«Юный лингвист», «Модульное оригами», «Здоровый образ жизни» и многие другие кружки по интересам будут организованы во время каникул для сенненских школьников

Школьнікі Сенненшчыны адправіліся на свае першыя ў гэтым навучальным годзе канікулы. Тым часам у іх бацькоў прыбавілася клопатаў: куды прыстроіць сваіх сыноў і дачушак, каб яны былі не толькі пад наглядам, але і заняты цікавай справай.

 Самае простае выйсце – адправіць непаўналетняга ў школьны лагер. На працягу канікулярнага тыдня ў раёне будуць дзейнічаць 10 лагераў — 9 пры ўстановах адукацыі і адзін на на базе Сенненскай СДЮШАР, — у якіх адпачне і аздаравіцца 261 чалавек. Для адзінаццацікласнікаў у гэтыя дні будуць арганізаваны дадатковыя заняткі па прадметах для падрыхтоўкі да алімпіяд, экзаменаў. Вучні малодшага і базавага звяна правядуць вольны час, удзельнічаючы ў конкурсах, спартыўных гульнях, спаборніцтвах і інш.

 Распрацоўваючы планы мерапрыемстваў, настаўнікі, педагогі-арганізатары ўлічылі, каб яны сумяшчалі ў сабе і забаўляльны, і пазнавальны характар, спрыялі развіццю і ўмацаванню творчых і інтэлектуальных здольнасцей дзяцей. Напрыклад, у Беліцкай ДССШ юных “чамучак” збяруць гульні «Што? Дзе? Калі?», «Свет эмоцый», «Хачу ўсё ведаць», у Багушэўскай СШ №2 запланавана правядзенне віктарыны «Мая краіна», тэматычнай сустрэчы «Свет былін і легенд», у Студзёнкаўскай ДССШ – інтэлектуальнай гульні «Па старонках гісторыі», круглага стала «Экалогія і чалавек» і інш.

 Усе канікулы будуць працаваць гурткі. Кожнае дзіця зможа выбраць цікавы для сябе напрамак дзейнасці. У СШ №1 райцэнтра дзейнічаюць гурткі «Модульнае арыгамі», «Цуды сваімі рукамі», «Здаровы лад жыцця», «Юны лінгвіст» і інш. У СШ №2 г.Сянно прапануюць заняцца вышыўкай, маляваннем, мастацкай разьбой і выпальваннем. У вучняў Багданаўскай ДСПШ з’явіцца магчымасць больш даведацца пра хатнія расліны, асвоіць лепку з цеста, у Какоўчынскай ДССШ — папрацаваць з бісерам, паперай, пазнаёміцца з роспісам па дрэве і інш. 

 На папулярызацыю здаровага ладу жыцця накіраваны шэраг спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Будуць працаваць школьныя стадыёны, спартыўныя залы.

 «Вольны час школьніка будзе несці і прафарыентацыйны накірунак», — адзначыла Валянціна Каржыцкая, дырэктар раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Так, выхаванцы гуртка «Спарта» наведаюць аэрадром у в.Кукавячына Віцебскай вобласці. Старшакласнікі 8 «Б» СШ №2 райцэнтра адправяцца ў Мінск, дзе для іх арганізуюць экскурсію на кандытарскую фабрыку «Камунарка». Для дзевяцікласнікаў гэтай жа школы запланавана паездка на Мінскі трактарны завод, а вучні Багушэўскай СШ №2 пабываюць у Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.