З вуліцы Заслонава райцэнтра зніклі кантэйнеры для збору бытавых адходаў. Камунальнікі паабяцалі знайсці выхад
«Дапамажыце вярнуць кантэйнеры!» — з такой просьбай у рэдакцыю “ГС” звярнуліся жыхары вуліцы Заслонава.
Некалькі месяцаў назад насупраць магазіна «Кармы» РУП ЖКГ абсталявала пляцоўку для раздзельнага збору бытавых адходаў. Тры кантэйнеры прастаялі нядоўга. Праз колькі часу іх убралі. Аднак жыхары і сёння зносяць усё непатрэбнае і пакідаюць на месцы, дзе былі ёмістасці для смецця.
Як паведаміла Галіна Барбарчык, начальнік участка па добраўпарадкаванні і санітарным стане РУП ЖКГ, кантэйнеры на ранейшае месца не вернуць. Пляцоўку жылкамунгасаўцы ўстанавілі, папярэдне не ўзгадніўшы з супрацоўнікамі АДАІ. Як аказалася, кантэйнеры павялічвалі рызыку здзяйснення ДТЗ.
Узамен камунальнікі пусцілі машыну для збору смецця, якая штодзень, акрамя нядзелі, у 9.00 прыязджае на Заслонава. Аднак, як сведчаць пакункі з адходамі, якія перыядычна з’яўляюцца на месцы, дзе былі кантэйнеры, гэта час не самы зручны для людзей. Не выпраўляе сітуацыю і смеццявоз, які па панядзелках з 17.30 да 19.00, спыняецца ля інтэрната па Заслонава.
Галіна Барбарчык паабяцала, што камунальнікі перагледзяць графік вывазу бытавых адходаў.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота носіць ілюстрацыйны характар.