Адходы — у даходы
Прадпрыемствы па перапрацоўцы адходаў будуць пабудаваны ў кожным абласным цэнтры Беларусі. Аб неабходнасці іх будаўніцтва заявіў Прэзідэнт Беларусі ў час нарады па пытаннях супрацоўніцтва з аўстрыйскім канцэрнам «STRABAG», паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Цяпер «STRABAG» рэалізуе ў Брэсце праект па будаўніцтву прадпрыемства па перапрацоўцы адходаў. У прыватнасці, гэта будзе механіка-біялагічная ўстаноўка па апрацоўцы штогод 100 тыс. т цвёрдых бытавых адходаў і да 370 тыс. куб.м глею і асадкаў сцёкавых вод. Гэта біягазавы завод з атрыманнем электрычнай і цеплавой энергіі. Праект з’яўляецца пілотным і не мае аналагаў у Беларусі і іншых краінах СНД. Першая чарга ўстаноўкі па апрацоўцы глею і асадкаў сцёкавых вод ужо здадзена эксплуатацыйным службам Брэста. Тэхналагічныя аб’екты другой чаргі смеццеперапрацоўчага завода са спадарожнай інжынернай і транспартнай інфраструктурай да яго плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў чэрвені 2011 года.
З крызісу з найменшымі стратамі
Беларусь выйшла з крызісу і не страціла свае прадпрыемствы, таму што актыўна займалася інавацыйнай палітыкай. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі ў інтэрв’ю тэлеканалу «РТР-Беларусь».
«Практычна ўсе галіны эканомікі актыўна на працягу апошніх гадоў мадэрнізаваліся, не былі ў застойным перыядзе. Хоць на крок, але яны апярэджвалі ў нейкай частцы нашых канкурэнтаў. А там, дзе адставалі, імкнуліся дагнаць і ў мадэрнізацыі, і ў канкурэнтаздольнасці», — адзначыў прэм’ер-міністр.
Сяргей Сідорскі прывёў у прыклад Мінскі трактарны завод, які ў перадкрызісны год вырабіў больш за 60 тыс. трактароў і прадаў іх. Затым МТЗ вырабіў тэхнікі ўжо крыху менш, але ён таксама яе прадаў, падкрэсліў кіраўнік урада. «Гомсельмаш» таксама ў вельмі жорсткай канкурэнцыі з сусветнымі вытворцамі, з расійскімі, працаваў на знешніх рынках.
Урад бачыў сваю ролю ў тым, каб падтрымаць экспарцёраў працэнтнымі стаўкамі праз фонд нацыянальнага развіцця.
Беларусь разлічвае на ранейшыя цэны
Беларусь разлічвае на захаванне ў 2011 годзе цэн на газ на ўзроўні 2010 года. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. З 1 студзеня 2011 года газ для Беларусі павінен ісці па формуле з каэфіцыентам 1, падкрэсліў ён і дадаў, што на апошніх сустрэчах са старшынёй урада Расіі Уладзімірам Пуціным беларускі бок адстойваў гэту пазіцыю.
Як адзначыў Сяргей Сідорскі: «Мы зыходзім з таго, што сёння і на спотавым рынку, і ў ЕС цэны на газ для той жа Германіі на 15-20% ніжэйшыя, чым мы сёння маем па тых кантрактах, якія ёсць у нашых краінах. «Газпром» дазволіў у кантракце з Германіяй закупляць частку газу не ў «Газпрома», а на спотавым рынку. А закупка газу на спотавым рынку, не ў «Газпрома», па больш нізкіх цэнах — гэта рэальнасць, цана газу на 15-20% меншая», — сказаў беларускі прэм’ер. На аснове гэтага беларускі бок настойвае на захаванні цэн на газ, дзеючых у 2010 годзе.
Зменяцца не істотна
Камунальныя плацяжы для насельніцтва пасля новага года ў Беларусі істотна не зменяцца. Аб гэтым, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў працоўнага калектыву ААТ «Івацэвічдрэў» заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. «Пазіцыя кіраўніцтва нашай дзяржавы ў тым, што мы не павінны ісці па шляху шокавай тэрапіі — Прэзідэнт гэты метад не прымае. Што датычыцца камунальных паслуг, якія аплачваюцца насельніцтвам, іх кошт павінен расці суразмерна даходам грамадзян», — адзначыў прэм’ер-міністр.
У сувязі з гэтым Сяргей Сідорскі паведаміў, што ў бюджэце 2011 года, як і ў бягучым годзе, закладзены кампенсацыйны механізм у пытанні, якое датычыцца аплаты камунальных паслуг насельніцтвам. Пры гэтым некаторыя новаўвядзенні прадугледжаны: датычацца яны высокааплатных слаёў насельніцтва. Як раней паведамлялася, уладальнікі элітнага жылля будуць аплачваць камунальныя паслугі па стаўцы, максімальна набліжанай да 100-працэнтнага кошту рэсурсаў.
Падтрымаў прэзідэнцкі фонд
За 15 гадоў падтрымку Прэзідэнта Беларусі атрымалі больш за 20 тыс. школьнікаў, студэнтаў і маладых вучоных. Аб гэтым паведаміла старшыня савета спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Алена Бялова, выступаючы перад удзельнікамі ўрачыстай цырымоніі ўручэння пасведчанняў Фонду, якая, звычайна, праходзіць у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. У рэспубліканскім банку даных адоранай моладзі, які вядзецца з 2004 года, змяшчаецца інфармацыя аб 6 тыс. чалавек. Многія стыпендыяты, паводле слоў старшыні савета, вядомыя як у Беларусі, так і за мяжой.
«Моладзь, захопленая навукай, — гэта нацыянальны здабытак, культурны патэнцыял краіны», — лічыць Алена Бялова.
У сваю чаргу рэктар БДЭУ Уладзімір Шымаў выказаў надзею, што ручаёк пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд і конкурсаў будзе станавіцца больш магутным.
Па матэрыялах інфармацыйных агенцтваў
падрыхтаваў
Міхаіл Бялоў.