Алена Музычная
Сваё жыццё Алена Матузенка не ўяўляе без музыкі і спеваў. Шэсць гадоў яна крочыла па свеце музыкі пад кіраўніцтвам выкладчыцы па класу баяна Таццяны Іванаўны Вярцінскай. «Гэта была мая лепшая вучаніца,» — гаворыць настаўніца. Тут жа, у Сенненскай дзіцячай школе мастацтваў, навучылася Алена пець: наведвала вакальную студыю Вольгі Іванаўны Кавалёвай і хор пад кіраўніцтвам Алены Міхайлаўны Паўлоўскай.
Таленавітую, артыстычную дзяўчыну можна было часта бачыць на раённай сцэне.
Захапленне стала справай,якую Алена выбрала ў жыцці. Скончыўшы другую сенненскую школу, яна стала студэнткай Мінскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы дзяўчына вернецца на родную Сенненшчыну і будзе працаваць, далучаць да прыгажосці мастацтва сваіх землякоў, бо спецыяльнасць яе называецца «сацыяльна-культурная дзейнасць».
На здымку: спявае Алена Матузенка ( здымак зроблены ў час раённага свята, прысвечанага Дню пажылых людзей).
Тэкст і фота Таццяны Бураковай.