Найболей вядомы белы трус з чырвонымі ці сінімі вачамі, але ёсць таксама чорныя, карычневыя, сінія ці блакітнаватыя, чорна-бурыя, серабрыстыя і жоўтыя трусы. З катом яшчэ прасцей.

 Калі ў вас няма маскараднага гарнітура труса ці ката, лепш за ўсё прыбрацца ў адзежу з лёну, бавоўны, шэрсці светлых пастэльных тонаў, хоць дапушчальныя таксама жоўты, карычневы, серабрысты, бэжавы, блакітны і памяранцавы.

Што дарыць?

 Самым удалым падарункам будзе плед. Пажадана — у каларыстыцы сімвалаў года. Але галоўнае — пухнаты і мяккі. Для цяпла і ўтульнасці можна падарыць мяккія хатнія тапачкі з трусовымі вушкамі ці катовымі вусамі. Выдатнымі навагоднімі падарункамі будуць і мяккія цацкі ў  выглядзе сімвалаў года.

Трус вельмі любіць сувеніры. А значыць, у навагоднюю ноч можна дарыць родным і сябрам разнастайныя ста­туэт­кі, талісманчыкі, кубачкі з выявамі труса ці ката, бірулькі на ключы і мабільнікі.

 Добрым падарункам стане жывы сімвал года — дэкаратыўны трус ці кацяня. Праўда, лепш спачатку пацікавіцца стаўленнем да жывёл у будучага гаспадара, каб замест радасці не ўбачыць на яго твары разгубленасць. Можна падарыць  качан капусты, перавязаны святочнай стужкай. Замест букетаў — пятрушку-кроп-салату. А каб не пакрыў­дзіць другога сімвала года, святочныя салаты можна ўпрыгожыць фігуркамі мышак, зробленых з вараных яек.