Житель Сенненского района утащил улей с пчёлами

У той летні дзень два механізатары ААТ “Студзёнка”, два сябрукі пасля работы выпівалі. Але не толькі. Уладкаваўшыся пад яблынькай у садку вялі задушэўныя размовы. Сонца хілілася да гарызонту, настройваючы на роздум аб жыцці…

Пасля чарговай чаркі Сярггей Папругін (тут і далей імёны і прозвішчы зменены), ведаючы пра даўнюю мару Валодзькі Іванова займець уласную пасеку, прапанаваў таму:

-А хочаш, першы вулей з’явіцца ў цябе ўжо сёння?

-Як гэта? Ты што чарадзей? Ці ў цябе ёсць чарадзейны рог? – здзівіўся той.

-Я не чарадзей і чарадзейных прылад не маю. Затое ведаю дакладна — дачнік з нашай вёскі збывае амаль дарма пасеку. Нядаўна мне за раней аказаныя яму паслугі прапаноўваў вулей. Ды не абы які, а на дзве сям’і. Давай зараз завязём яго табе!

Сказалі – зрабілі. Дапілі бутэльку гарэлкі і падаліся да суседкі за канём, каб завезці вулей на новую пасеку. Жанчына не адмовіла ў просьбе і праз некалькі хвілін прыяцелі грузілі пчаліны домік. І не адзін. Сяргей разшчодрыўся, маўляў, адпрацуе дачніку яшчэ за адзін. Таму на калёсы ўскінулі і другі. Праз усю вёску і суседнюю ехалі задаволеныя. Праўда, на пад’ездзе да хаты Валодзькі ўжо стаяла міліцэйская машына. Убачыўшы яе, Папругін прызнаўся – ніхто яму вулей не аддаваў.

Атрымалася, што чужую маёмасць ён украў, здзейсніў злачынства, якое кваліфікуецца на падставе ч.1 арт.205 Крымінальнага кодэксу. Пчаліны домік на дзве сям’і ацанілі ў 63 рублі, восем рамак з вашчынаю – у 40, другі — вулей на адну сям’ю з рамкамі пацягнуў амаль на 50 рублёў. Агульная сума склала 151 рубель і 62 капейкі.

І правёў бы наш Сяргей не адзін год у месцах “не вельмі аддаленых”, без жонкі, без двух непаўналетніх дзяцей. Ды хапіла розуму на цвярозую галаву звярнуцца да пацярпелага з прабачэннямі, раскаяннем. Той прыняў іх. Ды і суд улічыў адсутнасць судзімасці, станоўчую характарыстыку па месцы працы, іншыя абставіны, у тым ліку кампенсацыю матэрыяльнага ўрону, і просьбу пацярпелага не прыцягваць абвінавачваемага да крымінальнай адказнасці. У выніку Сяргей Папругін быў вызвалены ад яе. Праўда, кажуць, сябра Сяргея, Валодзька Іваноў, прызнаўся, што пчалярствам больш займацца не збіраецца.

Наш кар.