Главное, чтобы костюмчик сидел…

 

У гэтыя  жнівеньскія  дні клопаты  бацькоў школьнікаў у асноўным звязаныя з падрыхтоўкай да навучальнага года. З місіяй экіпіраваць сваё дзіця сенненцы штогод штурмуюць гандлёвыя аб’екты. Але калі выбар канцтавараў і абутку залежыць ад напаўнення бацькоўскага кашалька і пераваг юнага спажыўца, то ў пытаннях школьнай формы моду   дыктуюць установы адукацыі.

Сёлета ў шэрагу школ раёна ўводзіцца адзіны дзелавы стыль адзення — гэтакі аналаг школьнай формы. На сайтах некаторых устаноў адукацыі ўжо размешчаны спісы таго, у чым павінны прыходзіць на ўрокі навучэнцы. Да прыкладу, вось як будуць выглядаць школьнікі СШ №2 г.Сянно: хлопчыкі ў белых кашулях, штанах цёмнага колеру, гальштуках; дзяўчынкі ў белых блузках, спадніцах цёмнага колеру даўжынёй да каленяў. Аб’ядноўваючым элементам для ўсіх навучэнцаў стане камізэлька колеру «дыпламат» (шэры) вытворчасці ААТ «Палессе». Між іншым, колер камізэлькі будзе розніцца ў залежнасці ад устаноў адукацыі. З аднаго боку, такі падыход аблягчае зборы ў школу для бацькоў і дзяцей: не трэба ламаць галаву над тым, што купіць. З іншага боку, вопратку патрэбнай расфарбоўкі не заўсёды можна знайсці. Калі шэры колер масава прысутнічае на прылаўках крам, то сіні, чырвоны ці зялёны давядзецца пашукаць.

         Разам са шматдзетнай маці з Сянна Святланай Пракаповіч і яе сыночкам-трэцякласнікам Пашам (на здымку) ад­праўляемся ў гарадскі ўнівермаг за формай. Касцюм знаходзіцца хутка, а камізэлькі адцення «дыпламат» на вешалках не аказалася. «Мабыць, давядзецца ехаць за ёй у Віцебск», — уздыхае Святлана.

         Дырэктар ПУП «Сенненскія прамтавары» Жанна Еўзікава, да якой мы звярнуліся за каментаром, супакойвае: «Патрэбнае адзенне ў бліжэйшыя дні з’явіцца ў продажы». Каб спрасціць бацькам пошукі, школы, што перайшлі на адзіны дзелавы стыль адзення, замовілі праз гандлёвае прадпрыемства камізэлькі неабходных расфарбовак. На сённяшні дзень, па словах Жанны Леанідаўны, заказы на вырабы вытворчасці «Палессе» зрабілі СШ №2 г. Сянно, Яноўская, Багданаўская і Какоўчынская школы.

         У цэлым, перабояў з пастаўкамі тавараў школьнага асартыменту няма, адзначае дырэктар ПУП «Сенненскія прамтавары», як, зрэшты, і пакупніцкага ажыятажу. Як правіла, рост спажывецкага попыту на гэты сегмент тавараў прыпадае на другую палову жніўня. 19 і 26 жніўня на рынку райцэнтра, а таксама ў аддзеле «Дзіцячы свет» універмага пройдуць пашыраныя выставы-продажы тавараў школьнага асартыменту. У гэтыя ж дні гандлёвыя кропкі «Сенненскіх прамтавараў» будуць працаваць на школьных кірмашах абласнога цэнтра. У сельскай мясцовасці будзе арганізаваны выязны гандаль. «Але ўжо сёння ў крамах ва ўсіх аграгарадках створаны «Куткі школьніка», дзе прадстаўлены ўвесь неабходны асартымент канцтавараў, вырабаў лёгкай і абутковай прамысловасці, — запэўнівае Жанна Еўзікава. — Калі чагосьці не хапае, няма патрэбнага памеру, у магазіне можна зрабіць заяўку, і вам даставяць усё неабходнае».

         Яшчэ адзін немалаважны аспект — цана. Цалкам сабраць дзіця ў школу — нятаннае задавальненне для бацькоў. Па словах Святланы Пракаповіч, ёй яно абыходзіцца ў суму больш за 300 рублёў. Для маці трох дзетак гэта сур’ёзныя выдаткі з сямейнага бюджэту. У гэтым плане ПУП «Сенненскія прамтавары» пайшлі насустрач пакупнікам. «У нашых магазінах пры набыцці тавараў школьнага асартыменту на суму звыш 100 рублёў можна скарыстацца растэрміноўкай аплаты на тры месяцы, — распавядае Жанна Еўзікава. — Мы гатовы задаволіць попыт усіх без выключэння пакупнікоў».

Вольга Бандарэвіч.