Сенненская ўлада павіншавала маці Ірыны Крыўко

У мінулую нядзелю добры настрой, свята прыйшло ў кожны дом Сенненшчыны, да кожнага жыхара раёна. Прычынай таму стаў сярэбраны медаль Ірыны Крыўко ў масавым старце на этапе Кубка па біятлоне ў французкім горадзе Ансі. Што ўжо казаць пра маці нашай гераіні, Людміле Крыўко.

-Такіх эмоцый я яшчэ не перажывала, — не хавала хвалявання Людміла Браніславаўна, якую назаўтра ад імя старшыні райвыканкама Васілія Чарадніка прыйшлі павіншаваць Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Алена Вілюгіна, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму і яе намеснік Аляксандр Гардзецкі.

А першыя віншаванні знаёмыя, сябры Людміла Крыўко прымала адраза пасля фінішу дачкі. Званілі нават малазнаёмыя людзі.

-Я вельмі рада за Ірыну. Цяпер чакаю сустрэчы з ёй і Віктарам. На гэтым тыдні яны павінны прыехаць у Сянно, — паведаміла Людміла Крыўко. Сустрэча з ёй адбылася па месцы працы, у дзіцячым садзе  №3 г. Сянно, дзе жанчына працуе выхавальніцай.

Наш кар.

Фота Аляксандра ЛАЗЮКА.