В Белицкой школе оборудовали специальное место для сбора отработанных батареек

Спецыяльнае месца для збору адпрацаваных батарэек абсталявалі ў Беліцкай школе. Ініцыятарам гэтай справы з’явілася педагог-арганізатар установы адукацыі Ірына Стайнова.

 Спачатку адслужыўшыя свой век элементы сілкавання складвалі проста ў поліэтыленавыя бутэлькі. 

«Калі назбіралася даволі вялікая колькасць, патэлефанавалі ў спецыялізаванае прадпрыемства г. Полацка. Прадстаўнікі фірмы самі прыехалі да нас і забралі батарэйкі. Да таго ж, абсталявалі спецыяльнае месца для далейшага збору гэтай другаснай сыравіны», — расказала Ірына Васільеўна.

За девятнаццаць кілаграмаў старых батарэек, якія здалі на перапрацоўку, на рахунак школы паступіла каля 200 рублёў.

Як бачым, гэта справа дастойная пераймання, бо карысць ад яе двайная. Па-першае, зберагаецца экалогія: адна пальчыкавая батарэйка, выкінутая ў смеццевае вядро, забруджвае цяжкімі металамі каля 20 квадратных метраў зямлі, а ў лясной зоне — тэрыторыю, на якой растуць два дрэвы, жывуць два краты, адзін вожык і некалькі тысяч дажджавых чарвякоў. Па-другое, немалаважнае значэнне мае і папаўненне школьнай касы пазабюджэтнымі сродкамі.

Таццяна БУРАКОВА.