Падарожжа да незабытага

Маршрут «Сянно-Багушэўск п/з Нямойту». Еду ў аўтобусе, які  трасецца на маленькіх ямачках гравійнай дарогі, захлынаецца ў простай сялянскай гаворцы. Выходжу на прыпынку ў вёсцы Пурплева. Амаль 2 кіламетры іду да вёскі Кажамякі, дзе жыве мая бабуля. Спыняюся каля невялікага абеліска ля дарогі. Стаю. Гляджу на яго пару хвілін. А многія ж і не ведаюць, хто тут быў пахаваны. Гісторыя ж не закопвае свой скарб у бяспамяцтва!

 Гэта месца гібелі знакамітых у Сянно трох герояў Савецкага Саюза: Ц.І. Святлічнага, С.Д.Барадуліна і П.І.Назаранкі.

 Маленькая вёсачка Кажамякі, якая знаходзіцца на левым беразе ракі Абалянкі, з’яўляецца сведкай тых падзей Вялікай Айчыннай вайны.

 26 чэрвеня 1944 г. 5-я гвардзейская танкавая армія вызваліла горад Сянно ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і выйшла на аўтамагістраль Масква-Мінск у Талачынскім раёне. Ля вёскі Кажамякі батарэя, у склад якой уваходзілі камандзір устаноўкі гвардыі сяржант Ц.І. Святлічны, наводчык гвардыі радавы С.Д.Барадулін і шафёр гвардыі старшы сяржант П.І.Назаранка, прыняла няроўны бой.

 Разлік баявой мінамётнай устаноўкі дзейнічаў дакладна і хутка. Залп за залпам пасылаў наводчык Барадулін, але фашысты працягвалі атаку. Назаранка і Святлічны палівалі ворага агнём з аўтаматаў, закідвалі гранатамі. Муж­на змагаліся воіны, але сілы былі няроўныя. Бой працягваўся да ночы.   Раніцай гітлераўцы зноўпачалі атаку. На гвардзейцаў рушылі «фердынанды». Раптам ад прамога пападання загарэлася ўстаноўка. Барадулін зрабіў апошні залп па ворагу. Разлік «кацюшы» загінуў у гэтым баі.

 На месцы гібелі каля вёскі Кажамякі і паставілі непрыкметны помнік. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за мужнасць і гераізм гвардзейцам пасмяротна былі прысвоены званні Герояў Савецкага Саюза.

 У мірны час астанкі воінаў былі перавезены ў г. Сянно. Тут, у парку «Трох герояў», іх магіла. На гранітнай пліце словы: «Тут пахаваны Героі Савецкага Саюза Цімафей Іванавіч Святлічны, Сяргей Дзмітрыевіч Барадулін, Павел Іванавіч Назаранка». Іх імёнамі названы вуліцы нашага горада.

 Вада Абалянкі бяжыць, а  з  ёй  і час. Памяць — скарб кожнага народа. Захоўваць, збе­рагаць яе — наш абавязак.

 Помнік каля вескі Кажамякі стаіць ціха і невядома, зарастаючы травой, замецены зімовымі сумётамі, абнесены паламанай агароджай. На жаль, наведваюць яго толькі перад святам Перамогі. А раней, па расказах бабуль з вёскі, ля помніка на паляне часта стваралі святы, з песнямі сюды прыходзілі школьнікі.

 Хацелася б, каб лю­дзі не забываліся, ведалі не толькі вялікія падзеі Вялікай Айчыннай вайны, але і многім невядомыя.

 Магчыма, гэты матэрыял адкрые для некаторых чытачоў яшчэ адну старонку вялікага мінулага.

Ірына Гарбачова,

студэнтка ВДУ

імя П.М.Машэрава.