У дзіцячым садку №1 г. Сянно адкрыўся міні-музей хлеба (+фота)
«Хлеб – усяму галава» — сцвярджалі нашы продкі. Так лічыць і сённяшняе пакаленне. У мэтах выхавання беражлівых адносінаў да самага галоўнага прадукта беларусаў, павагі да гісторыі сваёй зямлі ў дзіцячым садку №1 райцэнтра адкрыўся міні-музей хлеба.
Экспазіцыя даступна для дашкольнікаў распавядае пра шлях, які праходзіць хлеб, перш чым трапіць на стол кожнай сям’і. Тут можна ўбачыць разнастайны наглядны і практычны матэрыял. Паўнату, пакуль яшчэ невялікай калекцыі, надалі макеты млына, печы, жорнаў, зробленых бацькамі выхаванцаў.
З разнастайнымі відамі хлебабулачнай прадукцыі знаёмяць муляжы, злепленыя з салёнага цеста, пашытыя з тканіны. Маленькія шкляначкі з насеннем пшаніцы, ячменю і жыта даюць магчымасць даведацца, з якіх зерневых культур вырабляюць муку. Педагогі паклапаціліся і пра асобна аформлены куток мастацкай літаратуры. Тут сабраны кнігі казак, апавяданняў, вершаў, прымавак і прыказак пра хлеб.
Для дзяцей рознага ўзросту распрацаваны экскурсіі. Як адзначыла Вольга Глебава, настаўнік-дэфектолаг установы, якая правяла экскурсію: “Музей дае не толькі наглядны матэрыял, тут можна праводзіць заняткі па азнаямленні з навакольным светам, па развіцці мовы”.
Першымі яго наведвальнікамі сталі выхаванцы садка, іх бацькі, а таксама Алена Вілюгіна, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму, Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама. Дарэчы, менавіта Зоя Сцяпанаўна, з’яўляецца ініцыятарам стварэння музеяў ва ўсіх установах адукацыі Сенненскага раёна.
Напрыканцы экскурсіі, выхавальнікі частавалі гасцей хлебабулачнай прадукцыяй, прадастаўленай Сенненскім хлебазаводам.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
НА ЗДЫМКУ: падчас экскурсіі.
Фота аўтара.