Кровопийцы сенненских лесов. Как не стать жертвой клеща?

     Каб стаць ахвярай кляшча, не абавязкова выпраўляцца ў лес. Усё часцей гэтыя членістаногія трапляюцца на прысядзібных участках, у парках. Ад нападу крывасмока сёння не застрахаваны ніхто. Толькі за бягучы перыяд 2017 года з укусамі кляшчоў у арганізацыі аховы здароўя раёна звярнулася 26 чалавек, у тым ліку 13 непаўналетніх.

     Калі вы выявілі на целе кляшча, неадкладна звяртайцеся ў бліжэйшую лячэбную ўстанову. Медработнікі выдаляць насякомае, правядуць першасную апрацоўку месца ўкусу і прызначаць адпаведнае лячэнне. Ігнараваць гэтыя рэкамендацыі памочнік урача-эпідэміёлага ДУ «Сенненскі РЦГЭ» Тамара Макух не раіць: занадта высокая рызыка заражэння небяспечным бактэрыяльнымі і віруснымі інфекцыя, пераносчыкамі якіх з’яўляюцца кляшчы. Штогод у Беларусі рэгіструюцца два за¬хворванні, якія перадаюцца праз іх укусы, — гэта Лайм барэліёз (хвароба Лайма) і клешчавы энцэфаліт. Іх наступствы могуць прывесці ажно да лятальных зыходаў. Праўда, адзначае прадстаўнік РЦГЭ, не ўсе кляшчы нясуць небяспеку для чалавека, а толькі іксодавыя. Так, вірусам клешчавога энцэфаліту заражаны каля 7—11% кляшчоў, барэліямі, што выклікаюць хваробу Лайма, — ад 15 да 33% насякомых. Але дакладна вызначыць, які клешч да вас прысмактаўся, можа толькі лабараторнае даследаванне. Таму, збіраючыся на прыроду, лепш загадзя абараніцца ад небяспечнага спадарожніка і скарыстацца парадамі спецыялістаў. Асабліва яны актуальныя ў перыяд ягадна-грыбнога сезону, калі сенненцы масава выпраўляюцца ў лес за дарамі прыроды.
     Між тым, заражэнне чалавека адбываецца не толькі праз укус кляшча непасрэдна ў лесе. Занесці кляшчоў у жыллё можна разам з галінамі дрэў, травой, букетамі палявых кветак, на вопратцы і хатнімі жывёламі. Пры гэтым насякомыя могуць спакойна перапаўзці на чалавека і прысмактацца. Заразіцца клешчавым энцэфалітам можна таксама пры траплянні віруса на слізістыя часткі вуснаў, вачэй, носа, рота, праз забруджаныя рукі пасля раздаўлівання кляшча пры яго зняцці, а таксама пры ўжыванні ў ежу сырога казінага малака, асабліва ў вяснова-летні перыяд.
ЯК АБАРАНІЦЬ СЯБЕ АД КЛЯШЧА?
— Апранайце ў лес спецыяльную вопратку, што засцерагае ад пранікнення кляшчоў, старайцеся максімальна закрыць адкрытыя ўчасткі цела.
— На адзенне або скуру наносьце сродкі для адпужвання насякомых, пазбягаючы траплення іх на слізістыя вачэй, носа, рота.
— Каб выявіць кляшчоў, рабіце сама- і ўзаемаагляды праз кожныя 2 гадзіны знаходжання ў лесе і пасля выхаду з яго.
— Для змяншэння колькасці насякомых выдаляйце ламачча, рэгулярна праводзьце высечку кустоўя і скошванне травы.
— Не выпасайце коз у лясной зоне, своечасова здымайце з жывёл кляшчоў. Ужывайце ў ежу толькі кіпячонае малако (вірус клешчавога энцэфаліту гіне на працягу 2 хвілін кіпячэння).
    І самае галоўнае, пры першых прыкметах захворвання звяртайцеся па медыцынскую дапамогу.
ЯК РАСПАЗНАЦЬ ІНФЕКЦЫЮ?
   Клешчавы энцэфаліт — вострае віруснае захворванне, якое суправаджаецца азнобам, моцным галаўным болем, млоснасцю, ванітамі, ныючымі болямі ў канечнасцях. Ліхаманкавы стан трымаецца 4-5 дзён, пасля чаго часова знікае, каб праз 1-2 тыдні аднавіцца ў выглядзе паразы мазгавых абалонак: галаўныя болі ўзмацняюцца, чалавек адчувае напружанасць патылічных цягліц, святлабоязь, пачуццё аглушанасці.
     Клешчавы барэліёз — вострае бактэрыяльнае захворванне. Вакцыны супраць яго няма, пры гэтым успрымальнасць чалавека да барэліяў вельмі высокая. Праяўляецца хвароба Лайма паразай скуры, нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм, апорна-рухальнага апарата, агульнай інфекцыйнай інтаксікацыяй. Калі ў месцы прысмоктвання кляшча праз 1-2 тыдні (часам і праз месяц) з’яўляецца чырвоная пляма, у сярэдзіне святлей, якая павялічваецца, а потым кольцы ўзнікаюць у іншых месцах, — гэта і ёсць першыя прыкметы хваробы Лайма. Хворыя скардзяцца на ўмераны галаўны боль, агульную слабасць, недамаганне, павышаецца тэмпература цела, часцей да 38°С. Калі хваробу не лячыць, яна пяройдзе ў хранічную форму, на позніх стадыях развіваюцца цяжкія паражэнні органаў: артрыты, стойкія атрафічныя змены скуры, паразы нервовай сістэмы і галаўнога мозгу.
Падрыхтавала Вольга БАНДАРЭВІЧ.