Выхаванцы Сенненскай ДЮСШ па грэка-рымскай барацьбе зноў у прызёрах

Выхаванцы Сенненскай ДЮСШ па грэка-рымскай барацьбе зноў у прызёрах.

Аб гэтым засведчылі спаборніцтва, якое праходзіла ў гарадскім пасёлку Обаль Шумілінскага раёна напрыканцы лістапада. Турнір сабраў больш за сотню ўдзельнікаў не толькі з усіх спартыўных школ барацьбы Віцебскай вобласці, а і з іншых рэгіёнаў Беларусі. Ля вытокаў обальскага турніра, якому сёлета ўжо больш за 30 год, стаялі такія трэнеры як абальчанін Пётр Ганушчанка, знакаміты віцебскі трэнер Рэвіз Гігаўры і сенненец Анатоль Кучынскі.

Пачаўся обальскі турнір выступленнямі прызёраў кадэцкіх і юніёрскіх чэмпіянатаў свету і Еўропы па грэка-рымскай барацьбе. Але галоўнымі ўдзельнікамі спаборніцтваў былі самыя юныя спартсмены ад васьмі да дванаццаці гадоў. 

Анатоль Кучынскі і Анатоль Рыбчанка, як трэнеры-выкладчыкі былі ўпэўнены ў сваіх выхаванцах. І не памыліліся. У вагавай катэгорыі да 26 кг трэцім стаў Іван Кулік; да 29 кг – Мікіта Саўлевіч, Данііл Красноўскі; да 35 кг – Данііл Воранаў; да 38 кг – Сцяпан Подраз; да 42 кг – Артур Мельцын. А вось Ілле Цюцюнову ў вагавай катэгорыі да 38 кг удалося, пераадольваючы вялікую канкурэнцыю, узняцца на другую прыступку обальскага п’едэстала.

Сенненец Максім Кажарскі – майстар спорту міжнароднага класа, не так даўно выступіў на XXIV Міжнародным турніры па грэка-рымскай барацьбе памяці алімпійскага чэмпіёна Алега Караева. Спаборніцтва праходзіла ў Мінскім Палацы спорту. Гэта былі камандныя выступленні, дзе былі прадстаўлены спартсмены з Грузіі, Украіны, Казахстана, Польшчы, Узбекістана, Расіі і Беларусі. Наша краіна выставіла на турніры дзве каманды. Адна з іх, у складзе якой знаходзіўся Максім, заняла першае месца. На другой і трэцяй прыступках размеркаваліся каманды з Расіі і Казахстана.

Зараз сенненскія барцы рыхтуюцца да новых спаборніцтваў, якія пройдуць у Глыбокім, Віцебску і Мінску. Максім Кажарскі, член нацыянальнай зборнай па грэка-рымскай барацьбе пад нумарам адзін, знаходзіцца на зборах на алімпійскай базе ў Стайках, дзе рыхтуецца да новых міжнародных спаборніцтваў, што пройдуць, як на тэрыторыі Беларусі, так і па-за межамі нашай краіны.

  Аляксандр ПАДАРОЖНЫ.

Фота аўтара.