Дэпутат Беліцкага сельскага Савета па Асінаўскай выбрачай акрузе Віктар Калуханаў: «У вясковым жыцці дробязей няма»

     Дэпутат сельскага Савета бліжэй за іншых дзяржаўных асоб знаходзіцца да людзей, бачыць іх праблемы знутры, лічыць Віктар Калуханаў, дэпутат Беліцкага сельскага Савета па Асінаўскай выбарчай акрузе (на здымку).

     У час выбараў у мясцовыя органы ўлады за яго галасавалі жыхары вёсак Горы, Шалухі і Асінаўка. Вось ужо амаль чатыры гады Віктар Іванавіч стараецца апраўдаць аказаны вяскоўцамі давер. Іх праблемы ведае не па чутках, бо карані ўраджэнца вёскі Машкі Студзёнкаўскага сельсавета – сялянскія.

     Пасля службы ў органах МУС, якой аддаў чвэрць стагоддзя, Віктар Калуханаў пераехаў з райцэнтра ў в.Горы, пабудаваў там дом і асеў, як кажуць, на зямлі. На падворку трымае карову, трусоў, птушку, развёў пчол. Імкнецца зрабіць тое, што ў яго сілах, каб селяніну жылося лягчэй і камфортней у вёсцы, каб ён не адрываўся ад работы на зямлі, стараўся зрабіць свой родны куток утульным і квітнеючым.

     -Наша мэта — захаваць вёску, тое, што стваралася нашымі дзедамі і бацькамі. Селянін, які працуе на сваёй зямлі, таксама ўдзельнічае ў рэалізацыі Дзяржаўнай харчовай праграмы, забяспечвае прадуктамі сельскай гаспадаркі і сябе, і іншых грамадзян, тым самым прымнажае эканамічныя дасягненні дзяржавы, — лічыць дэпутат Калуханаў. – А каб захаваць селяніна на зямлі, яму трэба стварыць дастойныя ўмовы жыцця.

     Некалькі гадоў таму Віктар Іванавіч арганізаваў у Горах кааператыў па газіфікацыі дамоў. Пагутарыў з аднавяскоўцамі, растлумачыў выгаду газавага ацяплення, асабліва для старых, якім складана займацца нарыхтоўкай паліва. З’агітаваў восем гаспадароў. Летась блакітнае паліва падключылі пяць домаўладальнікаў. Астатнія падвялі газаправод да падворкаў, цяпер збіраюць грошы, каб скончыць пачатую справу. Прапанаваў Калуханаў стварыць “газавы” кааператыў і жыхарам Асінаўкі. Вяскоўцы вырашылі падумаць.

     -Газ патрэбны вёсцы ў першую чаргу, — упэўнены дэпутат. – Ён вельмі аблегчыць паўсядзённае жыццё. На сваёй малой радзіме будуць заставацца дзеці, унукі сялян.

     А пакуль гэта паліва масава не прыйшло ў сельскія населеныя пункты, на парадку дня штогод стаіць пытанне забеспячэння дровамі. Асабліва шмат зваротаў было два гады назад. Тады Калуханаў папрасіў дапамогі ў Бурбінскім лясніцтве. Засяродзіў увагу на тым, што ўчасткі для нарыхтоўкі дроў павінны быць паблізу вёсак. Работнікі лясніцтва паказалі, дзе можна высякаць алешнік. Падзялілі ўчастак паміж дваццаццю сям’ю  вяскоўцамі, што мелі патрэбу ў дровах.

     Яшчэ адзін клопат жыхароў сельскіх населеных пунктаў, а значыць і дэпутацкі таксама, — дарогі. Напрыклад, прыйшлося вырашаць пытанне адводу вады, якая ў час дажджоў збіралася на ўездзе ў Горы. Трубы для гэтай справы Віктар Іванавіч знайшоў сам. Устанавілі іх дарожнікі. Дэпутат і ўсе жыхары вёскі вельмі ўдзячны за садзейнічанне і дапамогу старшыні Беліцкага сельвыканкама Васілію Кошалеву і начальніку ДРБУ-146 Ігару Мурашкевічу.

     Дарэчы, на адной з сесій сельскага Савета Віктар Калуханаў выступіў з прапановай дазволіць вясковым жыхарам самім вызначаць, на якія мэты павінны ісці іх грошы ад дарожнага збору.

     Зімой, пасля снегападаў, дэпутат бярэ ў рукі рыдлёўку і пачынае расчышчаць вясковую вуліцу. Да яго далучаюцца суседзі. Таму дарога па Горах узімку заўсёды даступная для праезду хуткай дапамогі, аўтамабіля газавай службы, для любога іншага транспарту.

     Вясной народнага выбранніка турбуюць іншыя клопаты. Штогод арганізоўвае суботнікі па ўборцы. У навядзенні парадку на могілках в.Шалухі ўдзельнічаюць  не толькі вяскоўцы, але і жыхары горада, родныя якіх таксама пахаваны там.

     -Пасля аварыі на ЧАЭС мне давялося пабываць у Чарнобыльскай зоне і ўбачыць тамашнія могілкі, якія могуць служыць прыкладам таго, як трэба даглядаць месца апошняга прытулку блізкіх людзей, — успамінае Віктар Іванавіч.

     Абкошванне абочын дарогі ў сваёй і іншых вёсках таксама клопат Калуханава. У гэтай справе яму дапамагае былы саслужывец, жыхар в.Горы Васілій Казлоўскі.

     -Прыемна прайсці па вёсцы, калі яна чыстая, утульная. Некаму гэта падасца дробяззю ў параўнанні з больш сур’ёзнымі сучаснымі праблемамі. А я, наогул, лічу, што ў сельскім жыцці дробязей быць не павінна. Вёска – наш дом, і па яе знешнім выглядзе мяркуюць, якія мы гаспадары, — дзеліцца думкамі нераўнадушны прадстаўнік дэпутацкага корпусу.

     У час калі старшынёй Беліцкага сельвыканкама працаваў Сяргей Галынчык, які цяпер займае пасаду намесніка старшыні райвыканкама, былі набыты ў абласным цэнтры шэсць кантэйнераў для смецця і ўстаноўлены ў Шалухах, Горах, Асінаўцы, а таксама на могілках. Калуханаў пасадзейнічаў, каб вяскоўцы заключылі з жыллёва-камунальнай гаспадаркай дагаворы на іх абслугоўванне.

     Улетку людзі звяртаюцца за выдзяленнем пашаў для жывёлы. Пытанне дэпутат вырашае, абапіраючыся на падтрымку сельвыканкама. Працякаў водаправод у Горах, вырашаць праблему таксама ўзяўся дэпутат.

     -Дапамаглі работнікі ЖКГ начале з Ігарам Шубкам. Давялося пераконваць аднавяскоўцаў, каб і на водазабеспячэнне заключылі дагаворы. Растлумачыў, што потым будзе прасцей вырашаць узнікаючыя пытанні, — гаворыць Віктар Іванавіч.

     Клопаты вяскоўцаў лічыць сваімі, таму да яго можна заўсёды звярнуцца за дапамогай. Нават аднойчы суседзяў мірыў.

     -Раней вяскоўцы былі больш дружнымі. Калі вёска дружная, і жыць у ёй прыемней, — дзеліцца сваімі думкамі мой субяседнік.

     У яго, як у сапраўднага вяскоўца і дэпутата, ёсць уласны погляд на многія пытанні сельскага жыцця. Напрыклад, упэўнены, што многія сяляне маглі б трымаць не адну, а тры-чатыры каровы, толькі трэба, каб на гэту справу выдзяляліся льготныя, а можа, нават, і беспрацэнтныя крэдыты. Мяркуе, што ў перспектыве ў нас магчыма прыватная сельгасвытворчасць у дзяржаўных маштабах. Лічыць, што на вёсцы можна развіваць малыя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, будаваць сховішчы  для садавіны і агародніны. Тады з’явяцца новыя рабочыя месцы. А яшчэ дэпутат Калуханаў упэўнены, што ініцыятывы па паляпшэнні жыцця сялян павінны ісці ад саміх жыхароў вёскі. А мясцовая і раённая ўлады заўсёды гатовы падтрымаць слушныя думкі і прапановы сялян.

 Таццяна БУРАКОВА. 

 На здымку: дэпутат Беліцкага сельскага Савет Віктар Калуханаў.

 Фота аўтара.