Багушэўская зямля — край ашчадлівых людзей
Вытворчая і сацыяльная сферы Багушэўскага сельсавета прадстаўлены КУСГП імя Гараўца, ААТ «Багушэўскі льнозавод», Багушэўскім домам-інтэрнатам для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
На тэрыторыі сельсавета працуюць 1 клуб , 3 бібліятэкі , 2 ФАПа, 6 магазінаў. Яны абслугоўваюць 2424 чалавекі, якія жывуць у 43 населеных пунктах. Амаль трэць насельніцтва (703 чалавекі) — пенсіянеры. На тэрыторыі сельсавета жывуць 6 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 6 інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, 3 удзельнікі вайны ў Афганістане, 2 сям’і загінулых, 17 вязняў фашысцкіх канцлагераў, 10 шматдзетных сем,яў, 24 адзінокія асобы. Значная частка насельніцтва — 452 асобы — адзінокапражываючыя.
Грамадскія арганізацыі і фарміраванні сельсавета прадстаўлены 13 дэпутатамі сельскага Савета, 29 старэйшынамі і г.д.
Пры падтрымцы дзяржавы
З Генадзем Віннікавым мы знаёмы даўно. Упершыню лёс нас звёў у 1990-я гады мінулага стагоддзя, калі ён працаваў дырэктарам Багушэўскага льнозавода. Па ініцыятыве кіраўніка на паі прадпрыемства і льносеючых гаспадарак, якія ўваходзілі ў сыравінную зону льнозавода, было закуплена абсталяванне і наладжаны выпуск тэхнічнага масла з насення льну. Знайшлі збыт, з’явілася магчымасць атрымліваць дадатковыя фінансавыя сродкі. Рэалізаваць перспектыўны праект на поўную магутнасць не ўдалося. Генадзь Мікалаевіч пакінуў пасаду дырэктара. Абставіны склаліся не ў яго бок. Пераемнік пачынаннем Віннікава не зацікавіўся. А праз некалькі гадоў абсталяванне па вытворчасці алею здалі ў металалом…
Сёння Генадзь Віннікаў узначальвае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Марген». Яно зарэгістравана ў Цыпках Багушэўскага сельсавета, працуе з 2007 года. Пачыналі з выпуску і ўстаноўкі дэкаратыўнай агароджы. Ёй аздоблены, у прыватнасці, некаторыя вуліцы ў Цыпках, Скогу, прыватныя сядзібы. Меркавалі наладзіць выпуск паліўных пелет…
Матэрыяльную аснову прыватнага прадпрыемства складаюць частка будынкаў былой будаўнічай арганізацыі, два трактары, 4 аўтамабілі. Пашыраецца асартымент прадукцыі, паслуг, якія аказваюцца арганізацыям і насельніцтву.
— Скажу шчыра, мінулы год для прадпрыемства аказаўся не самым удалым — крызіс. Попыт на нашу асноўную прадукцыю прыкметна зменшыўся. Не асабліва падтрымала эканоміку вытворчасць цвікоў. Летась рэалізавалі ўсяго 4 тоны, столькі ж сёлета. Збывалі пераважна ў ПМК-64, бліжэйшым сельгаспрадпрыемствам, — расказвае Генадзь Віннікаў.
Але колькі тых цвікоў трэба. Будаўнікі ўсё часцей узводзяць аб’екты па новых тэхналогіях. Драўляныя дэталі, як правіла, мацуюцца самарэзамі, скобамі. Разумеючы, што любая вытворчасць мае сэнстолькі тады, калі ёсць збыт, Генадзь Віннікаў сваю ўвагу зноў звярнуў на паліва, дакладней, на паліўную шчапу. Каб наладзіць вытворчасць прадукцыі, якая з гэтага сезона запатрабавана Сенненскім РУП ЖКГ (на шчапе працуюць 2 катлы), а галоўнае мае рэальныя перспектывы на пашырэнне сваёй прысутнасці на паліўным рынку, давялося шукаць дадатковыя сродкі. На іх закупілі здрабняльную машыну. Рэалізаваць інвестыцыйны праект на ўласныя сродкі не маглі. Крэдыт пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта ўдалося атрымаць у цэнтры занятасці.
— Фактычна райвыканкам садзейнічаў новаму адраджэнню прадпрыемства, — не хавае Генадзь Віннікаў. — У якасці працэнтаў пад пазыку мы павінны стварыць 6 новых рабочых месцаў. Часткова яны ўжо запоўнены людзьмі, якія да нядаўняга часу не мелі працы.
Сыравінай для вытворчасці паліўнай шчапызвычайна з’яўляюцца кусты, дробныя дрэвы, якія яшчэ нядаўна заставаліся гніць у лесе пасля правядзення доглядных работ. Пры выкарыстанні здрабняльнай машыны адходы ператвараюцца ў каштоўную сыравіну, эканомяць значныя дзяржаўныя сродкі, якія ў былыя гады ішлі на закупку газу, пячнога паліва.
На думку Генадзя Віннікава, паліўная шчапа — ідэальнае паліва, зыходзячы з цаны і цеплааддачы, для абагравання вытворчых памяшканняў, напрыклад, рамонтных майстэрняў, невялікіх адміністрацыйных будынкаў і, нават, індывідуальнага жылля.
— Калі кацёл ужо ўстаноўлены і працуе на іншым цвёрдым паліве, заўжды застаецца магчымасць абсталяваць яго сістэмай аўтаматычнай загрузкі шчапы. У краінах Балтыі выраб такога абсталявання пастаўлены на вытворчую аснову. Беларусь толькі пачынае рухацца ў гэтым накірунку. У прыватнасці, наша прадпрыемства зрабіла заказ аднаму з мінскіх праектных інстытутаў на выраб каштарысна-праектнай дакументацыі на пераабсталяванне катлоў пад аўтаматычную загрузку шчапы, — дзеліцца напрацоўкамі Генадзь Віннікаў.
З’яўленне такой дакументацыі было б на руку тым арганізацыям, якія маюць тэхнічныя магчымасці самастойна пераабсталяваць катлы. У першую чаргу, гэта сельгаспрадпрыемствы, бо карыстацца паслугамі прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі — дорага, рыхтаваць дровы ўласнымі сіламі — клопатна.
Вытворчасць паліўнай шчапы для ТАА «Марген» — рэальнасць. На чарзе — рэалізацыя іншых праектаў. Самым перспектыўным з іх Генадзь Віннікаў лічыць выраб дэкаратыўнай мульчы і шчапы для вэнджання.
— Сыравінай для іх з’яўляецца чорная вольха. Вытворчасць заснавана на выкарыстанні той жа здрабняльнай машыны, з якой выходзіць паліва. Для новай прадукцыі патрабуецца наладзіць толькі сартаванне і расфасоўку. Гэтая прадукцыя запатрабавана. Мульча выкарыстоўваецца як дызайнерскі матэрыял на кветніках, у садах, шчапа — незаменны матэрыял, каб на адпачынку прыгатаваць курыцу грыль, свежавылаўленую ці з халадзільніка рыбу, — тлумачыць Генадзь Віннікаў. Ён разлічвае, што прадукцыя будзе запатрабавана ў Расіі, ва Украіне, жыхарамі буйных беларускіх гарадоў.
На чарзе — запуск больш буйнога інвестыцыйнага праекта, цэха па перапрацоўцы драўніны. Ужо закуплены лентачная піларама, дрэваапрацоўчыя станкі. Абсталяванне дазволіць вырабляць піламатэрыялы, рыхтаваць з іх еўрападдоны. Дагавор на іх пастаўку ўжо заключаны з такім прадпрыемствам, як «Керамін». Піламатэрыял будзе пастаўляцца таксама ў Копысь, дзе рэалізуецца буйнейшы інвестыцыйны экспартаарыентаваны дзяржаўны праект.
Адным словам, планаў — «громадьё». Справа за малым — рэалізацыяй.
Ненадзейныя сем’і — на кантролі
На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх выканкама Багушэўскага сельскага Савета дэпутатаў былі абмеркаваны два пытанні.
Спачатку Леанід Шняк, сацыяльны педагог сярэдняй школы №2 Багушэўска, і Галіна Секачова, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1 гарадскога пасёлка, расказалі пра працаўладкаванне выпускнікоў мінулага навучальнага года. Члены камісіі прасілі больш уважліва сачыць за далейшым лёсам падлеткаў, якіястаялі на ўліку ў міліцыі, за тымі, якія жывуць у шматдзетных сем’ях ці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Другое пытанне якраз датычылася работы, што праводзіцца ў сем’ях, дзе бацькі не надаюць належнай увагі выхаванню дзяцей, не ў поўнай ступені забяспечваюць умовы пражывання. На заключным этапе работы камісіі яе члены пабывалі ў вёсках Калянькі, Ског, Цыпкі, дзе абследавалі ўмовы пражывання некалькіх сем’яў.
Добраўпарадкавалі могілкі
Могілкі вёскі Рыбнае даглядаюць не толькі мясцовыя жыхары, чые родныя знайшлі тут апошні спачын. Сюды часта наведваюцца вучні багушэўскіх школ, што зусім зразумела. Могілкі — месца пахавання Дзмітрыя Багушэўскага, землеўласніка, які ахвяраваў свае ўладанні пад будаўніцтва чыгуначнай станцыі Багушэўская. Непадалёку пахаваны Іосіф Пржавальскі, нашчадак вядомага падарожніка, географа-даследчыка. Ды і сам Іосіф Флавіянавіч пражыў жыццё ярка. Быў партызанам, камандзірам партызанскага атрада, кіраваў аддзелам адукацыі Багушэўскага райвыканкама пасля вызвалення пасёлка ад нямецкіх акупантаў, узначальваў партыйную арганізацыю мясцовага саўгаса імя Гараўца.
Апошні раз члены рознаўзроставага атрада, створанага па месцы жыхарства з ліку членаў БРСМ, якія вучацца ў СШ №2 г.п.Багушэўск, прыйшлі на вясковыя могілкі перад Дзядамі. Яны прыбралі не толькі магілы вядомых асоб, ачысцілі ад лісця, паправілі крыжы на месцы пахавання невядомых асоб.
— Ініцыятарам грамадска карыснай справы стаў Максім Рабцаў, старшыня Багушэўскага сельскага Савета дэпутутаў, — расказаў Аляксандр Абушкевіч, першы сакратар РК ГА «БРСМ». — Ён, дарэчы, таксама ўваходзіць у склад моладзевай грамадскай арганізацыі, з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.
Значны ўклад у добраўпарадкаванне могілак і прылягаючай тэрыторыі зрабіў сельскі Савет дэпутатаў. На яго сродкі абнаўляецца агароджа, нядаўна абсталявана стаянка для аўтатранспарта.
НА ЗДЫМКАХ: члены БРСМ СШ №2 г.п.Багушэўск ля магілы Дзмітрыя Багушэўскага пасля завяршэння работ.
Новае жыццё — хатам і фермам
У нашых вёсках усё яшчэ шмат хат, якія не выкарыстоўваюцца як жыллё. Нярэдка напаўразбураныя, у атачэнні хмызняку, здзічэлых садоў і бур’яну, яны ўяўляюць сур’ёзную пажарную небяспеку. Менавіта таму з бюджэтаў сельскіх Саветаў на іх утылізацыю штогод выдзяляюцца значныя сродкі.
У 2010 годзе ў Багушэўскім сельсавеце знесена 7 такіх хат. Такі ж лёс чакае ў бліжэйшыя гады яшчэ дзевяць. І ўсё ж намнога лепей, калі пабудовы знаходзяць новых гаспадароў. Ці ранейшы ўласнік знаходзіць сродкі на рэканструкцыю. У вёсцы Пастушкі ў рэканструяваных будынках былога свінакомплексу пачалося вырошчванне птушанят бройлераў. Новае жыццё старым памяшканням падаравала СП «Вітконпрадукт». У той жа вёсцы, а таксама ў Варашылах, вядзецца рэканструкцыя жывёлагадоўчых ферм КУСГП імя Гараўца.
Словам і справай
Выканкам Багушэўскага сельскага Савета дэпутатаў сёлета даволі актыўна працаваў з насельніцтвам, даводзячы людзям, што бытавое смецце можна і трэба ўтылізаваць згодна з цывілізаванымі стандартамі. Дзейнічалі і словам, і справай. За год работнікамі сельвыканкама, землеўпарадкавальнай службы, старэйшынамі выдадзена каля 500 прадпісанняў аб неабходнасці навядзенняпарадку на зямлі. У вёсках Ског, Рыбнае, Заветнае арганізавалі збор смецця, для чаго закупілі і ўстанавілі 15 спецыяльных кантэйнераў. Былі выкарыстаны ў тым ліку пазабюджэтныя сродкі.Іх сёлета ўдалося сабраць 2 млн 600 тыс. рублёў. Грошы былі патрачаны таксама на ачыстку і дэзінфекцыю калодзежаў, набыццё лямп вулічнага асвятлення. Асабліва актыўна зборам сродкаў займаліся старэйшыны Г.У.Янукова (Заветнае), І.А.Козік (Пастушкі), Р.Я.Астратава (Калянькі), П.Ц.Шарац (Пасад).
Па ўсіх напрамках
Багушэўскі сельскі Савет дэпутатаў штогод траціць значныя сродкі на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, дарог, якія звязваюць вёскі. У 2010 годзе праведзены рамонт і падсыпка жвірам праезнай часткі вуліц у вёсках Навасёлкі, Засценак, Андрэеўшчына, Цясы, Песачанка, асобных участкаў дарог Шыркі-Александрова, Шыпы-Александрыя, Калянькі-Добрына. Адрамантавана 9 калодзежаў. У раёне шматкватэрнай забудовы вёскі Цыпкі абсталявана пляцоўка для гульні дзяцей. Работы праведзены на сродкі і сіламі Сенненскага РУП ЖКГ.
Больш чыста стала навакол вёсак. Ліквідаваны несанкцыянаваныя звалкі смецця каля вёсак Цыпкі, Рыбнае, Ског, перастала функцыянаваць пляцоўка для цвёрдых бытавых адходаў у раёне вёскі Бугаі, якая многія гады размяшчалася на тэрыторыі дзяржаўнага ляснога фонду. Каб смецце зноў не з’яўлялася на ўзлесках, з насельніцтвам вёсак праведзены сходы, у час якіх людзям тлумачылі, куды і як трэба прыбіраць бытавыя адходы.
Людзей больш актыўна сталі заахвочваць да ўдзелу ў грамадска карысных мерапрыемствах. З дапамогай старэйшын, дэпутатаў праведзены суботнікі па добраўпарадкаванні тэрыторый вёсак Пасад, Ског, Цыпкі, Галашчакіна. Асабліва дружна і арганізавана працавалі жыхары Пасада ў час уборкі мясцовых могілак. Старэйшыне і дэпутату сельскага Савета Паліне Цімафееўне Шарац удалося двойчы заахвоціць аднавяскоўцаў на важную работу. Можа таму, што людзей у працы асабістым прыкладам падтрымліваў Максім Васільевіч Рабцаў, старшыня Багушэўскага сельскага Савета, які працаваў з бензапілой.
Зразумела, што добраўпарадкаванне трэба праводзіць рэгулярна, займацца гэтым пастаянна. Але калі на важную справу нацэлена мясцовая ўлада, то зрухі да лепшага будуць абавязкова. У Багушэўскім сельсавеце змаглі рэалізаваць многія мерапрыемствы, што былі зацверджаны на пасяджэнні сельвыканкама. Пытанні добраўпарадкавання разглядаліся таксама на сесіі сельскага Савета дэпутатаў. У выніку ўдалося прыцягнуць да работы не толькі прадпрыемствы, але і насельніцтва.
Старонку падрыхтаваў Аляксандр ЛАЗЮК.