Шэсць другакласнікаў Беліцкай ДССШ атрымалі нагрудныя значкі ў выглядзе пяціканцовай зоркі і сталі акцябратамі (+фотарэпартаж)

У сярэдзіне лістапада  ў Беліцкай ДССШ адбылося ўрачыстае пасвячэнне  другакласнікаў у акцябраты.

Шэсць вучняў школы атрымалі нагрудныя значкі ў выглядзе пяціканцовай зоркі. Святочнае мерапрыемства  наладзіў калектыў установы, у прыватнасці, педагог-арганізатар Ірына Стайнова. Завіталі на яго і члены піянерскай дружыны імя Аляксандра Матросава. Хлапчукі і дзяўчынкі  падзяліліся сваімі поспехамі і дасягненнямі, дапамаглі малодшым вучням справіцца з імправізаваным падарожжам па праменьчыках зоркі. Выкананне разнастайных па тэматыцы заданняў сімвалізавала допуск другакласнікаў у акцябраты. Для таго, каб атрымаць яго, школьнікі спявалі, адказвалі на пытанні, праяўлялі свае веды і кемлівасць, згуртаванасць і нават дружалюбнасць. 

З яшчэ большым запалам яны аднесліся да цырымоніі пасвячэння, якую правялі педагог-арганізатар Раённага цэнтра дзяцей і моладзі Таццяна Пучкова, ветэран піянерскага руху Вольга Ульянава, Ірына Стайнова, старшыня савета піянерскай дружыны імя Аляксандра Матросава Лізавета Рабушка, сакратар школьнай пярвічкі грамадскага аб’яднання “БРСМ” Анастасія Мароз і намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Наталля Стрэльская. З цёплымі словамі да новаспечаных членаў БРПА звярнуліся дырэктар Беліцкай ДССШ і па сумяшчальніцтве старшыня пярвічных арганізацый ГА «Белая Русь» і БСЖ Кацярына Рабушка, дырэктар РЦДіМ Валянціна Каржыцкая, Вольга Ульянава падзялілася невялікімі ўспамінамі з гісторыі свайго піянерскага жыцця. Акрамя прыемных слоў, віноўнікі ўрачыстасці атрымалі невялікія прэзенты ад школьнай пярвічкі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, ад імя ўсіх бацькоў смачны падарунак і музычныя віншаванні дзятве паднесла Алена Харчанка. Акцябраты ў сваю чаргу паабяцалі ўсім прысутным быть стараннымі, актыўнымі і імкнуцца рабіць добрыя справы.

Пасля мерапрыемства педагогі-арганізатары падвялі вынікі сваёй працы за мінулы год, абмяркавалі новыя накірункі дзейнасці. За добрасумленную шматгадовую працу і творчы падыход у выхаванні дзяцей і падлеткаў ад Раённага цэнтра дзяцей і моладзі і Раённага савета грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” падзякі атрымалі Ірына Стайнова, педагог-арганізатар Багушэўскай санаторнай школы-інтэрната Ірына Сімакова, Тамара Пупіна з Какоўчынскай ДССШ,, Алена Ілюшэнка з Машканскай ДССШ, Святлана Даўкшас з Сенненскай школы-інтэрната.

Ганна КОРСАКАВА. 

 Фота аўтара.