У вёскі Рыбнае і Заветнае Багушэўскага сельсавета прыйшоў прыродны газ

      З нагоды афіцыйнага пуску блакітнага паліва ў трубу даўжынёй больш за 5,6 км на ўскраіне Багушэўска сабраліся не толькі члены кааператыва, Ігар Дзергачоў, кіраўнік і заснавальнік ТАА «БурТэхнаМантаж». Прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады — старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга, старшыня Багушэўскага сельвыканкама Вячаслаў Багданаў, супрацоўнікі ВУ «Чашнікігаз». Газіфікацыю двух невялікіх сельскіх населеных пунктаў у наш час не назавеш важнай, тым больш гістарычнай падзеяй, калі не ведаць — фінансавыя выдаткі на пракладку газаправода ўзяў на сябе прыватны бізнес.
— Аб’ём інвестыцый склаў каля 60 тыс. беларускіх рублёў, што складае 2/3 ад агульнай сумы ўкладанняў. Члены кааператыва ўнеслі па 2,5 тыс. рублёў. Работы вяліся з лютага і завяршыліся ў адпаведнасці з графікам рэалізацыі праекта, у аснове якога партнёрства дзяржавы і прыватнага бізнесу. Гэта першы падобны вопыт у Рэспубліцы Беларусь у сферы газіфі¬кацыі, — падкрэсліў Ігар Дзергачоў. Ён не хавае, што спа¬дзяецца з часам вярнуць патрачаныя сродкі, атрымаць дывідэнды. У кааператыве пакуль што 35 чалавек. Патэнцыяльная іх колькасць куды большая.
— Справа ў тым, што людзі з недаверам паставіліся да праекта, рэалізацыю якога ўзяў на сябе прыватны бізнес. Нават людзі, што ўступілі ў кааператыў, доўга вагаліся. Многія па некалькі разоў уступалі, выходзілі. Але недавер знікне, як толькі газ прыйдзе ў хаты. Астатнія жыхары вёсак таксама захочуць палепшыць умовы жыцця, — разважае Ігар Дзергачоў.

Свае дывідэнды безумоўна атрымае ўлада. І не толькі маральныя. У вёсцы Заветная сфарміравана інвестыцыйная пляцоўка, участкі з якой пад забудову рэалізуюцца праз аукцыёны, што папоўніць бюджэт Багушэўскага сельвыканкама, а значыць і ўсіх жыхароў рэгіёна.
— За апошнія два гады мы прадалі тры ўчасткі. На двух ужо пабудаваны дамы, — распавядае Вячаслаў Багданаў. — Прывабнасць населеных пунктаў павысіцца ў разы з газіфікацыяй.
Вёскі знаходзяцца на беразе возера, навокал цудоўныя лясы, паблізу шаша, у 30-40 кіламетрах Віцебск і Орша.


   Большасць членаў кааператыву — пенсіянеры, ёсць настаўнікі, медыкі, работнікі лясной і сельскай гаспадаркі. З прыходам блакітнага паліва ў вёску моладзь пачне вяртацца ў родныя мясціны. На гэта спадзяюцца не толькі ўлады, а і вяскоўцы.
    Нарэшце, рэалізацыя праекта газіфікацыі вёсак Рыбнае і Заветнае з выкарыстаннем прыватных інвестыцый паклала канец манаполіі ў сферы газіфікацыі. Для развіцця эканомікі і грамадства — гэта таксама знакавы момант.
Аляксандр ЛАЗЮК.
Фота аўтара.