Прафесіянал не толькі ў працы
Конкурс «Жанчына года», заснаваны па ініцыятыве ГА «Беларускі саюз жанчын», праводзіцца ў Беларусі не першы год. Грамадская арганізацыя свае «пярвічкі» мае ў Беларусбанку, дзе працуе шмат прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. А таму заканамерна, што самых дастойных жанчын шукалі і сярод работніц філіяла № 200 Віцебскага абласнога ўпраўлення, куды структурна ўваходзіць ЦБП № 218 г.Сянно. Іншая справа, як іх выявіць, калі жанчыны ў калектывах складаюць большую палову. Ды яшчэ якія жанчыны — адукаваныя інтэлектуалы, паспяховыя ўпраўленцы, грацыёзныя прыгажуні, самадастатковыя лэдзі, узбагачаныя лепшымі маральнымі якасцямі. У выніку на званне «Жанчына года» было вылучана 90 прэтэндэнтак. Нягледзячы, што званне даецца па некалькіх намінацыях, прафкаму і савету жанчын, якія вызначалі самых дастойных, рашэнне далося нялёгка. Нават з удзелам у сумесным пасяджэнні Ларысы Аленскай, старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ГА «БСЖ», намесніка начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама, Наталлі Петрачковай, старшыні ГА «БСЖ» Беларусбанка, іншых вядомых у Віцебскай вобласці і фінансавай установе асоб. У лік намінантаў трапіла Святлана Сухаварава, загадчыца аддзялення № 218/165 г.п. Багушэўск Цэнтра банкаўскіх паслуг г.Сянно. Ёй уручаны дыплом «За ўмацаванне сямейных каштоўнасцей».
Многія гады Святлана Аляксееўна прысвяціла працы ў банкаўскай сферы, стала сапраўдным прафесіяналам, дапамагла авалодаць прафесіяй многім маладым спецыялістам. Аддзяленне рэгулярна спраўляецца з вытворчымі заданнямі. Яго работніцы вылучаюцца высокай культурай абслугоўвання.
Праца ў банку для Святланы Сухаваравай стала сямейнай традыцыяй. Побач з маці не першы год працуе малодшая дачка Ганна. Яна яшчэ жыве разам з бацькамі. А вось старэйшая мае ўласную сям’ю, у якой нядаўна нарадзілася дзіця, унучка Святланы Аляксееўны. Менавіта па гэтай прычыне намінантка конкурсу «Жанчына года» не змагла прысутнічаць у Віцебску на цырымоніі ўручэння дыплома. Нядаўна гэта зрабіла дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг Таццяна Гарнак у прысутнасці калег па працы.
Аляксандр Лазюк.
На здымку: Святлана Аляксееўна Сухаварава (у цэнтры) у час уручэння дыплома «За ўмацаванне сямейных каштоўнасцей».